Другое нараджэнне школы

Актуально

На традыцыйнай лінейцы ў Канюхоўскай сярэдняй школе, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, якую, на жаль, з-за праліўнога дажджу давялося праводзіць не зусім у традыцыйнай абстаноўцы – на вуліцы, а ў спартыўнай зале, акрамя настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў прысутнічала многа гасцей. У іх ліку начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама А.І.Сягоднік, старшыня райвыканкама М.М.Сіцько, яго намеснікі С.Я.Чыкун і А.М. Рахуба, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Т.М.Аксаміт і многія іншыя. Такому візіту высокіх гасцей школа абавязана сваім другім нараджэннем.
У рамках праграмы будаўніцтва аграгарадка школа была таксама ўключана ў лік першачарговых аб’ектаў, якія павінны адпавядаць сацыяльным стандартам такога тыпу населеных пунктаў. Не паспелі яшчэ вясной скончыцца заняткі, як поў-ным ходам разгарнуліся тут рамонтныя работы. За адносна кароткі перыяд будаўнікі з “Гроднапрамбуда”, добра зарэкамендаваўшай сябе не толькі ў вобласці, але і за яе межамі арганізацыі, выканалі вялізны аб’ём работ.
І вось, у першы дзень новага вучэбнага года вучняў сустрэлі выдатна адрамантаваныя светлыя класныя пакоі з замененымі вокнамі і дзвярыма. Так і хацелася б зноў сесці за парту ў такім прыгожым класе. Але не толькі для самога навучальнага працэсу тут створаны такія выдатныя ўмовы. Добра паклапаціліся і пра тое, як дзеці будуць харчавацца. Капітальна адрамантаваную сталовую аснасцілі па самых сучасных мерках з улікам усіх санітарна-гігіенічных норм.
І яшчэ адна важная акалічнасць. У апошняй дэкадзе верасня ў будынак школы пераедзе дзіцячы сад. Для яго наведвальнікаў зроблены асобны ўваход. А ў прыгожых пакоях усё падрыхтавана ўжо да прыёму маленькіх гасцей.
Але вернемся зноў да лінейкі. Зразумела, што традыцыйны сцэнарый яе насіў двайны адбітак. Тэма пачатку новага навучальнага года цесна перапляталася з адкрыццём адноўленай школы як у пранікнёных словах вядучых Гражыны Рукша і Аляксандра Бурага, так і ва ўсіх выступленнях. Сардэчна павіншаваў вучняў, настаўнікаў, бацькоў з Днём ведаў і новым навучальным годам начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама А.І.Сягоднік. Ён адзначыў пры гэтым, што такі выдатны падарунак у выглядзе прыгожай адноўленай школы дзеці атрымалі дзякуючы намаганням як рэспубліканскіх, так і мясцовых органаў улады.
Цёплыя словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў у адрас педагагічнага калектыву і вучняў Канюхоўскай школы з нагоды новага навучальнага года прагучалі з вуснаў старшыні райвыканкама М.М.Сіцько. Ён разам з намеснікам А.М.Рахубам уручылі Ганаровыя граматы райсавета дэпутатаў і райвыканкама начальніку БУ 221 ААТ “Гроднапрамбуд” А.М.Віценьчыку і прарабу гэтай арганізацыі М.І.Лігеру за вялікі ўклад у аднаўленне школы.
Ад кіраўніцтва СВК “Макараўцы” намеснік старшыні па вытворчасці Р.І.Сілко і намеснік па ідэалагічнай рабоце А.М.Капіца ўручылі цэнны падарунак – ноутбук.
Словы падзякі ў адрас кіраўніцтва раёна, будаўнікоў выказаў дырэктар школы А.І. Шчука.
Нарэшце настаў самы ўрачысты момант цырымоніі. Старшыня райвыканкама М.М.Сіцько, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Т.М.Аксаміт і дырэктар школы А.І. Шчука перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. У добры шлях, адноўленая школа!
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *