

І сёння на Дошцы гонару завода нямала сумленных жанчын, якія працягваюць і прымнажаюць слаўныя традыцыі прадпрыемства. Гэта прасаўшчык сыру Ларыса Тупік, апаратчык пастэрызацыі Наталля Мініч, старшы майстар-тэхнолаг Таццяна Жлабовіч, юрысконсульт Святлана Заяц.
Уражанне ад жанчын Бераставіцкага масласырзавода заўсёды застаецца самае лепшае – гэта самадастатковыя і паспяховыя нашы сучасніцы.
Пасля значнай мадэрнізацыі, увядзення навейшых тэхналогій і, дзякуючы сучаснаму імпартнаму абсталяванню, праца на Бераставіцкам масласырзаводзе ўжо не такая цяжкая, як дзесяцігоддзі таму. На жанчын у беласнежных халатах прыемна паглядзець. І на вытворчасці яны ўмеюць заставацца прыгожымі. На маё пытанне, ці стамляюцца, ці цяжка ім, многія адказвалі так: “не вельмі”, “на іншым месцы сябе не бачу”. Усе яны зацікаўлены ў далейшым росквіце экспартаарыентаванай вытворчасці. Такія жанчыны ствараюць гонар нашай роднай Бераставіччыне.
Дырэктар Бераставіцкага масласырзавода Іван Блашко:
— Паважаныя дарагія працаўніцы!
Прыміце шчырыя словы павагі і ўдзячнасці за вашу сумленную працу! Разам з вамі мы забяспечваем сучасную перапрацоўку сыравіны па новых тэхналогіях. Вы папаўняеце нашу агульную скарбонку! Кожнай з вас няхай спадарожнічаюць моцнае здароўе, добры настрой, радасць, шчасце і ўдача! Усім працаўніцам нізкі паклон, няхай расце дабрабыт вашых сем’яў!



На здымках: працаўніцы масласырзавода.
Ніна Наддэ, фота аўтара