Доўгачаканае вызваленне

80 лет Великой Победы Лента новостей

Сёння — знамянальная дата ў гісторыі Бераставіччыны. 75 гадоў таму наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Даніну павагі тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай малой радзімы, аддаюць сёння ва ўсіх кутках раёна. Да помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, да брацкіх магіл жыхары раёна ўскладаюць жывыя кветкі.
Роўна праз тры гады з пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”, у ходзе якой была вызвалена ўся тэрыторыя рэспублікі, у тым ліку і Бераставіччына. Доўгачаканае вызваленне прыйшло на бераставіцкую зямлю дзякуючы рашучым дзеянням войскаў 2-га Беларускага фронту.
Як сведчаць матэрыялы з раённай кнігі “Памяць”, за 12 дзён пасля вызвалення Мінска войскі 2-га Беларускага фронту з баямі прайшлі да 270 кіламетраў, фарсіравалі рэкі Моўчадзь, Шчару і Нёман, вызвалілі Навагрудак і выйшлі на подступы да Ваўкавыска – важнага пункта абароны праціўніка, які прыкрываў шлях на Беласток. 14 ліпеня пасля цяжкіх вулічных баёў савецкія войскі авалодалі горадам Ваўкавыскам, што мела выключна важнае значэнне для далейшых наступальных дзеянняў.
І вось 15 ліпеня воіны 120-й гвар­дзейскай стралковай дывізіі фарсіравалі раку Рось і, пераадолеўшы за суткі звыш 30 кіламетраў, падышлі да Вялікай Бераставіцы. Гітлераўцы здолелі падцягнуць да таго часу рэзервы і ўпарта абараняліся. Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз пад моцным агнём праціўніка былі вымушаны адыходзіць, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою падняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткай атацы 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. У тым баі маёр Лебядзінскі загінуў, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Вялікай Бераставіцы.
Жорсткія баі за вызваленне Бераставіцкага раёна ішлі і на працягу наступнага дня. Савецкія воіны выйшлі на ўсходні бераг ракі Свіслач, вызваліўшы такім чынам большую частку Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
“Заходні бераг Свіслачы на ўсім яе працягу ў Бераставіцкім раёне гітлераўцы пераўтварылі ў вельмі ўмацаваны абарончы рубеж, — гаворыцца ў матэрыяле “Вызваленне ішло з Усходу”, змешчаным у кнізе “Доўгія вёрсты вайны”. – “Ён меў тры-чатыры лініі траншэй з адкрытымі кулямётнымі пляцоўкамі праз кожныя 50-60 м. На лініі абароны месцамі былі ўстаноўлены драцяныя загароды, а на магчымых подступах да перапраў і танканебяспечных напрамках — мінныя палі. На ўзвышшы ў раёне мястэчка Крынкі праціўнік стварыў моцны вузел супраціўлення.
Нямецка-фашысцкае камандаванне выкарыстоўвала ўсе сілы, каб затрымаць далейшы рух наперад нашай арміі. У пачатку другой палавіны ліпеня яму ўдалося прывесці ў парадак рэшткі сваіх адступаючых войскаў, падцягнуць з глыбокага тылу і з іншых участкаў фронту некалькі злучэнняў і часцей і арганізаваць абарону”.
Тады, у ліпені 1944 г., па тэрыторыі нашага раёна праходзіла многа самых розных воінскіх падраздзяленняў. Нашы населеныя пункты ўпамінаюцца ў баявых данясеннях аж дзесяці стралковых дывізій. Вялікая і цана, якая заплачана за вызваленне бераставіцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
За ліпень толькі ў 250-й дывізіі страты асабовага складу склалі: афіцэраў — 122, сяржантаў — 291, радавых чырвонаармейцаў — 780 чалавек.
Усяго ў магілах на бераставіцкай зямлі пахавана звыш 870 чырвонаармейцаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Падрыхтаваў Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *