Дзень падпісчыка ў Алекшыцах

Лента новостей

IMG_0943Цяпер у паштальёнаў – адказная і гарачая пара. У разгары падпісная кампанія на перыядычныя выданні на 2014 год. Каб яна прайшла актыўна і пладатворна, зацікаўлены і калектыў “Бераставіцкай газеты”, зрэшты, як пра гэта клапоцяцца і ў рэдакцыях любых іншых друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.
Зразумела сёння, у час інтэнсіўнага распаўсюджвання і развіцця электронных інфармацыйных рэсурсаў, для таго, каб захаваць свайго чытача, не знізіць тыраж і заставацца запатрабаванымі, выданням, асабліва ў маланаселеных рэгіёнах, неабходна прыкладаць сур’ёзныя намаганні. Па гэтай прычыне ў рэдакцыі “раёнкі” было вырашана больш актыўна задзейнічаць такую, дастаткова распаўсюджаную сярод СМІ форму масавай работы з насельніцтвам, як Дзень падпісчыка.
Адна з першых рэкламных акцый адбылася ў аўторак у аграгарадку Алекшыцы. Дзень падпісчыка праводзіўся сумесна з прадстаўнікамі раённага вузла паштовай сувязі, а дакладней – пры непасрэдным удзеле начальніка прадпрыемства Сяргея Лавягіна. Сустрэча журналістаў “Бераставіцкай газеты” са сваімі чытачамі – даўнімі і патэнцыяльнымі – праходзіла ў мясцовым аддзяленні паштовай сувязі. Па словах яго начальніка Святланы Прылуцкай у аддзяленні заўсёды мнагалюдна: вяскоўцы прыходзяць, каб аплаціць жыллёва-камунальныя і іншыя паслугі, адправіць ці атрымаць пісьмы, грашовыя пераводы і пасылкі, штосьці набыць у паштовым магазіне. Нам, безумоўна, гэта было зручна.
00На прапановы нашай “рэкламна-прапагандысцкай” групы выпісаць “раёнку”, за дзве гадзіны акцыі адгукнуліся адзінаццаць чалавек. І яны не прагадалі! У рамках Дня падпісчыка ад рэдакцыі і раённага вузла паштовай сувязі для тых, хто аформіў падпіску, былі прадугледжаны заахвочвальныя прызы. Важна і тое, што падчас падобных сустрэч, мы, работнікі рэдакцыі, не можам не выкарыстаць магчымасць выслухаць заўвагі, прапановы і пажаданні чытачоў, расказаць пра свае новыя задумкі і творчыя праеты. Такі жывы дыялог спрыяе працэсу фарміравання зместу газеты.
Марта Шкрабіна. Як маме, а у мяне трое дзетак, хацелася б бачыць у “раёнцы”, якую, зрэшты, выпісваю пастаянна, яшчэ і дзіцячую старонку з карысным і займальным матэрыялам. А муж, заўзяты рыбак, ведаю, з задавальненнем чытаў бы парады па рыбнай лоўлі. Увогуле, газета падабаецца. Лічу, што вельмі важна сёння кожнаму ведаць навіны свайго рэгіёна. А ў “Бераставіцкай газеце”, да таго ж, друкуецца інфармацыя пра асноўныя падзеі вобласці і краіны.
Надзея Багачак. Прыемна было падпісацца на раённую газету і атрымаць падарунак. Аформіла падпіску адразу на паўгоддзе.
«Бераставіцкай газетай» заці­кавілася даўно. Падабаюцца матэрыялы аб людзях, асабліва з нашай мясцовасці, аб дзейнасці СВК “Алекшыцы”, матэрыялы гістарычнай тэматыкі.
Лілія Дзірбук. Мяне задавальняе інфармацыйны блок у газеце. Перавагу аддаю матэрыялам аб рабоце ўстаноў адукацыі раёна, бо сама працую ў мясцовым дзіцячым садку. Жадаю журналістам плённай працы і цікавых сустрэч, а яшчэ – часцей бываць “ у масах”, больш пісаць аб надзённых праблемах людзей.
Падчас сустрэчы гучалі і іншыя заўвагі, як крытычныя, так і пазітыўныя. Некаторых нашых чытачоў зусім не радуе той момант, што значная плошча газетных старонак адводзіцца пад рэкламу і тэлепраграму. Камусьці не хапае матэрыялаў у дапамогу хатнім гаспадыням, агароднікам і садаводам, лекавых і кулінарных рэцэптаў, правераных у народзе.
Тым не менш, сярод жыхароў Алекшыц і навакольных вёсак, з якімі нам удалося пагутарыць, было нямала тых, хто ўжо выпісаў “раёнку” і ўвогуле сябруе з нашым выданнем доўгі час. Гэта сапраўды прыемна.
– Не забыць аформіць падпіску на раённае выданне нам не дадуць і мясцовыя паштальёны Станіслава Эйсмант і Іван Хомка, – гаворыць яшчэ адна наша падпісчыца Юлія Шумель.– Яны заўсёды клапоцяцца пра тое, каб “Бераставіцкая газета” дастаўлялася амаль у кожны дом і своечасова. Дзякуй ім за гэта!

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *