Уступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі завяршылася. У гэтым годзе яна была няпростай і паказала, што заветныя студэнцкія білеты маюць шанс атрымаць толькі тыя, хто прыклаў для гэтага шмат намаганняў. Між іншым, не адзін год працавалі над выдатнымі вынікамі лепшыя з абітурыентаў — выпускнікі-медалісты.
Сёлета чатыры выпускнікі адзінаццатых класаў школ раёна атрымалі атэстат аб сярэдняй адукацыі разам з залатым медалём. Я пацікавілася, якія накірункі выбралі і куды паступілі “залатыя” галовы нашага раёна.
Залатая медалістка з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Ганна Вярышка паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт.
Прафесію ўрача і гэтую ж установу адукацыі выбрала і Ганна Петух, залатая медалістка з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.
Яшчэ адна медалістка з гэтай жа школы Ганна Марозік паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і будзе асвойваць прэстыжную спецыяльнасць “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.
Залаты медаліст з Малабераставіцкай сярэдняй школы Аляксей Якута выбраў для сябе будаўнічы накірунак: ён будзе вучыцца на інжынера-будаўніка ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”.
Застаецца дадаць, што ўсе бераставіцкія медалісты будуць вучыцца ў вышэйшых навучальных установах на бюджэтнай аснове.
Ірына МІКЛАШ