Жанчына з надзвычайнай жыццёвай энергіяй

Сельское хозяйство Человек и его дело

Перагортваю старонку настольнага календара і дзіву даюся. Дружа, ты не жартуеш? Сакавік! Пачакайце, а дзе пашарэлыя праталіны, лужыны, адлігі! Адсутнасць уласцівых гэтай пары года “дэкарацый” адчуваецца, як ніколі. Цікава, але ўсё часцей мы не чуем своечасова музыкі вясновага капяжу і не адчуваем свежасці сакавіцкіх вятроў. Здаецца, прыйшоў час мірыцца з такімі сюрпрызамі ды, як і заўсёды, чакаць, працаваць, час ад часу душою адгукаючыся на кожную новую праяву гэтай падарожніцы – вясны.

А між тым першы сакавіцкі дзень запомніўся мне надзычайна прыемным знаёмствам з брыгадзірам фермы “Грыцавічы” Людмілай Трахімік. Жанчына нарадзілася ў адзін з веснавых дзён. Невысокага росту, ху­дзенькая і са светлымі блакітнымі вачыма, яна, нібы тая пралеска, што прабіваецца праз пласт снегу насустрач цёплым промням сонца, таксама заўзята і з напорам абмінала ўсе жыццёвыя цяжкасці.
Увогуле, лёс Людмілы Іосі­фаўны непарыўна звязаны з Бераставіччынай, а ў прыват­насці, з вёскай Грыцавічы. Тут яна расла, тут адбывалася яе станаўленне як асобы, тут будавалася яе асабістае жыццё. Жанчына прызнаецца, што ніколі нават у думках не дапускае, што калі-небудзь пакіне гэтыя маляўнічыя мясціны. Гаворыць, што не гатовая змяніць жыццё на ўлонні прыроды на душную кватэру ў шматпавярхоўцы. Аднак падчас разважанняў адразу зазначае, што часамі і тут даводзілася цяжка.
— Маці Зінаіда Георгіеўна працавала даяркай і ўсю сябе прысвячала выхаванню траіх дзяцей – мяне і двух старэйшых братоў, — расказвае гераіня публікацыі. – Бацька шмат хварэў, а пасля поўнай страты зроку, яму быў патрэбны штодзённы догляд. Менавіта па гэтай прычыне пасля заканчэння школы мне давялося адмовіцца ад паступлення. Канешне, цяпер ёсць пэўнае шкадаванне, што так і не адчула сябе студэнткай адной з навучальных устаноў, але зараз гэты мінус перакрывае мноства плюсаў. Менавіта тут, на рэчцы, што цячэ непадалёку (паказвае ў бок рукою), прыемным летнім днём я пазнаёмілася са сваім будучым мужам Віктарам. Ён быў хлопцам з суседняга Свіслачскага раёна, таму часта прыязджаў сюды разам з сябрам, як зараз помню, на матацыкле “Восход” цёмна-сіняга колеру. Гэта цяпер я кіроўца з 20-гадовым стажам, а тады, напэўна, каб даверыць дзяўчыне ўпраўленне сваім транспартным сродкам, сапраўды трэба было адчуваць штосьці больш моцнае, чым звычайную сімпатыю (усміхаецца).
Пасля жаніцьбы маладыя жылі на радзіме мужа, а прыкладна праз год па сямейных абставінах вярнуліся назад, у Бераставіцкі раён, дзе і аселі.
— У сферы жывёлагадоўлі я з 1987 года, — працягвае аповед Людміла Іосіфаўна, — працаваць даводзілася з маленькімі дзецьмі на руках: старэйшая дачка нарадзілася ў 1985 годзе, а другой на той момант споўніўся толькі год. Адных малых дома не пакінеш, муж таксама працаваў, так і атрымлівалася, што брала іх з сабою. Пакуль тыя спяць, хуценька бегла выконваць свае працоўныя абавязкі. Нават дзіўна, як імкліва ляціць час. Даяркай на гэтай ферме адпрацавала дзевятнаццаць гадоў свайго жыцця, а адзінаццаць – брыгадзірам. І сёння я не толькі матуля траіх дзяцей, якія, дарэчы, таксама працуюць у КСУП “Пагранічны-Агра”: Юля – бухгалтарам па раслінаводстве, Наталля – юрыстам, Юра – электразваршчыкам, але і бабуля ажно пяці ўнукаў. Мая сям’я – мая апора, надзея і галоўная ўцеха.
Што датычыцца працоўных будняў, то пра іх жанчына гаворыць коратка і ясна. Галоўнае, адказна падыходзіць да выканання даручаных спраў і ўмець знаходзіць паразуменне з калектывам. А ён тут невялікі, калі раней працаваў 21 чалавек, то з аптымізацыяй працэсаў вытворчасці, 557 галоў, што ўтрымліваецца на аб’екце, цяпер абслугоўваюць толькі пяць – тры жывёлаводы і два начных даглядчыкі.
Працягваючы гутарку, даведваюся, што з надыходам вясны, якая абуджае да жыцця ўсё жывое, хутка прыбавіцца работы і ў маёй субяседніцы. Яна можа доўга і ў дробязях расказваць пра сваё любімае хобі – кветкі, якія запаланяюць не толькі ўласны прысядзібны ўчастак, але і тэрыторыю фермы. Шкада, што пакуль нябачна гэтай прыгажосці. Разам з адкрыццём гэтага факту цяпер я хоць ўяўляю, чым зможа займацца літаральна праз некалькі гадоў мая субяседніца, але сама пры гэтым разумею: такога энергічнага чалавека дома не ўтрымаць. Пры ўсёй сваёй далікатнасці, столькі ў ёй моцы і жывасці, што словамі не перадаць…

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *