Слова “дыспетчар” у маім паняцці заўсёды асацыіруецца з адказнасцю і важнасцю выконваемай ім работы. Яно бярэ свой пачатак ад англійскага “dispatch” – пасылаць, адпраўляць. Дыспетчары заняты ў самых розных галінах народнай гаспадаркі. Мабыць, ніхто не возьмецца аспрэчваць, што ад людзей гэтай прафесіі залежыць вельмі многае. Дастаткова ўзяць авіядыспетчараў. Для мяне яны ўяўляюць найвышэйшую ступень адказнасці за выкананне даручанай справы. Ім памыляцца нельга, бо ад іх дзеянняў залежыць лёс адразу соцень чалавечых жыццяў. Дыспетчар энергетычнай службы ў іерархічнай лесвіцы займае, вядома, значна ніжэйшую пазіцыю, але адказнасць і на яго ўскладаецца таксама немалая, нягледзячы на тое, што адпраўляць яму даводзіцца не самалёты, а аператыўна-выязныя брыгады.
— Ці бывае, што адразу некалькі аварыйных участкаў узнікае адначасова, — пытаюся ў Сяргея Іосіфавіча Германа, паказваючы на вялізную схему электрычных сетак раёна, якая размешчана на процілеглай сцяне і займае больш за 20 квадратных метраў.
— Вядома, бывае,- кажа Сяргей Іосіфавіч. –Выбіраць прыходзіцца тады самы адказны ўчастак і ў першую чаргу туды адпраўляць аператыўна-выязную брыгаду.У гаспадарках гэта заўсёды фермы, цяпер жа, у час жніва, — яшчэ і зернесушыльныя комплексы. У райцэнтры карыстальнікамі першай катэгорыі, або, прасцей кажучы, самымі важнымі, з’ўяўляюцца вузел электрасувязі, бальніца, птушкафабрыка. Хаця без увагі у нас не застаецца аніводны сігнал. Заяўкі мы атрымліваем як з прадпрыемстваў, арганізацый, сельгаскааператываў, так і ад насельніцтва.
У гэтай сувязі мне ўспомнілася зусім нядаўняя сітуацыя, калі ў нашым доме ў выхадны дзень раптам прапаў свет. Мы настолькі ўжо прызвычаіліся да яго, што нават некалькі гадзін адсутнасці электраэнергіі дастаўляюць вялікую нязручнасць. Першае, што прыходзіць у галаву ў такім выпадку – вядома, званок дыспетчару электрычных сетак. Так я і зрабіў. На змену тады толькі што прыйшоў С.І.Герман. Ён мне і растлумачыў, што ні на лініі, ні на падстанцыі ніякіх праблем няма, а пра нашу “бяду” ўжо далажылі дыспетчару РУП ЖКГ, маючы на ўвазе, што няспраўнасць трэба шукаць менавіта ў нашым доме, а гэта ўжо – кампетэнцыя камунгасаўскага электрыка. Прыйшлося на ўсякі выпадак пазваніць і туды, але на гонар тутэйшага дыспетчара, за што я падзякаваў ёй потым, электрык прыйшоў вельмі хутка і ліквідаваў няспраўнасць.
На электрычнай схеме, пра якую я ўпамінаў вышэй, Сяргей Іосіфавіч паказаў мне мноства кантрольных лямпачак, якія ў аварыйным выпадку загараюцца, а плюс да гэтага яшчэ ўключаецца і гукавая сігналізацыя. Дзякуючы такім надзейным прадказальнікам, дыспетчар чуе, што адбылося аварыйнае адключэнне, і дадаткова бачыць, дзе, на якім участку — канкрэтна.
-Найбольш часта збоі ў электразабеспячэнні вясной,- гаворыць Сяргей Іосіфавіч, — адбываюцца па віне буслоў, калі яны пачынаюць будаваць свае гнёзды на электрычных слупах, летам адключэнні адбываюцца з-за навальніц, а зімой з-за моцных маразоў, у выніку якіх лопаюць правады. –Усе выпадкі адключэнняў фіксуюцца ў аператыўным журнале. Запісваецца час, час выезду аператыўнай брыгады, а таксама што зроблена. Аб прынятых мерах дакладваецца начальніку дыспетчарскай службы, або адказнаму дзяжурнаму з ліку кіруючых работнікаў, у нерабочы час. А калі перабоі здараюцца ў электрычнай сетцы 10 Кв, аб гэтым інфармуецца яшчэ і аператаўна-дыспетчарская служба Гро-дзенскіх электрычных сетак. Так што ўсё, як бачыце, пад кантролем.
Вось тут я і зразумеў, што дыспетчар энергетычнай службы – гэта не толькі той, хто пасылае ў неабходнае месца аператыўную брыгаду, а яшчэ і арганізатар, на якога ўскладаюцца кантрольна-распараджальныя функцыі ў час адсутнасці кіраўніка, і, які нясе вялікую адказнасць за нармальнае функцыянаванне ўсёй сістэмы электразабеспячэння раёна.
Пры ўсім пры гэтым С.І.Герман, здалося мне, — вельмі просты чалавек. Калі я сфатаграфаваў яго ў дыспетчарскай, на рабочым месцы, і паказаў здымак, рэакцыя была такой: “Занадта важным я тут выглядаю, можа лепш дзе-небудзь каля падстанцыі сфатаграфавацца…” Але, як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека.
Усё сваё самастойнае жыццё Сяргей Іосіфавіч звязаў з электрычнасцю. Пасля заканчэння Кватарскай сярэдняй школы ў 1978 го-дзе (гэта быў апошні выпуск з сярэдняй адукацыяй) паступіў у Жыровіцкі тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Адслужыў у арміі, пару гадоў працаваў у Гродзенскім БМУ-4. А апынуўся ў Бераставіцкім раёне электрычных сетак, дзякуючы выпадковай сустрэчы з тагачасным іх кіраўніком У.Н.Дурніцыным.
-Мы былі ў камандзіроўцы тады ў 1984 годзе ў райсельгасхіміі. Прыехаў, памятаецца, да нас Уладзімір Нікіфаравіч, пацікавіцца, як ідзе работа, а калі даведаўся, што я родам з Бераставіцкага раёна, з Сыраежак, адразу запрасіў мяне да сябе на работу. Пацікавіўся наконт майго сямейнага становішча і, даведаўшыся, што справа ідзе да жаніцьбы, паабяцаў у хуткім часе забяспечыць жыллём. Доўга я не вагаўся, бо мая будучая другая палавіна працавала медсястрой у Вялікай Бераставіцы і, вядома, прапанова была мне на руку. Не надта, праўда, хацелі адпускаць мяне з БМУ – 4, але ў рэшце рэшт справа вырашылася, і ў тым жа годзе я пачаў працаваць электраманцёрам па эксплуатацыі размеркавальных сетак у Вялікай Бераставіцы. Адыгралі вяселле ў Сыраежках і ў Зэльвенскім раёне, адкуль была родам мая жонка Кацярына, а ў 1985 годзе нарадзілася наша старэйшая дачка, Алена. Яна, дарэчы, як і маці, працуе медсястрой у абласным раддоме. Першыя тры гады здымалі кватэру, а потым, як і абяцаў У.Н.Дурніцын, нам выдзелілі двухпакаёвую кватэру. Крыху пазней, калі нарадзілася наша малодшая, Святлана, атрымалі трохпакаёвую. Кіраўніцтва, як бачыце, клапацілася і цяпер клапоціцца пра нас. Заставалася толькі адказваць узаемнасцю, гэта значыць працаваць адказна, самааддана, прадуктыўна.
Менавіта такім Сяргей Іосіфавіч заўсёды імкнуўся быць. І гэта не заставалася непрыкмечаным. Праз чатыры гады работы электраманцёрам яго назначылі ў 1988 годзе майстрам. На гэтай пасадзе ён зноў праявіў сябе з лепшага боку і ў 1996 годзе С.І.Герман быў пераведзены на адказную пасаду дыспетчара , якую займае да цяперашняга дня.
-Многае змянілася з таго часу,- прызнаецца Сяргей Іосіфавіч. – Тады ў старым будынку электрычная схема была разы ў тры меншая за цяперашнюю. Не гаворачы ўжо пра адзіную камп’ютэрную сетку. Ніхто пра яе тады нават і ў думках не мог узгадаць. А сёння, дзякуючы ёй, усё, што адбываецца ў нас, можа ўбачыць дыспетчар і ў Гродне.
За час работы на пасадзе дыспетчара С.І.Герман неаднаразова атрымліваў падзякі ад свайго кіраўніцтва, узнагароджваўся граматамі Гродзенскіх электрычных сетак, РУП “Гроднаэнерга”. А ў гэтым годзе за шматгадовую добрасумленную працу яго імя занесена на раённую Дошку гонару.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара