“Еўрапейскае малако” АФ «Стары Дворац»

Лента новостей

Менавіта так кажуць пра малако класа “экстра”, таму што стандарты яго адпавядаюць еўрапейскім. Перапрацоўшчыкі вельмі зацікаўленыя ў такой сыравіне. У студзені гэтага года ў аграфірме “Стары Дворац” было здадзена гатункам “экстра” 100% малака! Дасягненне значнае і доўгачаканае. У мінулым годзе быў пакладзены пачатак гэтаму поспеху. Тады такой высакаякаснай сыравіны было 54,3%.
Калі я прыехала на комплекс, работа тут кіпела. Адпрацаваны зладжаны ланцужок, сапраўдны канвеер, калі агульны поспех залежыць ад канкрэтнага добрасумленнага ўкладу кожнага, не дае “расслабляцца”. А самае галоўнае, што працаўнікі зацікаўлены ў выніках сваёй работы. За гатунак “экстра” добра плацяць. Поспех натхняе людзей.
Крокі да такога значнага дасягнення прадпрымаліся раней. Прыязджаў кансультант фірмы “Вестфалія”, негр, які па словах жанчын, сказаў ім “шмат талковага”. Гутарка вялася пра дакладнае захаванне тэхналогій, што і прынята ва ўсім свеце. Гэта залог поспеху – не трэба займацца “вынаходнітвам веласіпеда”, вучоныя ўжо распрацавалі пакрокавую тактыку. Трэба толькі мець цярпенне і старанне ўсё як след выконваць.
Лабарант Ларыса Антонік (на верхнім здымку) раней сама трымала дзвюх кароў. Ведае, што добры догляд – важная складаючая паспяховай работы. Кажа, што навучылі яе дакладна правяраць сыравіну на Бераставіцкім масласырзаводзе.
— Шмат намаганняў прыйшлося прыкласці, пакуль змаглі атрымліваць малако “экстра”, прайшлі шмат праверак, — гаворыць спецыяліст. – Але затое зараз ужо ўсё адладжана. Стараюцца ўсе.
А ветфельчар Вольга Шылабод растлумачвае:
— Ніякіх асаблівых новаўвядзенняў няма. Самы звычайны працэс, як і ўсюды. Апрацоўваецца вымя каровы пасля даення, уручную дадойваюцца рэшткі малака. Гэта залежыць ад добрасумленнасці даярак. Раз у месяц правяраем кароў на схаваныя мастыты. Хварэць яны сталі менш.
Вельмі хваляць на комплексе аператараў машыннага даення. Напрыклад, Аліна Рыгосік і Жанна Рагель (на здымку ўнізе) маюць ужо немалы стаж работы. Заробкам задаволены. Кажуць, што пасля таго, як сталі атрымліваць “экстру”, зарплата значна паднялася. Яны добрыя мамы і гаспадыні.
Са святам 8 Сакавіка ўсіх працавітых жанчын! Няхай і далей ім спадарожнічае поспех!
Кампетэнтнае меркаванне
Іван Блашко, дырэктар Бераставіцкага масласырзавода:
— Мы ўдзячны аператарам машыннага даення і спецыялістам малочнатаварнага комплексу аграфірмы “Стары Дворац” за ўзаемапаразуменне і супрацоўніцтва. Мы прыязджаем туды, кантралюем санітарны стан, як вядзецца даенне, мыйка абсталявання. Нормы захоўваюцца, людзі добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Малако “экстра” – гэта вынік іх імкнення на новым комплексе працаваць па-новаму.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *