—так можна сказаць пра сям’ю Барцэвічаў з вёскі Макараўцы Макаравецкага сельсавета. У сям’і Алены і Леанарда Барцэвічаў выхоўваецца васьмёра дзяцей: тры хлопчыкі і пяць дзяўчынак. Старэйшая Юля ўжо вучыцца ў Польшчы, Віталік у гэтым годзе закончыў Макараўскую сярэднюю школу і будзе спрабаваць паступаць вучыцца далей. Астатнія дзеці, акрамя самай маленькай Вікторыі, яшчэ вучацца ў школе. Усе дзеткі дагледжаныя, вельмі добрыя, дружныя. Ужо з дзяцінства бацькі прывіваюць ім любоў да працы, павагу да дарослых.
Леанард Леанардавіч працуе трактарыстам у гаспадарцы, неаднаразова станавіўся пераможцам у спаборніцтвах сярод механізатараў. Алена — выдатная гаспадыня, вельмі добра шые, вяжа кручком і на прутках. Гэта захапленне перадала адной з дачушак, Ані. У яе ўжо атрымліваюцца вельмі сімпатычныя сабачкі, звязаныя кручком. Кожны з дзяцей мае свае абавязкі па ўборцы дома, па гаспадарцы. Трэба адзначыць, што гаспадарка ў іх вялікая. Трымаюць і карову, і свіней, і птушку. Гэта добрае падспор’е для мнагадзетнай сям’і.
Пры наведванні Барцэвічаў я была вельмі ўражана чысцінёй і парадкам, які там пануе, а яшчэ мноствам кветак як у доме, так і на вуліцы, вакол дома. Яны вельмі прыгожыя і дагледжаныя. Гаспадыня прызналася мне, што гэта яе хобі.
Нягледзячы на занятасць, бацькі знаходзяць магчымасць пабыць разам з дзецьмі ў Гродзенскім заапарку, адпачыць на лоне прыроды. Калі сям’я збіраецца разам, дом напаўняецца дзіцячымі галасамі і смехам. Здаецца, што нават сонейка ў гэты час свеціць інакш, больш ярка ад шчырых усмешак дзяцей.
А яшчэ мяне ўразіла тое, што бацькі не скардзяцца на няхватку грошай, не чакаюць дапамогі ад дзяржавы, яны проста выконваюць свой абавязак – выхоўваюць працавітых, чулых людзей, сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Гэта сям’я сапраўды заслугоўвае павагі і можа з’яўляцца прыкладам для іншых.