На працягу ўжо многіх дзесяцігоддзяў Беларускі фонд міру праяўляе клопат аб умацаванні міру, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі, дапамагае тым, хто мае ў гэтым першасную патрэбу.
І хоць эканамічная сітуацыя ў нашай краіне не з лёгкіх, тым не менш, фінансавую падтрымку дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага фонду міру працоўныя калектывы і асобныя грамадзяне Бераставіччыны аказваюць пастаянна. Гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць праз акцыі і мерапрыемствы Фонду дапамагчы тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі ці падтрымаць сацыяльна значымыя ініцыятывы.
Частка сабраных дабрачынных сродкаў у гэтым годзе была накіравана на набыццё медыцынскага абсталявання, а менавіта – прыбора светалячэння “Біяптрон” коштам амаль у шэсць мільёнаў рублёў, які быў перададзены Бераставіцкай ЦРБ якраз напярэдадні Дня медыцынскага работніка.
У ліку добрых спраў раённай арганізацыі Беларускага фонду міру яе старшыня А.У.Ігнатовіч называе таксама матэрыяльную дапамогу інваліду М.Ф.Якушу з аг.Пагранічны на замену вокнаў, дабрачынныя акцыі “Формула дзіцячай радасці” (падчас яе былі набыты люстэркі для дзіцячага сацыяльнага прытулку) і “На крылах жыцця”. Апошняя праходзіла ў рамках Тыдня здароўя, калі валанцёры “Добрага сэрца” перадавалі набытыя Фондам міру падарункі дзецям, якія знаходзіліся на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні Бераставіцкай ЦРБ, і выхаванцам Цэнтра карэкцыйна — развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Акрамя гэтага, за кошт раённай арганізацыі былі набыты падарункі пераможцам спартакіяды сярод прызыўнай і дапрызыўнай моладзі “Абаронца Айчыны”, раённай спартыўна – патрыятычнай гульні “Зарнічка” і турыстычнага злёту, прысвечанага Дню моладзі.
А.У.Ігнатовіч дзякуе ўсім, хто зрабіў пасільны ўклад у справу дабрачыннасці і спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва па ператварэнні ў жыццё ідэй гуманізму, міласэрнасці і спачування.
Ірына МІКЛАШ