“Дзіця, чытанне, бібліятэка”

Лента новостей

Нягледзячы на ўпэўненае ўкараненне мультымедыйных рэсурсаў, інтэрнет-тэхналогій, шматлікі паток візуальнай інфармацыі, чытанне і бібліятэка па-ранейшаму з’яўляюцца галоўным сродкам фарміравання духоўнай культуры, інтэлектуальнага развіцця, формай камунікатыўнай пазнавальнай дзейнасці. Станаўленне асобы пачынаецца з дзяцінства, і ў гэтым сэнсе вялікая роля адведзена бацькам, выхавацелям, настаўнікам і, безумоўна, бібліятэкарам.
Чалавецтва за ўвесь час свайго існавання не прыдумала лепшага спосабу для развіцця інтэлекту, чым чытанне. Яно станоўча ўплывае і на развіццё, і на выхаванне, садзейнічае ўзаемаразуменню бацькоў і дзіцяці. Але размова можа весціся аб тых дзецях, якія ўжо пазнаёміліся з бібліятэкай, сталі чытачамі, адчулі асалоду ад чытання, разумеюць сэнс прачытанага. А першапачатковае захапленне чытаннем, вядома, закладваецца ў сям’і, прыходзіць з першымі дзіцячымі кніжкамі, побач з бацькамі, якія самі чытаюць і разумеюць выхаваўчую ролю бібліятэкі. Менавіта ў асяроддзі чытаючай сям’і фарміруецца ў дзіцяці патрэба ў чытанні. На гэтым шляху існуе шмат перашкод. Многія бацькі сёння часцей за ўсё заняты сваімі надзённымі праблемамі, а дзеці ў гэты час цягнуцца да іншых відаў дзейнасці—больш лёгкіх і захапляльных (віртуальных, электронных), якія перанасычаны баявікамі, трылерамі. Паўстае праблема: як абараніць дзяцей ад субкультуры, як захапіць іх карысным чытаннем, паказаць перавагу бібліятэкі ў развіцці і станаўленні асобы чалавека? Бо, як даводзіцца назіраць, сёння чытанне часта адыходзіць на апошні план.
Вядома, ёсць камп’ютарныя гульні, якія развіваюць дзіцячую творчасць, фантазію, кемлівасць, вучаць асновам навук. Гэта, напрыклад, адукацыйныя і навучальныя праграмы. Але празмернае захапленне імі, як заўважана, зніжае чытацкую актыўнасць дзіцяці і часта шкодзіць яго здароўю. У малодшых школьнікаў адсутнічае стабільная звычка да чытання. У падлеткаў чытанне займае толькі пятае месца сярод заняткаў, якім яны прысвячаюць свой вольны час. Дзеці, якія шмат часу праводзяць перад тэлевізарам ці за камп’ютарам, уваходзяць у свет чытання больш нецярплівымі і няўважлівымі. З’явіўся “лянівы чытач”, якому лягчэй прагледзець кнігу, малюнкі, азнаё-міцца з коміксамі, дзе больш ілюстрацый, чым тэксту. Чытанне для такіх дзяцей — “цяжкая работа”, яны больш прызвычаіліся да забаўляльнай інфармацыі, а не да паслядоўнага чытання.
Практыка сведчыць, што бібліятэкі валодаюць базавым матэрыялам для выкарыстання візуальнай інфармацыі, якая непасрэдна ўплывае на чытанне, і звязана з чытацкай дзейнасцю. Станоўчай з’явай стала стварэнне пры бібліятэках медыя-тэк, якія дазваляюць зрабіць формы абслугоўвання дзіцячага чытача больш разнастайнымі і забаўляльнымі. Не выключэнне ў гэтым плане і раённая дзіцячая бібліятэка, дзе паступова ідзе накапленне электронных носьбітаў з шэрагам энцыклапедый па розных тэматыках, мастацкай і навукова-пазнавальнай літаратуры, іншай інфармацыі. Мы, бібліятэкары, імкнемся прапаноўваць сваім юным наведвальнікам новыя формы работы з кнігай, арыентаваныя на сучасныя ўмовы жыцця і прызваныя стымуляваць дзяцей да чытання. Гэта не толькі пастаянна дзейнічаючыя агляды і дэманстрацыя праз выставы літаратурных і перыядычных навінак, але і разнастайныя конкурсы чытальнікаў, вызначэнне і заахвочванне актыўных чытачоў, тэматычныя сустрэчы і гутаркі са школьнікамі, запрашэнне іх да творчасці і асветніцкая дзейнасць праз удзел у аматарскіх аб’яднаннях, створаных пры дзіцячай бібліятэцы. Аматарскае аб’яднанне “Экалагічны буквар” паспяхова дзейнічае ўжо шмат гадоў. А сёлета для ўсіх жадаючых пачаткоўцаў свае дзверы расчы-ніла новае аматарскае аб’яднанне эстэтычнага напрамку “Люстэрка”. Хацелася б, каб і бацькі больш актыўна арыентавалі дзяцей на неабходнасць чытання. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам наблізіцца да вырашэння праблемы:дзіця, чытанне, бібліятэка.
Аксана Кумпель,
загадчыца дзіцячай бібліятэкай-філіяла Бераставіцкай РЦБС



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *