Штогод у трэці аўторак верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень міру – дзень, які напамінае кожнаму з нас аб неабходнасці берагчы мірнае і спакойнае жыццё ў сваім доме, сваёй краіне і ва ўсім свеце. Цяпер гэта вельмі актуальная праблема: тэрарыстычныя акты забіраюць чалавечыя жыцці ў розных вугалках планеты, ваенныя канфлікты ўспыхваюць на розных кантынентах, можна нават сказаць, што ў свеце ідзе своеасаблівая неаб’яўленная вайна.
20 верасня ў Асізі (Італія) праходзяць мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір, на якія сабраліся прадстаўнікі розных рэлігій, палітыкі і дзеячы культуры. Да малітвы за мір у гэты дзень далучацца вернікі практычна ўсіх краін свету і Беларусі таксама.
Кожны з нас мае магчымасць унесці свой уклад у захаванне міру на зямлі праз дапамагу і падтрымку тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, патрабуе ўвагі і клопату. Нават праз такія “маленькія” на першы погляд справы адбываюцца змены ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, якія спрыяюць мірнаму і спакойнаму суіснаванню. Далучыцца да спраў дабрачыннасці можна праз удзел у праграмах Беларускага фонду міру, які на практыцы ўвасабляе ў жыццё ідэі гуманізму, міласэрнасці і спагады. Дзякуючы прыцягненню спонсарскай дапамогi i добраахвотных ахвяраванняў, арганізацыя праяўляе пасільны клопат і аказвае матэрыяльную падтрымку інвалідам, ветэранам вайны і працы, ахвярам аварый, стыхійных бедстваў і катастроф, дзецям-сіротам, цяжка хворым людзям, падтрымлівае адораных дзяцей і маладыя таленты.
Аб тым, на якія дабрачынныя праекты былі накіраваны сабраныя сродкі ў гэтым годзе, я пацікавілася ў старшыні праўлення Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Валянціна Арцюхевіча.
— Мы цесна супрацоўнічаем з установамі і арганізацыямі Бераставіцкага раёна, — расказаў Валянцін Аляксеевіч, — і тыя сродкі, якія ўдаецца сабраць, адразу накіроўваем на дабрачынныя справы. Напрыклад, у гэтым годзе раённая арганізацыя Беларускага фонду міру набывала дарагія лекі для лячэння дзіцяці-інваліда, падарункі для ўшанавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — членаў Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Традыцыйна Гродзенскім абласным аддзяленнем Фонду два разы на год прысуджаюцца ра-завыя стыпендыі ў памеры трох базавых велічынь школьнікам і студэнтам за дасягненне высокіх паказчыкаў у вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, уручаюцца Ганаровыя граматы і нагрудныя значкі. Сёлета гэтую прэмію атрымалі Мікалай Урбановіч і Алег Шавель, навучэнцы Бераставіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, Марат Шахбазаў, вучань Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, і Ксенія Камяк, вучаніца Алекшыцкай сярэдняй школы. Частка добраахвотных ахвяраванняў пайшла на набыццё заахвочвальных прызоў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу сачыненняў вучняў «Шчасце жыць у мірнай краіне», прысвечанага 55-годдзю Беларускага фонду міру, а таксама для ўдзельнікаў раённага конкурсу «Шматдзетная сям’я года-2016».
Арамя таго, актывісты раённай арганізацыі не застаюцца ўбаку ад значымых грамадскіх і палітычных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, у прыватнасці, прадстаўнікі Беларускага фонду міру былі вылучаны і ўключаны ў склад 13 участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Валянцін Арцюхевіч падзякаваў усім, хто супрацоўнічае з Беларускім фондам міру і прымае ўдзел у зборы грашовых сродкаў, якія накіроўваюцца на аказанне дапамогі тым, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы, а таксама на ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве.
Ірына МІКЛАШ