Дынамічна нарошчваць выпуск прадукцыі – такую няпростую мэту ставяць у СВК “Пархімаўцы”. Калі ўзрастуць выручка і прыбытак, будзе і далей павышацца ўзровень жыцця працаўнікоў гаспадаркі. Можна ўкладваць сродкі ў далейшае развіццё вытворчасці, паляпшэнне ўмоў працы. Ад дынамічнага развіцця сельгаскааператыва залежыць таксама, ці будуць на гэтай зямлі заставацца маладыя – новая змена старэйшаму пакаленню.
А вынікі працы сведчаць аб тым, што справіцца з пастаўленай задачай земляробам удаецца. Парадаваў у гэтым годзе пархімаўскіх земляробаў рапс. Валавая вытворчасць гэтай выгаднай культуры дасягнула 1034 тон, а ўраджайнасць – 50 цэнтнераў з гектара. Гэта вельмі добры паказчык у параўнанні з іншымі на ўзроўні вобласці і рэспублікі.
Радуе таксама і тое, што ў гэтай гаспадарцы ў дастатку нарыхтавалі кармоў. Зараз нарыхтоўваюць кукурузны сілас, а сена назапасілі 210 тон – на 39 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. На 10 працэнтаў у параўнанні з мінулагоднім паказчыкам маюць сёлета больш і сенажу – 4874 тоны. Кармы якасныя, можна далей развіваць жывёлагадоўлю.
Выгадная вытворчасць малака. Нядаўна дзяржавай на яго былі павышаны закупачныя цэны. За 8 месяцаў гэтага года ў СВК “Пархімаўцы” такой запатрабаванай сыравіны атрымалі больш чым на 4 працэнты ў параўнанні з мінулагоднім такім жа перыядам. Надой на карову за 8 месяцаў – 4 тысячы 219 кілаграмаў, а вышэйшым гатункам здадзена 83 працэнты малака (плюс 3 працэнты).
Рост валавой прадукцыі жывёлагадоўлі дасягнуў 102,5 працэнта. На 16 працэнтаў павялічылася рэалізацыя мяса буйной рагатай жывёлы і свініны.
Гэты год “багатым” выдаўся і на новую тэхніку. На яе сапраўды грошай не шкадавалі. У сельгаскааператыве набылі зернеўборачны камбайн КЗС–12-18, кормаўборачны КВК–800, грузавую машыну МАЗ, энерганасычаны трактар МТЗ–30-22 і яшчэ два МТЗ– 82, пагрузчык “Амкадор”, два легкавых аўтамабілі, паўпрычэп, плуг, апырсквальнік. Інвестыцыі ў асноўны капітал узраслі на 68 працэнтаў. У СВК “Пархімаўцы” разумеюць, што ўкладванне сродкаў у новую тэхніку, вядзенне вытворчасці па сучасных тэхналогіях — гэта яшчэ і сапраўдны падмурак пад упэўненасць людзей у заўтрашнім дні. А зарплата па гаспадарцы ў параўнанні з 8 месяцамі мінулага года павысілася на 55 працэнтаў.
У СВК “Пархімаўцы” шмат добрасумленных людзей, якія ўносяць часцінку сваёй працы ва ўмацаванне эканомікі гаспадаркі.
Дастойны прадстаўнік мужчынскай прафесіі — Дзмітрый Бондар. За 10 гадоў працы ў гаспадарцы гэты чалавек заслужыў добрую рэпутацыю. Раней працаваў на “Кіраўцы”, МТЗ 12-21. Зараз вопытны механізатар працуе на трактары МТЗ – 30-22. Дзмітрый знайшоў на гэтай гасціннай зямлі сапраўдную другую радзіму. Тут сям’і далі жыллё, тут падрастаюць яго дзеці – сын і дачка. Увесь вольны час, якога не так шмат, прысвячае Дзмітрый блізкім людзям. Ён добры сем’янін і бацька.
А Мікалай Хілюта – малады механізатар. Выдатна, што моладзь хоча працаваць на зямлі. Ён з працоўнай дынастыі: бацька яго быў мясцовы трактарыст. Ён перадаў сыну любоў да тэхнікі, да сялянскай працы. Расказвае Мікалай, што добрую падрыхтоўку даў яму і майстар вытворчага навучання Бераставіцкага сельскагаспадарчага ліцэя Анатолій Сявец. Гэты настаўнік моладзі не толькі зарэкамендаваў сябе на Бераставіччыне як выдатны прафесіянал, але і як душэўны чалавек, таленавіты педагог. Колькім юнакам даў ён пуцёўку ў самастойнае жыццё! Ён не толькі стараўся перадаваць маладым свае прафесійныя навыкі, але яшчэ і ставіўся да іх па-бацькоўску, імкнуўся, каб навучэнцы любілі сваю справу, каб яна прыносіла ім і хлеб надзённы, і маральнае задавальненне.
Зараз Мікалай Хілюта ўбірае кукурузу на сілас. Камбайн магутны, спрыяла б толькі надвор’е!
Ёсць у гаспадарцы і працаўніцы, якія не толькі ўмела “вядуць дом”, выхоўваюць дзяцей, але і па — сапраўднаму любяць сваю работу. Іх уклад не менш важны, чым іншых. Даглядчыца жывёлы Марыя Сушко працуе на малочнатаварным комплексе “Даўбянкі”. Нагрузка на жанчыну немалая – яна даглядае 180 цялушак і бычкоў узростам ад 12 месяцаў. Працоўны дзень яе пачынаецца з сямі гадзін ранку. Пачысціць кармавыя сталы, праверыць, ці жывёла здаровая, пакарміць яе, падаслаць, і пры гэтым не ўся праца механізаваная, бывае нялёгка. А працэс паўтараецца два разы на дзень. Толькі чалавек, які любіць жывёлу, затрымліваецца ў жывёлагадоўлі.
Дом, які дала шматдзетнай сям’і Сушко гаспадарка, выглядае цудоўна! Колькі фантазіі прыклалі жонка з мужам, а таксама старэйшы сын Сяргей, сярэдняя дачка Таня і малодшая Дзіяна, каб тут жыло свята! Яркія кветкі радуюць вока на верандзе, на прыгожых клумбах. А яшчэ перад домам “жывуць” казачныя гномік, бабулька, буслікі.
На здымках: механізатары Дзмітрый Бондар і Мікалай Хілюта; даглядчыца жывёлы Марыя Сушко
Ніна Наддэ