Для работнікаў культуры – з удзячнасцю і прызнаннем

Актуально Культура

3 5 6 7 8 9 10 12 13 19 20 21 22 23 24 26 27 28 30 31 32 33 38 42Толькі ў чацвер, 22 кастрычніка, работнікі культуры змаглі выкраіць час сярод шматлікіх святочных мерапрыемстваў, каб зладзіць свята і для сябе. У канцэртнай зале Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сабраліся прадстаўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў галіны культуры раёна. Менавіта для іх, чыя прафесія – дарыць радасць людзям, у гэты дзень са сцэны гучалі словы ўдзячнасці і прызнання за высакародную самаадданую працу, прысвячаліся прыгожыя вершы і песні.

…Круізны лайнер “Прызнанне” разм з Боцманам і Юнгай здзяйсняе кругасветнае падарожжа па бязмежных прасторах мастацтва і культуры. На борце карабля – і прафесіяналы сваёй справы, і тыя, хто толькі ўпершыню адправіўся ў вандроўку па моры творчасці. Яны не баяцца ні моцных штормаў, ні лютых бураў, і штыль ім толькі сніцца, але любоў да свету прыгажосці і тонкая ўспрымальная натура не дазваляе сысці з абранага курсу. Так, у алегарычнай форме, але вельмі праўдзіва і трапна ў канцэртнай праграме прагучала думка аб галоўным прызначэнні прафесіі работнікаў культуры.
Якое ж свята без віншаванняў? Са словамі ўдзянасці за працу, у выніку якой больш разнастайным становіцца вольны час насельніцтва, раскрываюцца творчыя здольнасці дзяцей і моладзі, да прысутных у зале звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык. Ён уручыў Ганаровую грамату райвыканкама – народнаму інструментальнаму ансамблю “Вереск” настаўнікаў Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ; Грамату райвыканкама – настаўніцы Бераставіцкай ДШМ Ірыне Дарашкевіч і загадчыцы філіяла “Пагранічная сельская бібліятэка” Надзеі Кобрынец; Падзячныя лісты – старшаму навуковаму супрацоўніку Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Яўгену Волкаву і вакальнай групе “Альтанка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Макараўцы.
Работнікам клубнай сістэмы, музейным работнікам, бібліятэ­карам, педагогам школы мастац­тваў, кіраўнікам народных і ўзор­ных калектываў і аматарскіх аб’яд­нанняў, народным майстрам і ўмельцам, удзельнікам аматарскай творчасці, ветэранам прафесіі, а таксама “байцам нябачнага фронту” – работнікам цэнтралізаванай бухгалтэрыі, гаспадарчай групы і абслугоўваючага персаналу выказала ўдзячнасць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч. Яна пажадала работнікам культуры моцнага здароўя, падтрымкі родных і блізкіх, матэрыяльнага дастатку, а таксама бліскучых творчых праектаў і нетрадыцыйнага рашэння пастаўленых задач. Алена Уладзіміраўна ўручыла Ганаровыя граматы аддзела мастацкаму кіраўніку філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац Алене Бутрыла і загадчыцы філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Аксане Кумпель. Граматы і Падзячныя лісты аддзела атрымалі Ілля Худзякоў, Данута Барташэвіч, Аляксандр Марозік, Антон Бажко, Наталля Жалязоўская, Дзмітрый Місюля і аматарскае аб’яднанне “Прамень” сельскага клуба сацыяльна-культурных паслуг в.Пыхоўчыцы.
Падчас канцэртнай праграмы адбылося традыцыйнае ўшанаванне маладых спецыялістаў, якія сёлета па накіраванні прыступілі да работы ў нашых установах культуры. Ганна Жук – загадчыкам філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Пагранічны і Андрэй Русілка – настаўнікам па класу духавых інструментаў Бераставіцкай ДШМ. З наказам да іх звярнулася былы загадчык аддзела культуры Ганна Геда, стаж работы якой на пасадзе кіраўніка – 24 гады, а ўвогуле ў сферы культуры – 47 гадоў. Да слова, у зале прысутнічалі ветэраны культуры, якія ўнеслі значны ўклад у справу прымнажэння і захавання культурнай спадчыны раёна. Іх віталі кветкамі.
Добры настрой, шмат пазітыўных эмоцый і прыемных уражанняў падарылі калегам артысты Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама дзеці работнікаў культуры.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *