Доктар Антон Доха. Прайшоў, чынячы дабро

Из истории земли Берестовицкой Культура

IMG_1439Насупраць вёскі Жукевічы Эйсмантаўскага сельсавета пасярод поля знаходзіцца каплічка. Гэта капліца доктара Дохі. Яшчэ і цяпер, калі загаварыць пра Доху, у старэйшых людзей змякчаецца выраз твару і святлеюць вочы. Хто ж ён такі доктар Доха, і які след пакінуў на нашай зямлі?
Усяго ў Жукевічах жыло тры пакаленні Дохаў. Дзед доктара купіў тут зямлю. У свой час бацька яе прадаў, каб вывучыць дзяцей. Потым пасвіў агульных авечак. Вядома, што адзін з братоў доктара Дохі працаваў юрыстам у Варшаве, другі быў інжынерам, вядомым перад вайной спартсменам-матацыклістам. Абодва заўчасна памерлі.
Антон Доха нарадзіўся 13 чэрвеня 1894 года. Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Ажаніўся з Янінай Барташэвіч, якая была доктарам-педыятрам. У сярэдзіне 1920-х гадоў прыехаў працаваць на бацькаўшчыну.

Дом доктара Дохі
Дом доктара Дохі

На краю Жукевіч захаваліся рэшткі сядзібы Дохаў . Стары сад, вязавая алея. Хата, зробленая з саману (будаўнічы матэрыял з гліны з дабаўленнем саломы). У адной палове была кватэра доктара і прыёмны пакой, у другой — бальніца-стацыянар. Раней ля яе быў яшчэ адзін будынак – там знаходзіўся клуб і бібліятэка. Каля дарогі захаваліся падмуркі касцёла-капліцы. Дахі на будынках былі зроблены з саломы пад шчотку. З матэрыяльных слядоў жыцця доктара Дохі да нашых дзён дай­шло яшчэ кола ад рэнтгенаўскага апарата (знаходзіцца яно ў музеі Бераставіцкай паліклінікі) і рэцэпт, выпісаны яго рукой, які захоўваецца ў Луцкаўлянскім музеі.

На гэтым месцы стаяў дом Дохі ў Саколцы
На гэтым месцы стаяў дом Дохі ў Саколцы

Як лекар, Антон Доха карыстаўся самымі перадавымі на той час метадамі. У яго быў першы ў нашым краі рэнтгенаўскі апарат. Разам з жонкай яны арганізавалі сістэматычныя назіранні за дзецьмі школьнага ўзросту.
Пасля смерці брата доктар Доха моцна ўвераваў у Бога. У Жукевічах ходзіць легенда, што калі паміраў брат Антона, то ў пакой наляцелі чорныя птушкі невядомага навуцы віду і хаваліся пад ложак, у шафу, печ, а калі туды заглядвалі людзі, іх там не знаходзілі. Пасля смерці брата Антон пабудаваў невялікі касцёл, утрымліваў за свой кошт ксяндза. З гэтага часу Доха вельмі строга прытрымліваўся хрысціянскай этыкі і клятвы Гіпакрата.

Дом Блюмштэйнаў у Гродне
Дом Блюмштэйнаў у Гродне

Грошай доктар ніколі не збіраў. Сам жыў у глінабітнай хаце, крытай саломай. З бедных не толькі не браў грошай за лячэнне, але і яшчэ даваў на дарогу. Жыў для людзей. Адкрыў прытулак для старых і адзінокіх. Арганізаваў таварыства хрысціянскай моладзі. За свой кошт запрашаў у вёску інструктараў па сельскай гаспадарцы. Чытаў розныя асветніцкія лекцыі. Здольным дзецям дапамагаў атрымаць добрую адукацыю. Акрамя таго, арганізоўваў экскурсіі, стварыў клуб і публічную бібліятэку. Пры яго ўдзеле ставіліся розныя тэатральныя пастаноўкі – “камедыйкі”, у якіх і сам Доха іграў. “Што б мы, моладзь, ведалі без яго” – сказаў мне адзін жыхар Жукевіч.

Анэлія Станеўская
Анэлія Станеўская

Доктар Доха быў чалавекам разнастайных захапленняў. Такі трохі рассеяны, але ўнутрана засяроджаны інтэлігент. Расказвалі, што спяшаючыся на пасяджэнне згуртавання ці на лекцыю, мог забыць пра пацыента, пакінуць яго раздзетым у прыёмным пакоі. Любімае прыслоўе ў яго было: “А нех то д’яблі вэзмоў”.

вул. Яніны і Антона Дохаў у Сакулцы
вул. Яніны і Антона Дохаў у Саколцы

Аднойчы ноччу прыехаў да яго вельмі бедны чалавек – жонка была пры смерці. Ехаць трэба хутка, а конь слабы. Паслаў Доха па Антона Мікульскага, які выручаў яго ў такіх выпадках. Даехалі ўмомант. Пакуль доктар аперыраваў, Мікульскі ў сене спаў. Прачнуўся ён ад стуку: Доха раз­дзеты і аб дрэва трасе адзенне: “А нех то д’яблі вэзмоў, блохі заелі!” “Ну хто з дактароў вытрымаў бы ў гэтай хаце?” – гаварыў Антон Мікульскі. Калі доктар даведваўся, што хто ў вёсцы пасварыўся і да суда дайшло, ішоў да іх і ўладжваў спрэчкі так, што потым ворагі лепшымі сябрамі станавіліся.
У верасні 1939 года доктара мабілізавалі на фронт у складзе 202 палявога шпіталя. У 1939 – 1941 гадах ён працуе ў шпіталі ў Малой Бераставіцы, у 1941 – 1944 гадах — зноў ва ўласным шпіталі ў Жукевічах. Аказваў медычную дапамогу доктар як немцам, так і савецкім і польскім партызанам. З 1942 года дапамагаў мясцовым яўрэям. Спачатку знайшоў

Вул. 1 мая ў Саколцы
Вул. 1 мая ў Саколцы

прытулак для Алены Бібліёвіч (Шэвах) і яе сяброўкі Фані Гальперн (Любіч). Жанчын схавала сям’я Стэфаніі Стралкоўскай. Увесь час Доха штомесяц даваў Стэфаніі грошы на іх ўтрыманне. У 1943 – 1944 гадах пад апекай Антона і Яніны Дохаў знаходзіцца сям’я гродзенскага доктара Хайма Блюмштэйна – сам доктар, яго жонка Эстэр і сыны Алекс і Натан.
У сваіх запісках доктар Доха пісаў: “Я меў калегу, доктара Блюмштэйна з Гродна. Ён прасіў мяне аб выратаванні яго сям’і. Лёгка сказаць, а як цяжка выканаць. У выпадку няўдачы – верная смерць. Але ж ён быў мне калега. Мы нанялі нямецкі грузавік, які абслугоўваў мясцовы вадзіцель. Сям’ю Блюмштэйна паклалі на падлогу. Зверху накінулі рознае шмаццё, устанавілі разнастайнае абсталяванне і паехалі. Пасля першага паста нямецкай жандармерыі вадзіцель не вытрымаў псіхічна і прагнаў усіх з машыны. Дадому дабраліся пешшу”.
Спачатку Блюмштэйны хаваліся ў Дохаў, а калі стала небяспечна, то Блюмштэйнаў прыняла жыхарка Станявіч Анэлія Станеўская. У яе быў паралізаваны муж, і Доха мог, не выклікаючы падазрэнняў, часта бываць у Станеўскіх, дапамагаючы прадуктамі. Пазней да Блюмштэйнаў далучылася сям’я Бройдэ – Франя і Гілель. У сваім сведчанні для ізраільскага інстытуту Яд Вашэм

Касцёл у Саколцы
Касцёл у Саколцы

Хайм Блюмштэйн пісаў: “Доктар Доха апекаваўся цэлай групай паўтара года. Нягледзячы на небяспеку, адведваў нас, усцешваў, прыносіў лекі і даглядаў нас”. А вось сведчанне Алекса Блюмштэйна: “Станеўскія, ра­зам з сямнаццацігадовай кузінкай Аленай (пасля вайны — Занеўскай), давалі нам прытулак паўтара года да вызвалення ў ліпені 1944 года”.
Немцы падазравалі Доху і часта цягалі ў камендатуру, але не кранулі. Ад перажыванняў захварэла і рана памерла яго дачка.

Соколка, Доха 033
Соколка, Доха 033

Пасля вайны доктара пачалі цягаць у НКВД. Але кампрамат не знайшлі. Народ гарой стаяў за гэтага святога чалавека. У той жа час жыць пад пастаянным страхам было немагчыма, і ў 1945 годзе Антон Доха з сям’ёю выехаў у Польшчу. Пасяліўся недалёка, у Саколцы. Антон і Яніна Дохі многа зрабілі для арганізацыі службы аховы здароўя і ў Саколкскім павеце. Удзельнічалі ў арганізацыі шпіталя ў Крынках, дома састарэлых у Ружаныстоку, раддома ў Саколцы. У 1949 – 1952 гадах доктар Доха ўзначальваў павятовы шпіталь у Саколцы. Потым да 1960 года працаваў ардынатарам і рэнтгенолагам. Пасля 1960 года працаваў

Магіла Дохі і яго дачкі ў Саколцы
Магіла Дохі і яго дачкі ў Саколцы

прыватна. У сваім уласным доме арганізаваў харчаванне дзяцей з бедных сямей — па 10 дзяцей у дзень. На апошнія свае сродкі фундаваў мясцоваму касцёлу арган.
Памёр Доха ў 1979 годзе. На яго сціплай магіле ў Саколцы надпіс: ”Прайшоў, чынячы дабро”.

Шыльда на магіле
Шыльда на магіле

У Саколцы людзі майго і старэйшага пакалення памятаюць Дохаў. У 1996 годзе адна з новых вуліц была названа імем Яніны і Антона Дохаў.
У заключэнне хачу падзякаваць усім, хто ў свой час дапамагаў збіраць інфармацыю пра сям’ю Дохаў. У Беларусі гэта Браніслава Іядкоўская, Юзаф Іядкоўскі, Антон Мікульскі, Міхаіл Хомка, Тэрэза Спогар, Антон Пачобут, у Польшчы — сям’я Матчакаў, Кшыштаф Прамінскі і Крысціна Касюкевіч.
Леанід Калеснік,
настаўнік гісторыі Вялікаэйсмантаўскай СШ



2 комментария по теме “Доктар Антон Доха. Прайшоў, чынячы дабро

  1. Звесткаў аб тым, што Антон Доха працаваў у Вялікій Бераставіцы няма.Думаю, што не працаваў.У артыкуле я напісаў, што Доха працаваў у Малой Бераставіцы. У гэтым, я якраз не упэўнен.Напісаў таму, што карыстаўся польскай крыніцай, у цэлым, выклікаючай давер. Ведаю, што Доха працаваў пасля вайны у Індуры. Гэта я пераправерыў, знайшоў і людзей, якія з ім працавалі. Чуў меркаванне, што Доху перакідвалі са шпіталя ў шпіталь: Масаляны, Алекшыцы, Індура,(?)Малая Бераставіца.
    Чаму рэцэпт выпісан на Бераставіцкую аптэку? Можа была толькі адна на акругу, можа была лепшая. Думаю немцы кантраліравалі распаўсюджванне лекаў. Каб не трапілі да партызанаў.Ну і Доха быў вельмі папулярны лекар. Да яго прыязджалі лячыцца з ўсёй акругі, з Саколкі,Беластока. Старэйшыя людзі казалі, што нават з Варшавы.
    Прозвішча Кавалеўская вельмі цікавае. А імя Кавалеўскай не захавалася?
    Ці можна зрабіць копіі рэцэптаў?
    Л.Р. Калеснік.

  2. Цікава, ці працаваў Антон Доха ў Вялікай Бераставіцы? Справа ў тым, што ў сваёй калекцыі маю арыгіналы рэцэптаў з часоў акупацыі Вялікай Бераставіцы немцамі за подпісам Антона Дохі з 1943 і 1944 гг. На паперках наступныя надпісы па-нямецку і па-польску «Apotheke in Brzostowica Wielka. Zewnetrznе. Dr. Docha. 1944. 1 RM 60 Pf» і «Apotheke Erich Koch str. 34. Innerlich/Wewnetrzne. Dr. Docha. 1943. 5 RM». Зыходзячы з надпісаў у часы акупацыі ў Вялікай бераставіцы была вуліца Эрыха Коха. Пад нумарам 34 на гэтай вуліцы была аптэкаю. Абодва рэцэпты выпісаныя на прозвішча панны Кавалеўскайю.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *