Дзень роднай мовы ў Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе

Лента новостей Образование

20150220_153048 20150220_154314 20150221_115447Сёння ў свеце больш за 6 тысяч моў, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта для іх ЮНЕСКА і абвясціла дзень роднай мовы. Гэта нагода і для нас яшчэ раз задумацца пра лёс той, якую завём матчынай мовай. Сёння беларуская мова абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, што знаходзяцца на парозе знікнення.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе быў праведзены шэраг мера­прыемстваў.
Да свята рыхтаваліся доўга і старанна. Афармлялі інфармацыйны стэнд “Адкрываю, як свет, нанова беларускае роднае слова…”, кніжную выставу “Адвечны голас Радзімы”, вучылі вершы.
Пачалося святкаванне з правядзення акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. На працягу дня калідоры школы поўніліся мілагучнай роднай мовай, гучалі вершы беларускіх паэтаў у выкананні Анжэлікі Панасевіч і Паліны Радзевіч.
Адкрыць скарбы беларускай мовы дапамог моўны турнір “Ты будзеш звінець, мая родная мова!”. У ім прымалі ўдзел вучні 5-7 класаў. Мерапрыемства праходзіла ў выглядзе спаборніцтва. Каманды “Сымоны” і “Дарадцы” прайшлі праз шэраг выпрабаванняў, у якіх трэба было выявіць свае веды па беларускай мове і літаратуры, адшукаць адказы на нестандартныя пытанні. Павучальнымі і гумарыстычнымі былі туры “Эрудыты”, “Лесвіца”, “Хто больш”, “Перакладчык”, “Адным словам”, “Усявед”, “Вясёлая фразеалогія”, “Веру-не веру” і іншыя. Гульня падарыла вясёлы настрой і задавальненне ад кожнага ўдалага адказу. Вучні паказалі добрае веданне беларускай мовы і літаратуры. Перамогу атрымала каманда “Дарадцы” (капітан Яўгеній Кавалеўскі).
Жаданне глыбей зазірнуць у таямніцы народнай мудрасці абудзіў конкурс эрудытаў “Слова роднае – вечнасці след”. Адборачны тур выявіў самых эрудыраваных вучняў, якія працягнулі ўдзел у конкурсе: Аляксандру Прохар, Паўла Бурага, Анастасію Хамбак, Анастасію Глінскую, Дар’ю Цяляхавец.
“З чаго пачыналася калісьці мова? Якім быў лёс развіцця пісьменства?” – на гэтыя пытанні вучні знайшлі адказ падчас мерапрыемства, а таксама адчулі глыбокую мудрасць і высокую паэзію песень і казак, легендаў і паданняў, прыказак і загадак роднага краю. Матэрыял падаваўся вельмі цікава: пры дапамозе рэбусаў, сродкаў пантамімы.
Кожны з удзельнікаў і гледачоў змог яшчэ раз дакрануцца да спадчыны беларускага народа, пачуць радкі і мелодыі вядомых твораў, праявіць свае творчыя здольнасці.
Усе мерапрыемствы былі накі­раваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў падлеткаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

Алена Кажанеўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада-СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *