Першыя сустрэчы з бібліятэкай, з бібліятэкарам пакідаюць у кожнага з нас свой адметны, запамінальны часам на ўсё жыццё, след. Лёс кнігі неадрыўны ад лёсу чалавека. Калі ён яшчэ маленькі, у доме з’яўляюцца казкі, пайшоў у школу—на стол кладуцца падручнікі. Захапіўся, скажам, тэхнічнай творчасцю — у асабістай бібліятэцы пачынаюць з’яўляцца кнігі па мадэляванню і канструяванню. І ўсё жыццё—і ў раннім узросце, і ў сталасці—чалавек звяртаецца да мастацкай літаратуры. А дапамагаюць яму ў гэтым бібліятэкі і, безумоўна, бібліятэкары. Уменне правільна зарыентаваць чытача ў вялікай колькасці інфармацыі — паказчык высокай якасці кваліфікацыі і культуры бібліятэчнага работніка.
Бібліятэкары Пагранічнай сельскай бібліятэкі Надзея Андрэеўна Кобрынец і Ірына Міхайлаўна Касцянка (на здымку) імкнуцца працаваць менавіта так, каб не пакінуць ніводнага чытача—ні маленькага, ні дарослага—без патрэбнай ім інфармацыі, каб чалавек выйшаў з бібліятэчных пакояў задаволены атрыманай літаратурай, карыснай парадай. Яны добра ведаюць інтарэсы мясцовых жыхароў, да кожнага чытача знойдуць індывідуальны падыход. А чытачоў у Пагранічнай сельскай бібліятэцы 1047 і з іх—320 дзяцей. Кніжны фонд складае звыш 12700 экземпляраў кніг.
Чатыры гады таму бібліятэка набыла статус бібліятэкі аграгарадка. А значыць быў пашыраны і пералік паслуг, якія прадастаўляе гэта ўстанова культуры. Цяпер тут дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі, створаны мультымедыйны цэнтр. Са з’яўленнем камп’ютара стала прасцей атрымліваць інфармацыю праз Інтэрнет. Да паслуг карыстальнікаў—прававая база “Эталон-WIN” і нарматыўна-прававыя дакументы. І ўвогуле паступова ў бібліятэцы аграгарадка ствараецца новая інфармацыйная прастора, якая дазваляе задаволіць разнастайныя запыты карыстальнікаў. Таму сёння бібліятэкар павінен не толькі ведаць сучасную літаратуру, але і валодаць камп’ютарнымі праграмамі, упэўнена арыентавацца ў патоку рознай інфармацыі.
Час бяжыць наперад. У бібліятэцы з’явілася магчымасць віртуальнага знаёмства з кнігай. Але ўсё-такі ніякі камп’ютар, ніякі віртуальны бібліятэкар не заменіць жывых зносін з кнігай, з разумным чалавекам, з якім можна проста пагутарыць аб кнігах. Бібліятэка—гэта найперш дом, дзе жывуць кнігі. А гаспадыні Пагранічнай сельскай бібліятэкі кожны дзень праз слова і кнігу пракладаюць сцяжынку да сэрцаў чытачоў. Мілыя, абаяльныя, творчыя жанчыны, што працуюць тут, падтрымліваюць у бібліятэчных пакоях асобую атмасферу ўтульнасці, прыгажосці, цеплыні і гасціннасці.
У кожнай з іх свой шлях у прафесію. Надзея Андрэеўна не адразу стала бібліятэкарам. Жыццёвыя абставіны прымусілі яе ў свой час карэнным чынам змяніць прафесійны напрамак. Яна працавала ў Цецяроўскім сельскім клубе і ўжо каля дзесяці год—бібліятэкар Пагранічнай сельскай бібліятэкі. А ўвогуле ў галіне культуры яе стаж—23 гады. Бібліятэчная ж справа стала справай яе душы. Надзею Андрэеўну паважаюць у аграгарадку, з ёю раяцца, да яе парад прыслухоўваюцца. Жанчына актыўна ўдзельнічае ў мясцовым грамадскім жыцці, спявае ў царкоўным хоры.
У Ірыны Міхайлаўны—свая гісторыя. Яна з дзіцячых і юнацкіх гадоў пасябравала з кнігай. Яе вабіла тая асаблівая таямнічая атмасфера, якая звычайна пануе ў бібліятэчных пакоях. Таму не вагалася ў выбары прафесіі. І бібліятэчны стаж Ірыны Міхайлаўны—ужо адзінаццаць гадоў.
Жанчыны адказна і сур’ёзна, а яшчэ з выдумкай, фантазіяй і творчым падыходам адносяцца да работы, якая за гэтыя гады стала для іх любімай. З 2006 года яны арганізуюць і накіроўваюць дзейнасць дзіцячага аматарскага аб’яднання “Дамавічок”, якое наведваюць вучні 3-5 класаў. Пад-трымліваюць супрацоўніцтва з культурна-асветніцкім цэнтрам імя Еўфрасінні Полацкай, які дзейнічае на базе Пагранічнай школы мастацтваў, з установамі культуры і адукацыі аграгарадка.
Каб прыцягнуць увагу мясцовых чытачоў да сацыяльна значнай, краязнаўчай, гістарычнай, эколага-асветніцкай і іншай адукацыйна-пазнавальнай літаратуры, бібліятэкары пастаянна наладжваюць кніжныя выставы і паліцы. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Маўклівыя сведкі гісторыі нашай”, “Вандроўкі ў родную мову”, “Бераставіччына—край мой любы”, “Святло роднай прыроды”, “У паэтычным сузор’і талентаў”, “Ззяе святлом праз цемру вякоў святое імя Еўфрасіння”, “На шляху стабільнага развіцця” ў рамках Года якасці і шэраг іншых.
Цяпер Надзея Андрэеўна і Ірына Міхайлаўна працуюць над тым, каб больш разнастаіць вольны час дарослых наведвальнікаў бібліятэкі. У чэрвені адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне аматар-скага аб’яднання “ДИВО” (дискуссии, интересные встречи, общение), створанага з мэтай клубнага супольніцтва дарослых чытачоў для творчых узаемаадносін, абмену вопытам па актыўнаму і здароваму ладу жыцця, знаёмства са сваімі захапленнямі. Бібліятэкары запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да гэтых творчых сустрэч, якія плануюць праводзіць штоквартальна.
Добры бібліятэкар павінен быць знаўцам не толькі кніг, але і людзей. Прымаць іх такімі, якія яны ёсць, размаўляць з імі на іх уласным узроўні, быць “на адной хвалі” і з дарослымі, і з дзецьмі, разумець і спачуваць праблемам суразмоўцы. Гаспадыням Пагранічнай сельскай бібліятэкі ўдаецца быць са сваімі чытачамі шчырымі, адкрытымі, камунікабельнымі. Можна смела сцвярджаць, што бібліятэкар для вясковага жыхара, гэта яшчэ і псіхолаг. Пачнецца гутарка з абмеркавання цікавай заметкі ў газеце, а скончыцца, бывае, задушэўнай размовай пра справы надзённыя. Нездарма ж пра бібліятэчных работнікаў прыгожа гаворыць вершаваны радок: “душ человеческих добрые лекари…”
Святлана Ганчарова,
фота аўтара