Душа адгукаецца паэтычнымі радкамі

Лента новостей Человек и его дело

Зоя Юрчык жыве ў аграгарадку Пархімаўцы. З выгляду гэта самая звычайная жанчына, якіх у нас большасць: ветлівая, працавітая і надзвычай сціплая. А між іншым мала хто з аднавяскоўцаў ведае, што Зоя Сцяпанаўна, якая дваццаць два гады адпрацавала жывёлаводам на ферме, – творчая асоба. Жанчына піша вершы. Толькі вузкае кола сяброў, былых калег, суседзяў у курсе яе паэтычных магчымасцей. Пры сустрэчы яны абавязкова цікавяцца – ці ёсць новыя вершы? Ведаюць, гэта будзе штосьці лірычнае, прыгожае, шчырае альбо вясёлае і сатырычнае – сапраўдныя замалёўкі  з жыцця.

Вершы Зоі Юрчык даслалі нам у рэдакцыю з Пархімаўскай інтэграванай сельскай бібліятэкі. На пытанне, чаму сваёй творчасцю жанчына не дзялілася з чытачамі “раёнкі” раней, Зоя Сцяпанаўна  шчыра адказала, што пісала больш для сябе і не лічыла свае вершы вартымі газетных старонак. Ну і дарма. Паэтычныя радкі жанчыны жывыя, трапяткія, каларытныя. У іх жыве душа аўтара.

Мая  вёсачка

Ледзь толькі сонца ўстане зранку,

І час ужо ўскорыць крок,

Пацягваецца кот на ганку

І з печаў падымаецца дымок.

Найбольшы клопат гаспадыням

Нагрэць вады, прынесці дроў,

Бялізну бруднай не пакінуць,

Зварыць абед, ды напячы бліноў.

Народ ў вёсцы не лянівы.

Тут кожны любіць працаваць,

Таму і каласяцца нівы,

Што аж вачэй не адарваць.

Вось школьнікі ідуць рухава

Ў школу веды набываць.

А малышня ў садзік жвава,

Пакуль што толькі пагуляць.

Пархімаўцы – гучыць лагодна.

Тут сэрцу любая зямля.

Яна даўно мне стала роднай,

Прыветлівая вёсачка мая.

І ўсё ж цяга да творчасці ўзнікла ў Зоі Сцяпанаўны не спантанна. Родам з Навагрудскага раёна, яна з дзяцінства складала вершыкі. У 6-м класе верш, напісаны дзяўчынкай на беларускай мове, настаўніца параіла даслаць у вядомы беларускі часопіс “Бярозка” для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. І яго апублікавалі!

Зоя сачыняла спачатку для школьнай насценгазеты, потым – для вучылішчнай. Дзяўчына паступіла ў Мінскае культурна-асветніцкае вучылішча на харэографа.  Вось так: ні больш, ні менш.

– Бацька хацеў, каб я падавала дакументы ў педвучылішча, – успамінае Зоя Сцяпанаўна. – Але мне падабалася сфера культуры, дзе ўсё так прыгожа, узнёсла, эстэтычна…

Як дзяўчына з Навагрудчыны апынулася ў Бераставіцкім раёне? Пасля заканчэння вучылішча яна, крыху парабіўшы ў мясцовым клубе, сустрэла сваё каханне: хлопец з суседняй вёскі Мікалай даўно запрыкмеціў Зою, якая ў мясцовай установе культуры заззяла яскравай зорачкай.

Прапанова пераехаць у Бе­раста­віцкі раён маладой пары паступіла ад сястры Мікалая, якая жыла ў райцэнтры. Так лёс закінуў сям’ю Юрчык у Пархімаўцы, дзе Мікалай уладкаваўся вадзіцелем у мясцовую гаспадарку, а Зоя стала працаваць мастацкім кіраўніком у сельскім клубе. Неўзабаве маладыя муж і жонка атрымалі жыллё, у сям’і нарадзіліся дачка Алена і сын Сяргей. Жыць у вёсцы падабалася.

– Вершы пісала для розных культурна-масавых мера­прыемстваў, сцэнарыяў, радкі нараджаліся самі, лёгка і проста, – расказвае Зоя Сцяпанаўна. – Я кіравала танцавальнымі гурткамі для дарослых і дзяцей, спявала ў вакальна-інструментальным ансамблі, фальклорнай групе. Дзесяць гадоў працавала ў клубе, потым чатыры гады была выхавальніцай у дзіцячым садку, дзе мае паэтычныя навыкі таксама прыйшліся да месца.

Мая Радзіма

Беларусь – дарагая Радзіма,

Усім сэрцам цябе я люблю.

Люблю каласістую ніву

І спевы жаўронка люблю.

На шахтах тваіх, на гіганцкіх

заводах

Усюды руплівая праца кіпіць.

Народ наш свабодны, не знаючы гора,

Спакойна ў светлае заўтра глядзіць.

Народ беларускі пратораным шляхам

Упэўнена, смела наперад ідзе.

Квітней жа, Радзіма, не знаючы страху,

Не знаючы гора ніколі, нідзе!

Сказаць, што жыццё маёй гераіні было бестурботным і лагодным, нельга. У сорак шэсць гадоў яна засталася без мужа – Мікалай рана пайшоў з жыцця з-за хваробы. Са смерцю мужа, які быў добрым чалавекам, з вачэй яшчэ зусім маладой жанчыны знікла гарэзлівая іскрынка.

– Пісаць вершы, спяваць доўгі час мне не хацелася, – з болем у сэрцы ўспамінае тыя бязрадасныя гады Зоя Сцяпанаўна. – Толькі вельмі асабістае  давярала паперы, і станавілася нібыта лягчэй на душы.

Магчыма, час усё-такі лечыць. Паступова жанчына, якая працавала ўжо на ферме (уладкавалася туды, калі захварэў муж і трэба было больш зарабляць), вярнулася да вершаскладання.

– На дні нараджэння калег я магла накідаць некалькі радкоў экспромтам,  – адзначае Зоя Сцяпанаўна. – Вершы нараджаліся, калі ўначы, бывала, не спалася. Душа адгукалася паэтычнымі радкамі на нейкія падзеі, на эпізоды з вясковага жыцця, на сустрэчы з  цікавымі людзьмі.

Пасядзелкі ля пад’езда

Ля пад’езда тры бабулі

Размаўляюць пра жыццё.

Што ўбачылі-пачулі.

Распірае пачуццё.

– Моладзь, во, пайшла не тая,

Распусціліся зусім.

Як ідуць – не прывітаюць,

Быццам, мы тут  не сядзім.

А як п’янага заўважаць –

Во, ізноў набраўся смоўж.

Потым гэта перакажуць

І ўпоперак, і ўздоўж.

Ох і цяжка таму будзе,

Хто на зуб ім пападзе.

Размалююць так на людзях –

Нізашто ён прападзе.

За што сварацца суседкі,

Яны ведаюць заўжды,

Прыкмячаюць вельмі метка,

Хто паехаў і куды.

Чый мужык пайшоў налева,

Нават знаюць да каго,

Дамагаюцца свайго.

Чыя жонка не ўмее

Ў хаце добра прыбіраць.

Або мужу не паспее

Ў час абед прыгатаваць.

Памяркоўна і разумна,

Доўга будуць гаварыць.

І было б нам вельмі сумна

Без такіх бабулек жыць.

Ёсць сцвярджэнне, што творчасць нясе вызваленне ад смутку і адзіноты, дорыць душэўны спакой і прагу жыцця. Жанчына з гэтым сцвярджэннем згодна.

Зоя Юрчык сем год як ужо на пенсіі. Яна шмат чытае ў мясцовай бібліятэцы, у тым ліку і кнігі на беларускай мове. На роднай мове, прызнаецца Зоя Сцяпанаўна, ёй і пішацца лягчэй, і трапных слоў для сваіх вершаў у беларускай мове жанчына знаходзіць больш.

З задавальненнем наведвае Зоя Юрчык і аматарскае аб’яднанне для пажылых “Суседачкі” ў філіяле па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы.

– Пасяджэнні праходзяць у нас цікава, весела, – дзеліцца ўра­жан­нем Зоя Сцяпанаўна. –Тут адпачываю душой. І тут чакаюць маіх новых вершаў.

Напярэдадні 8 Сакавіка жанчына прысвячае вершаваныя радкі ўсім жанчынам.

Любимым женщинам

По небу ярко-голубому

Плывут, как в сказке, облака.

И женщины похорошели –

Пришла любовь, пришла весна.

Любите женщин всех на свете,

И бабушек, и матерей.

От их сердец на всей планете

Становится теплей, светлей.

Родные наши, дорогие!  

Живите в радости, в цветах.

А благородные мужчины

Пускай вас носят на руках.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *