Дзіцячы дом у Старым Дворцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

1Сёння, напэўна, ужо мала хто ведае аб ім. Ды і мне аб гэтым дзетдоме расказвала Анастасія Аляксандраўна Хілюта, гадоў пятнаццаць, а можа і болей таму назад. Яна сама працавала ў гэтай установе, а потым многа гадоў была галоўным бухгалтарам у калгасе “Перамога”, цэнтрам якога была увесь час вёска Стары Дворац. Хацелася напісаць аб гэтым раней, ды пэўныя сумненні стрымлівалі мяне: дзе дакументальны доказ гэтаму? А не так даўно я яго адшукаў у Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці.
У студзені 1945 года выканкам абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў пастанову аб арганізацыі дзіцячых дамоў у некалькіх раёнах вобласці. У дакуменце адзначаецца: “…в связи с большим количеством детей, потерявших родителей в годы Великой Отечественной, и теперь не имеющих ни жилья, ни трудовых навыков, и для обеспечения их содержания, воспитания и обучения за государственный счёт организовать детские дома в пяти районах области…». І далей пералічваюцца раёны, у тым ліку і Бераставіцкі, у якіх неабходна арганізаваць дзіцячыя дамы. У нашым раёне — на базе маёнтка ў Старым Дворцы – на 100 дзяцей.
Як успамінала Анастасія Хілюта, былы палац памешчыка Тадэвуша Бутаўт-Анджайковіча (на здымку) не паспелі толкам і адрамантаваць, нават не ва ўсе вокны паставілі шыбы, як у маі-чэрвені пачалі прыязджаць педагагічныя кадры з Усходняй Беларусі, нават з Расіі, а неўзабаве сталі паступаць і дзеці-сіроты: мурзатыя, з гнойнымі ранамі на целе, хто ў стоптаных чаравіках або ў салдацкіх ботах, часцей за ўсё — у салдацкіх гімнасцёрках і зашмальцованых ватніках… Яны падазрона, а некаторыя нават варожа глядзелі на дарослых, шмыгаючы носам і тут жа выціраючы яго рукавом.
Пяць прыезджых падлеткаў адразу ж заявілі: “А мы ўсё роўна збяжым на фронт”. І збеглі…
Становішча і дзяцей, і выха­вацеляў у дзетдоме было нялёгкае. Напэўна, уплывала і тое, што дзетдом размясцілі ў непрыстасаваным будынку, і, канечне, у раённых уладаў, мусіць, да яго не даходзілі рукі, бо клопатаў у іх было і так шмат. Патрэбна было арганізоўваць выкананне планаў па лесанарыхтоўках і лесавывазках, і своечасовую здачу сялянамі мяса, малака, збожжа, сена, праводзіць калектывізацыю (дарэчы, усё гэта вялікім цяжарам лажылася на плечы ў асноўным сельскіх жыхароў), забяспечваць палівам школы, бальніцы, прадпрыемствы і арганізацыі, кантраляваць іх работу.
І ўсё ж такі выканкам райсавета дэпутатаў працоўных вымушаны быў звярнуць увагу на бедалажны стан дзетдома. 26 лістапада 1946 года на пасяджэнні выканкама заслухана справаздача дырэктара гэтай установы А.М. Зарукаева. У прынятай пастанове адзначаецца “…что детский дом не подготовлен к зиме. Не заготовлены дрова и торф на отопительный сезон, не отремонтировано здание, отсутствует прачечная и баня, склад для топлива, дезкамеры и даже уборная.
Не хватает столов, шкафов, тумбочек, умывальников, коек, вешалок, скамеек. Не достаёт постельного белья и матрасов. Обувь детей пришла в негодность… За приниженный контроль за работой детдома заведующему районо Фролову А.М. объявить выговор…”.
Аказваецца, і грошы на ўсё гэта былі выдзелены дзяржавай, але імі не ўмелі дбайна, па-гаспадарску распарадзіцца.
Гаротнае становішча дзетдома стала вядома жыхарам раёна і многіх закранула да глыбіні душы. Як расказвала Анастасія Хілюта, адгукнуліся ў першую чаргу жыхары бліжэйшых вёсак: Лявонавічаў, Вараноў, Каленікаў. Прыносілі і да гэтага розныя рэчы выхаванцам, але не так дружна. А пасля гэтай праверкі ўсхадзіліся вяскоўцы: у многіх жа на вайне загінулі сыны, мужы, бацькі… Неслі хлапечае адзенне і абутак, кавалкі сала (праўда, невялікія, бо і самім не хапала: сем’і былі шматлюдныя ды і дзяржаве патрэбна было здаваць), таксама прыносілі торбачкі з гарохам, фасоляй, грэчневай і ячневай крупамі. Прыносілі і бульбу, боханы хлеба, збаны малака і нават сушаныя грыбы, квашаную капусту і салёныя агуркі.
Вялікі рэзананс выклікала і пісьмо дырэктара дзетдома, апублікаванае 18 чэрвеня ў раённай газеце “Знамя Советов”. Ён прасіў раённыя ўлады дапамагчы набыць яшчэ аднаго каня, бо ў дзетдоме была параконная фурманка, а конь быў толькі адзін, а таксама прасіў выдзеліць участак зямлі для пасадкі агародніны і звяртаўся да насельніцтва з просьбай перадаваць дзецям пасцельныя прыналежнасці і пісьмовыя прылады. .
Адклікаючыся на пісьмо, камсамольцы з в.Вайцехаўшчына (калгас “1–ае Мая”) самі звязалі з авечай воўны рукавічкі, шапачкі, шкарпэткі выхаванцам дзетдома. Галынкаўская камсамольская арганізацыя (сакратар былы франтавік, настаўнік мясцовай школы Яўгеній Кажамякін) перадала 150 кг аўса і 100 кг жыта. Школьнікі і настаўнікі Спудзвілаўскай пачатковай школы пераслалі пісьмовыя прылады, даматканае белае кужэльнае палатно на ручнікі і прасціны, а таксама каляровыя льняныя дзяругі, якія ўжываліся замест коўдраў.
24 лютага 1947 года раённая газета апублікавала інфармацыю, што Бераставіцкі пасялковы жаночы савет уручыў 72 выхаванцам дзіцячага дома асабістыя падарункі. Актыўны ўдзел у зборы ахвяраванняў на падарункі прынялі дырэктар Бераставіцкай СШ М.Плоткіна, загадчык жаночага аддзела райкама партыі А.М.Сягоднік, а таксама настаўніцы Д.Р.Губкіна, Т.Е.Сакалова, Ф.У.Міхалкіна і іншыя.
У гэты час у рэспубліцы аб’яў­ляецца масавы набор камса­мольцаў у рамесныя вучылішчы Мінска (хлопцы – з 14-ці, дзяўчынкі – з 15 гадоў) і ў вучылішчы Ф30 (училища фабрично-заводского обучения) – з 16 –ці гадоў.
18 ліпеня 1947 года Берас­тавіцкі райкам камсамола пры­няў рашэнне накіраваць у рамесныя вучылішчы першых добраахвотнікаў. Сярод іх былі і выхаванцы Старадворацкага дзіцячага дома, камсамольцы Віктар Баравікоў, Леанід Галуза, Міхаіл Вострыкаў, браты Аркадзій і Аляксей Клейманы.
20 студзеня 1948 года каля Бераставіцы праводзіліся лыжныя спаборніцтвы сярод сярэдніх і сямігадовых школ. Трэцяе месца заняла каманда дзіцячага дома.
30 мая 1948 года ў Бераставіцкім кінатэатры “Радзіма” праходзіў раённы фестываль мастацкай самадзейнасці. Журы фестывалю дало добрую ацэнку самадзейнасці раённага Дома культуры, Малабераставіцкага і Данілкаўскага сельсаветаў, а таксама Старадворацкага дзіцячага дома. На гэтым звесткі аб ім губляюцца. Вядома толькі, што ў канцы 1940-х гадоў яго выхаванцы былі пераведзены ў Луненскі дзіцячы дом. У той час гэта быў Скідзельскі, а цяпер – Мастоўскі раён. Усе мае спробы адшукаць цераз абласную газету “Гро­дзенская праўда” і перадачу “Жди меня” былых выхаванцаў дзетдома не далі жаданых вынікаў. Хаця не выключана, што хто-небудзь з іх, а можа з былых работнікаў і сёння жыве ў Бераставіцкім раёне.
Праўда, гартаючы неяк газету “Автозаводец” за 1967 год, я наткнуўся на артыкул аб інжынерах-канструктарах братах Клейманах. Але ці гэта былі былыя выхаванцы дзетдома са Старога Дворца, устанавіць не ўдалося.
Мікалай Пацэнка,
навуковы супрацоўнік
Музея Вавёркі



1 комментарий по теме “Дзіцячы дом у Старым Дворцы

  1. Фролов Андрей Тихонович (не М) умер в 1994 году. Я его сын. Жива воспитанница детдома Пташкина Нина Филипповна(Сейчас Якусик), участница упоминаемого смотра художественной самодеятельности.
    Она живет в деревне Баличи, Рожанский с.с., Щучинский район.
    Телефон 01514-71-123
    Кстати, она племянница Фролова А.Т.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *