Добраахвотнае пагадненне Аляксандра Хадкевіча

Из истории земли Берестовицкой Культура

Alaksandar_Chadkievič.Шматтомнае выданне “Метрыка Вялікага княства Літоўскага” – важная крыніца па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны xiv-XVIII ст. Напрыклад, у кнізе запісаў №30 за 1480-1546 гг. (Мінск, 2008) можна даведацца аб падзеях на Бераставіччыне ХVI стагоддзя і пра яе першага ўладальніка Аляксандра Хадкевіча (1475 – 1549). У гэтую кнігу запісана “Зознане (засведчанне) перад яго каралеўскай міласцю Жыгімонтам Аўгустам добраахвотнага пагаднення паміж ваяводам наваградскім, старастам берасцейскім Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам і баярамі Гарадзенскага павета Ясютам і Андрэем Габяцічамі аб перадачы ім шэрагу зямель, балот, сенажацяў каля ракі Свіслач і ўрэгуляванні канфліктаў у маёнтку Хадкевіча Бераставіца і пушчы Цяцераўскай”. Гэты запіс у канцэлярскай кнізе на старабеларускай мове датаваны 23 сакавіка 1546 года.
Кароль запрасіў да сябе ваяводу наваградскага А.І. Хадкевіча і баяраў гарадзенскіх Габяцічаў на размовы аб правах “на гвалтоўныя дзеянні, баі, грабяжы, паджогі і іныя шкоды” на зямлі гаспадарскай. З размовы ўстаноўлена, што “пан ваявода наваградскі з людзьмі іменія сваяго Бераставіцкага здзяйсняў набегі зпусташальныя ў пушчы Цяцераўскай “. У межах гэтай пушчы былі землі баяраў Габяцічаў. Там яны трымалі свой млын, сенажаці і коней. Пажары і грабяжы з боку людзей маёнтка Бераставіца нарадзілі канфлікт. Ясюта і Андрэй Габяцічы абвінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях пана ваяводу наваградскага і яго людзей. Аляксандр Хадкевіч – пан мудры, у свае 70 гадоў стаяў на дзяржаўнай службе, выконваў абавязкі маршалка гаспадарскага, пайшоў на ўступкі. Ён прапанаваў баярам Габяцічам добраахвотнае пагадненне аб перадачы ім і іх нашчадкам на вечнае карыстанне зямлі, балота і сенажаці каля ракі Свіслач і яе прытока Цішоўка. Зараз частка зямель Габяцічаў належыць Польшчы (веска Габяты) і Бераставіцкаму раёну (вёска Цецяроўка).
Пагадненне прадугледжвала, што на дараваныя землі Габяцічаў пан А.І. Хадкевіч, яго нашчадкі і яго людзі бераставіцкія “ничимъ ся ступовати и никоторые переказы тамъ имъ чынити не мають” .
Што датычыцца пушчы Це­ця­роўскай, то яна належыць па­ну ваяводзе А.І. Хадкевічу. І гарадзенскія баяры Габяцічы і іх патомкі хадзіць у пушчу не павінны, акрамя той дарогі, якая вяла праз Цецяроўскую пушчу да млына Габяцічаў. Гарадзенскім баярам прадпісвалася вярнуць чацвёра скрадзеных каней лю­дзям бераставіцкім на працягу двух тыдняў.
Выгаднае для абодвух бакоў пагадненне ваявода Аляксандр Хадкевіч і баяры Ясюта і Андрэй Габяцічы перадалі каралю Жыгімонту Аўгусту на зацвярджэнне. Кароль яго зацвердзіў 23 сакавіка 1546 года і ў канцэлярскай кнізе зарэгістраваў.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ, паводле “Метрыкі ВКЛ”



1 комментарий по теме “Добраахвотнае пагадненне Аляксандра Хадкевіча

  1. Артыкул, які надрукаваны вышэй, не гледзычы на сваю сціпласць і невялікі аб’ём, цікавы і заслугоўвае ўвагі. Кожны даследчык гісторыі ведае, што такое вырваць з нейкіх дагэтуль невядомых крыніцаў кроплю каштоўнай інфармацыі і давесці яе да чытача. Дзякую аўтару. Задаволены з таго, што на сённяшні дзень склалась своеасабістае кола даследчыкаў (аматараў) гісторыі Бераставіцы/Бераставіччыны. Спадзясюся, што з года ў год будзем паднімаць усё новыя і новыя, больш невядомыя пласты нашай гісторыі.
    З павагай аўтар артыкулу » Як будавалі клуб…»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *