На мінулым тыдні ў магазіне “Прадукты” ў Вялікіх Эйсмантах прайшлі дэгустацыя і выстаўка-продаж хлебабулачных, кандытарскіх і каўбасных вырабаў, якія вырабляюцца на прадпрыемствах Бераставіцкага райспажыўтаварыства. На дэгустацыю было прадстаўлена звыш 50 відаў прадукцыі.
Як паведаміла начальнік аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства Таццяна Хілюта, добрыя водгукі пакупнікоў з пункту гледжання знешняга выгляду і смакавых якасцей атрымалі новы гатунак подавага хлеба “Радзівілаўскі”, хлеб “Тоставы” з ёдаказеінам, пляцёнка “Ароматная”, батон “Ванільны”, тарты “Белы танец”, “Мядовая пчолка”, “Салодкі арэшак”.
Пакупнікі Л.В.Халявік, Д.М.Калантай, Л.С.Марцінкевіч выказаліся ў падтрымку традыцыйнага хлеба, які называюць у народзе “кирпичиком”, подавых гатункаў хлеба “Індурскі” і “Вільня”, тартоў “Мужчынскі ідэал” і “Дэсерт для любімага”.
Былі выказаны таксама пажаданні наконт пашырэння асартыменту і выпуску новых гатункаў, у прыватнасці, бяздрожджавага хлеба.
Новыя віды хлебабулачных вырабаў, запэўніла Таццяна Аляксееўна, якія падабаюцца пакупнікам, будуць засвоены і паступяць у гандлёвую сетку раёна ў бягучым месяцы.
Сяргей ХІЛЮТА