Анастасія Сцяпанаўна Сцепанюк 18-га сакавіка адзначыла вялікі юбілей: 90 гадоў з дня нараджэння. Яе віншавалі не толькі родныя, блізкія і знаёмыя. З віншаваннямі і падарункамі прыехалі да юбіляршы старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, дырэктар СВП “Малочны Мір” Ніна Лазавіцкая, якая перадала віншаванні і падарунак ад генеральнага дырэктара ААТ “Малочны Мір” Марыны Анікеевай, а таксама старшыня Бераставіцкага сельскага Савета Марына Карпуць і старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Рыгосік (на здымку).
І яшчэ адна вельмі важная для жанчыны і вельмі запамінальная падзея адбылася нядаўна. Напярэдадні свята 8-га Сакавіка Анастасію Сцяпанаўну, у ліку іншых удзельніц Вялікай Айчыннай вайны і мнагадзетных маці Гродзеншчыны старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў запрасіў на ўрачысты святочны прыём.
– Скажу без утайкі, я напярэдадні прыёму цэлы тыдзень хвалявалася, – прызнаецца мая субяседніца. – Ці ж гэта магла калі падумаць, што сам губернатар будзе віншаваць мяне з жаночым днём?! Юбілейны медаль да 70-годдзя Вялікай Перамогі ўручылі, паднеслі кветкі і падарунак. А потым частавалі ўсіх вельмі смачным святочным абедам.
Чым заслужыла такую пашану? Думаю, жыццём сваім няпростым. Юнацтва маё прыпала на страшную пару ваеннага ліхалецця, а праца ў жыцці заўсёды была на першым месцы.
У 1941-м Анастасіі Сцяпанаўне толькі шаснаццаць споўнілася. А ёй і чужыну давялося зведаць, і ў ваенным шпіталі працаваць…
Самы ж першы жах фашысцкай акупацыі перажыла разам з роднай вёскай Бераставічаны.
Маглі паўтарыць лёс Верхаўлян
– Наша вёска – змагарка, – кажа Анастасія Сцяпанаўна. – У гады прыгнёту польскай улады ў Береставічанах было многа актыўных падпольшчыкаў. Калі ішла вайна ў Іспаніі, нашы людзі збіралі сродкі і пасылалі тутэйшым барацьбітам, а двое вясковых хлопцаў ваявалі на іспанскай зямлі ў складзе беларускага батальёна.
Невыпадкова ў вайну фашысты надта ж баяліся бераставічанскіх камуністаў і вёску двойчы акружалі, збіраліся спаліць, а жыхароў расстраляць.
…Карнікі з’явіліся ранкам, калі многія яшчэ спалі. Акружылі вёску, устанавілі кулямёт. Прывалаклі аднекуль тапчан і паставілі каля хаты Валейкаў. На яго кідалі мужчын і хлопцаў і білі іх па голых спінах палкамі. А потым, напалову прытомных, выкідвалі ў пясчаны кар’ер. Горшае чакала Васіля Мешчаню, Антона і Фёдара Дзешкаў, Міхаіла Акуліча, Івана Калесніка. Іх схапілі і пад канвоем павялі да лесу. Там загадалі капаць яму. Расстралялі ўсіх, толькі Міхаіл Акуліч цудам уцалеў…
Распраўляліся з актывістамі падполля па спісках, зачытваючы прозвішчы. Праз нейкі час расстралялі яшчэ некалькі сяльчан.
А ў жніўні 1942 года карнікі зноў з’явіліся ў Бераставічанах. Надзея Сцяпанаўна ўспамінае, які жах перажылі тады вяскоўцы, у тым ліку і яна.
Вось як гэта было.
… Сонейка прыпякала ў гэты нядзельны дзень ужо з самага ранку, і нішто не паказвала на бяду.
Раптам на вуліцы пачуўся гул машын: на вёску, бы шулякі, наляцелі фашысты і паліцаі. З аўтаматамі ў руках яны бегалі ад хаты да хаты, грукалі ў дзверы і выганяючы ўсіх крычалі: “Шнэль! Шнэль!”.
– Ах, даражэнькая, што тады ў вёсцы рабілася, які плач стаяў! – гаротна ўздыхае жанчына. – Поўная вуліца народу – сем’і ж былі вялікія, у адных толькі нас пяцёра дзяцей.
Мужчын аддзялілі асобна і пагналі пад Акулічаў хлеў. А жанчынам з дзецьмі, дзяўчатам ды старым бабулям і дзядулям загадалі ісці на балоцісты выган, пад гумно дзядзькі Максіма Кавалені.
Божухна, што там рабілася! Маці быццам ашалелі, тулілі да сябе дзяцей, галасілі, маліліся Богу. Усе ведалі, што не на дабро гэта – спаляць у гумне ці расстраляюць пад яго сценамі. Бабы выказвалі здагадкі, што немцы хочуць зрабіць у нас другія Верхаўляны – хадзілі чуткі, што там усіх мужчын расстралялі, а хаты спалілі.
За хлявом было жыта. Але як ты ўцячэш? Салдаты – з аўчаркай, якая рэагуе на кожны рух. Такі жах перажылі, не дай Бог!
– Наша маці пасівела за тыя паўдня, – успамінае Анастасія Сцяпанаўна. – Да яе туліліся чацвёра дачушак: мне, самай старшай, было шаснаццаць, Любе чатырнаццаць, Ніне дванаццаць, а Лідачцы ўсяго дзевяць год, браціку Івану не было адзінаццаці. Мы трэсліся ад страху, а мама, помню, усё туліла нас да сябе і без канца цалавала.
Адзін немец, мусіць, нейкі начальнік, злосна штосьці крычаў, пагражаў.
– Зброю яны шукаюць, – прашаптала Глафіра Жлабовіч. – Як толькі знойдуць хоць адзін патрон, то нас і праўда расстраляюць, а вёску спаляць.
Глафіра за польскім часам у Беластоку ў яўрэяў служыла і разумела іх гаворку, якая, казала, на нямецкую надта падобна.
Пасля гэтых слоў Глафіры жанчыны зноў загаласілі, а найгорай – старэнькая бабулька, абсыпаная малымі праўнукамі. Яна ўпала на калені і ўголас пачала так апантана маліцца, што хацелася верыць: яе малітва выратуе ўсіх.
Можа паўдня немцы бегалі па хатах, па хлявах і гумнах, перапорвалі сундукі і ўсё ў каморках, хлявах, гумнах – вядома ж, камуністы назапасілі аўтаматаў ды кулямётаў і маюць сувязь з партызанамі.
Недзе пад абед на двух матацыклах з Бераставіцы прыехалі высокія чыны з перакладчыкам. І хутка прагучала каманда: “Усім разыходзіцца па хатах!”.
У нашай хаце, у хляве і гумне быў такі вэрхал, што не дай Бог – усё ператрэсена, перавернута ўверх дном…
У Нямеччыне
З сарака шасці франтавікоў трынаццаць не вярнуліся ў родныя Бераставічаны. А больш як дваццаць вяскоўцаў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.
У 1943-м такім жа парабкам стала і Анастасія Сцяпанаўна – ёй не было тады і васемнаццаці.
Трапіла яна ў горад Інстэрбург (цяпер Чарняхоўск). Помніць усё да драбніц: як стаяла ў шарэнзе, а нямецкія гаспадары выбіралі сабе батракоў.
– Кульбакаю паварочвае тваю галаву з боку ў бок і аглядае, дужы ты ці не, бо каму патрэбен слабы работнік? Насця была невысокай, благой, таму і заставалася стаяць у парадзеўшай шарэнзе. І, як потым аказалася, да лепшага: яе забраў немец зусім малады, як яна сама. Ён жыў на хутары з маці, і гаспадарку вёў зусім малую. Потым, калі маладога гаспадара забралі на фронт, маці яго далі яшчэ аднаго парабка – украінца Аляксея.
– Працавалі, канешне, многа, але і карміла нас фрау лепей, чым іншыя баўэры, – успамінае жанчына.
… А з усходу ўжо прыбліжалася перамога. Немцы спешна эвакуіраваліся. Прыйшоў загад ехаць на захад і парабкам.
– На двух падводах уладкаваліся мы з дзяўчатамі і хлопцамі, а яшчэ на двух – немцы-праважатыя, – расказвае жанчына. – Па дарозе мы згаварыліся ўцячы. Хлопцы ўпотайкі пачалі паслабляць калёсы, і неўзабаве тыя пачалі спадаць. Праважатыя ніяк не маглі аб’ехаць нашы вазы, бо насустрач шчыльна, адна за адной, ехалі на ўсход машыны, калонамі ішлі нямецкія салдаты.
Заначавалі ўцекачы на пакінутым хутары пры лесе, дзе ўжо былі і іншыя батракі. На трэці дзень раным-рана Насця сабралася падаіць карову, пакінутую спешна эвакуіраванымі гаспадарамі:
– Адчыніўшы дзверы, аж падскочыла ад страху: на ганку стаяў узброены мужчына. Прыгледзелася, а ў яго на пілотцы – чырвоная зорачка!
– Дзяўчаты! – закрычала што мела моцы, – нашы прыйшлі! Нашы!
– Гэта былі разведчыкі, – расказвае. – Адзін з іх – ніколі не забуду – потым паказаў на матулю з малым хлопчыкам: ”На майго такога фашысты кулю пашкадавалі, аб слуп тэлеграфны…”
Байцы нас папярэдзілі, што хутка тут будзе бой і нам трэба прабірацца на ўсход.
А неўзабаве дзяўчаты і хлопцы трапілі пад абстрэл, над галовамі пачалі свістаць снарады. Аднаго юнака забіла. Насця схавалася ў глыбокім рове, і снарадам, які разарваўся побач, яе засыпала зямлёю. Кантужаную дзяўчыну не пакінулі, то няслі, то вялі пад рукі.
– Фронт як ішоў так і пайшоў, а мы апынуліся ў толькі што вызваленым гарадку, – працягвае мая субяседніца. – Прыехаў вайсковец, які набіраў санітарак у шпіталь. Мне не прапаноўваў – бачыў, што яшчэ не зусім ачуняла. Але як я магла адстаць ад іншых дзяўчат?
Санітарка шпіталю
Так Насця апынулася ў горадзе Кібартай. Шпіталь быў прыфрантавы размеркавальны, раненых сюды прывозілі адразу з поля бою. Неўзабаве ўслед за фронтам пераехалі ў Інстэнбург.
– Мы, тры дзяўчыны, не ўпраўляліся прымаць у прыёмным пакоі раненых – адны машыны ад’язджалі, а на іх месца ў двор шпіталю тут жа заязджалі другія, – зноў вяртаецца да ўспамінаў Анастасія Сцяпанаўна. – Калі нашы войскі бралі Кёнігсберг, мы па трое сутак не спалі. Хутка на дапамогу прыслалі яшчэ адну санітарку.
Такога жаху, як тады, я больш ніколі не бачыла: салдат прывозілі без рук і без ног, моцна параненых у галаву, грудзі, жывот… Мы як мага хутчэй здымалі з іх вопратку, калі гэта не ўдавалася – разрэзвалі. Вельмі многа паступала цяжка параненых і марудзіць было нельга – іх ужо чакалі ў аперацыйнай.
– Байцы часта былі без прытомнасці, многія трызнілі, стагналі і крычалі ад болю…, – у вачах старой жанчыны стаяць слёзы. – Думала, што не вытрымаю гэтулькі чалавечых пакут і гора. А калі салдаты паміралі на нашых руках, мы плакалі ўголас.
А я слухаю Анастасію Сцяпанаўну і думаю: яна ж тады была васемнаццацігадовым дзяўчом. І ўспамінаю словы Святланы Алексіевіч: у вайны не жаночы твар.
…Але сярод гэтага болю і жаху былі і светлыя моманты. Насцю ўпадабаў баец Ваня, які быў родам з Урала. Ён ужо папраўляўся і часта дапамагаў дзяўчатам і ў прыёмным пакоі, і на кухні. Дзяўчыне хлопец таксама падабаўся. Аднак іх агульны лёс не склаўся: Ваню дэмабілізавалі, і ён ужо збіраўся дамоў. Дамовіліся, што дзяўчына праводзіць яго. Аднак абставіны перашкодзілі Насці – яна прыбегла на перон, калі цягнік ужо адправіўся… Пра далейшы лёс Вані дзяўчына не ведае і сёння.
А потым была Перамога!
– Раненыя, выціраючы слезы шчасця, аж падскоквалі на ложках, крычалі “Ура! Цяпер – дадому!”, – успамінае Анастасія Сцяпанаўна.
Насця таксама не стрымлівала шчаслівых слёз.
Аднак хутка высветлілася, што вайна для яе яшчэ не скончылася: увесь іх шпіталь накіравалі на японскі фронт.
– Ехалі мы цэлы месяц, – успамінае. – А ў пасёлку Кульдур, дзе спыніліся, стала вядома, што вайне канец – амерыканцы скінулі на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі атамныя бомбы…
Матуля, бабуля, прабабуля
Яна магла паступіць – і гэта ёй настойліва прапаноўвалі – на курсы медыцынскіх сёстраў ды застацца працаваць на Далёкім Усходзе. Але сястра напісала, што моцна хварэе бацька. Да таго ж так часта сніліся дзяўчыне родныя Бераставічаны…
У сваёй вёсцы яна знайшла асабістае шчасце. У Сцяпана Ціханавіча былі залатыя рукі, якімі ён будаваў людзям дабротныя дамы. Разам яны пражылі 28 гадоў.
– Толькі добрымі словамі, царства яму нябеснае, успамінаю свайго Ціханавіча, – уздыхае Анастасія Сцяпанаўна. – А я вось жыву ды жыву памаленьку. Унукаў-праўнукаў памагала дзецям гадаваць, усе яны мяне любяць, клапоцяцца. Дачка далёка жыве, у Падмаскоўі, а сын у Валгаградзе. То калі чатыры гады назад пачало ў мяне хібіць здароўе, унучка Ніна адразу ж у Бераставіцу, у свае новыя харомы забрала. Яны з мужам, як бацькі траіх дзяцей, льготную кватэру пабудавалі. І вось на старасці год прывыкла я ў горадзе, а ў сваю бераставічанскую хаціну езджу толькі як на дачу.
На развітанне мы з Анастасіяй Сцяпанаўнай дамаўляемся, што журналісты газеты прыедуць на яе 100-гадовы юбілей.
– Буду чакаць, – смяецца бабуля. – Галоўнае, каб мір быў на нашай зямлі.
Марыя Драпеза,
фота аўтара