Выхаваць у дзяцей імкненне зрабіць нешта добрае, прыемнае для другіх – адна з задач педагагічнага калектыва нашай установы адукацыі. Валанцёрскі атрад “Данка” існуе ў нашай установе пяць гадоў. Стаж работы невялікі, але дабрачыннай дзейнасцю нашы вучні пачалі займацца значна раней, калі ўваходзілі ў склад цімураўскага атрада “Сонечныя промні”. Затым яны вырашылі прадоўжыць сваю работу ў ролі валанцёраў. Цяпер гэта дружная і вясёлая каманда. Асноўная задача нашага атрада — аказанне маральнай, гуманітарнай дапамогі, падтрымка добрым словам, парадай і імкненне атуліць сваім цяплом тых, хто гэтага патрабуе. Валанцёры арганізуюць сваю дабрачынную дзейнасць так, што ў ёй прымаюць удзел не толькі вучні школы, але і іх бацькі, настаўнікі. Яны вызначылі кола асоб, якія найбольш патрабуюць дапамогі, — сіроты, інваліды, дзеці з няпоўных і шматдзетных сем’яў, дзеці, якія трапілі ў складанае жыццёвае становішча, не засталіся без увагі і ветэраны педагагічнай працы, адзінокія людзі, якія пражываюць у мікрараёне школы. Атрад таксама ўзяў шэфства над Макаравецкім домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў. Нашы валанцёры з’яўляюцца там жаданымі гасцямі. У выніку ўзаемаадносін з жыхарамі дома-інтэрната ў вучняў выхоўваюцца такія якасці, як абавязак, адказнасць, турбота, годнасць, спачуванне і міласэрнасць.
Менавіта ідэя ўсеагульнага ўдзелу ў акцыях была пакладзена ў аснову праекта “Крочачы сцяжынаю дабрыні”, які ў абласным завочным конкурсе праектаў “Псіхолага-педагагічная падтрымка дзіцяці ў 21 стагоддзі” быў адзначаны дыпломам I ступені, а валанцёры атрада былі запрошаны для ўдзелу ў канферэнцыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы. У 2013 годзе валанцёрскі атрад атрымаў дыплом III ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурса “Шляхам добрых спраў” у намінацыі “Крокі дабрыні”. Валанцёры ганарацца тым, што працуюць на карысць другіх, імкнуцца зрабіць жыццё іншых людзей лягчэйшым і цікавейшым.
У рамках праграмы “Ад сэрца да сэрца” атрад працуе з дзецьмі-інвалідамі, дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў. Валанцёры запрашаюць іх на святы, праводзяць гульні, збіраюць грашовыя сродкі, канцэлярскія тавары. Усё гэта робіцца бескарысна, ад чыстага сэрца, пры гэтым такая дзейнасць дастаўляе радасць не толькі дзецям, але і валанцёрам. Атрад цесна супрацоўнічае з раённым аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду. У лістападзе ва ўстанове адукацыі па ініцыатыве валанцёраў, праводзіўся дабрачынны кірмаш, у час якога дзеці рэалізоўвалі вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Гэта і выпечка, і вырабы з паперы, а таксама ўраджай са школьнага сада. Частка сабраных грошай пайшла на набыццё сродкаў асабістай гігіены, якія былі перададзены ў дзіцячы сацыяльны прытулак у Малой Бераставіцы. У выніку такой акцыі радасць адчулі ўсе – і валанцёры, і дзеці, якім дапамога была адрасавана.
У снежні валанцёрскі атрад актыўна ўключыўся ў рэспубліканскія акцыі “Цуды на Каляды” і “Нашы дзеці”. Пераапрануўшыся ў казачных герояў, валанцёры стварылі для дзяцей і дарослых атмасферу сапраўднага зімовага свята. Удзельнікі акцыі падрыхтавалі навагоднія сюрпрызы – мяккія цацкі, кнігі, і, вядома, прысмакі.
На ліку атрада ўжо немала добрых спраў. Нашым дзецям падабаецца дзяліцца цяплом з тымі, каму яно асабліва патрэбна. Няхай свет азарыцца ўсмешкамі і шчаслівымі тварамі дзяцей і дарослых, якім валанцёры разам з падарункамі і віншаваннямі дораць кроплю свайго сэрца. А сумяшчаць прыемнае з карысным – гэта цудоўна. Спяшайцеся рабіць добрыя справы!
Алена Будніцкая, намеснік
дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы