Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся

Общество Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_6346РУСП “Масаляны” – моцная гаспадарка, якая вызначаецца стабільным развіццём. Мэтанакіраванае павышэнне культуры земляробства, значныя поспехі ў малочнай жывёлагадоўлі і пастаянны клопат пра людзей даюць свой плён. Працаўнікі тут упэўненыя ў заўтрашнім дні, яны ведаюць, што ў сельгаспрадпрыемства ёсць будучае. Вельмі прыемна, што ў аграрнай вытворчасці жадае працаваць моладзь, гэта сапраўдная заўтрашняя змена для тых, хто зараз умацоўвае агульны дабрабыт. Электрагазазваршчык Аляксандр Глінкін родам з гэтых маляўнічых мясцін, а грунтоўную прафесійную адукацыю атрымаў у Бераставіцкім ліцэі. Такую запатрабаваную, хаця і складаную спецыяльнасць, сабе ён выбраў нездарма, яго прываблівала менавіта адметнасць зварачнай справы. Хлопец не толькі ўважліва слухаў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання на занятках, але з задавальненнем наведваў і факультатыў. Колькі радасці было ў яго, калі атрымаў пасведчанне аб прафесійнай адукацыі! Радаваліся і бацькі юнака. Іншага месца будучай працы для сябе, акрамя родных мясцін, Аляксандр не ўяўляў. Першы свой працоўны дзень у РУСП “Масаляны” малады электрагазваршчык запомніў назаўсёды. Яму здавалася, што спачатку будзе няцяжка, але яго адразу нагрузілі, даверылі немалы “фронт работ”. Магчыма, нехта іншы і не справіўся б, толькі не гэты нядаўні старанны і дасціпны ліцэіст.
— Зварачная работа – вельмі дакладная, — адзначае Аляксандр. – Кожны раз трэба старацца рабіць так, каб потым да таго самага ўжо не варочацца.
Гэта найлепшая парада людзям самых розных прафесій, і добра, што ў маладога чалавека такі рацыянальны погляд на свой занятак. А ахайнае шво на вытворчай тэхніцы патрабуе ад электрагазазваршчыка не меншага, а нават і большага старання, чым шво на прыгожай сукенцы ў швачкі. У Аляксандра хапае цярпення кожны раз рабіць усё, як мага лепш. І калі швачка можа знянацку балюча ўкалоцца іголкай, дык малады электрагазазваршчык расказвае, што тэхніка бяспекі патрабуе ад прадстаўнікоў яго прафесіі нашмат большай пільнасці і адказнасці. Нездарма працаваць можна толькі ў спецыяльнай масцы і спецадзенні. І іскры, і кроплі металу могуць нанесці вялікую шкоду здароўю.
Якасны рамонт тэхнікі ў гаспадарках немагчымы без важкага ўкладу сапраўдных майстроў зварачнай справы. Нядаўна Аляксандр рамантаваў прычэпы для перавозкі зялёнай масы. Яны далёка не новыя, але дзякуючы беражлівым адносінам і своечасоваму рамонту паслужаць яшчэ доўга.
А ў вольны час малады аграрый захапляецца інтэрнэтам. Гэта пашырае яго кругагляд, і наўрад ці зараз знойдзецца які-небудзь малады чалавек і не вельмі, хто застанецца раўнадушным да такой цудоўнай скарбонкі інфармацыі… Дзякуючы здабыткам цывілізацыі, можна жыць у сельскай мясцовасці і быць у курсе “ўсяго на свеце”, а таксама радавацца кніжнаму багаццю, якое зараз само прыходзіць у кожны дом.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *