Да 70-годдзя ўтварэння Бераставіцкага раёна

105 лет БССР 75 лет Гродненской области Из истории земли Берестовицкой Культура

1Нядаўна мы адсвяткавалі вельмі значную для ўсёй краіны дату – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А 20 верасня жыхароў Бераставіччыны чакае яшчэ адзін не менш значны юбілей – 70-годдзе ўтварэння раёна. “Бераставіцкая газета” пачынае друкаваць цыкл матэрыялаў, прысвечаных гэтай важнай падзеі і людзям, якія ўнеслі значны ўклад ў пасляваеннае аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі Бераставіччыны.

Калі вестка аб перамозе дайшла да Бераставіцы, людзі плакалі. Адны ад радасці і шчасця, што дачакаліся гэтага вялікага дня, другія гаравалі пра тых, хто не дажыў да яго. Многія землякі, узяўшы ў рукі зброю, пайшлі ваяваць, а ў вызваленым ад ворага родным краі з неймавернымі цяжкасцямі пачало наладжвацца мірнае жыццё.
20 верасня Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны Бераставіцкі раён з цэнтрам у Вялікай Бераставіцы (ранейшы Крынкаўскі раён быў скасаваны, частка яго тэрыторыі адышла да Польшчы). Аблвыканкам зацвердзіў склад Бераставіцкага райвыканкама. У яго ўвайшлі: Аляксандр Гаўрылавіч Шламанаў – старшыня. Члены: М.А. Бурак– намеснік старшыні, Д.А.Блінаў – першы сакратар райкама партыі, В.І.Прыемка – загадчык райзем­аддзела, І.Я.Бялевіч – старшыня Бераставіцкага сельсавета. Сакратар райвыканкама – Н.Г.Жо­лудаў.
…У лютым 1945 года выканкам райсавета прыняў рашэнне “Аб развіцці жывёлагадоўлі і захаванні пагалоўя жывёлы ў раёне”. Усе грамадзяне абавязваліся захаваць і выкарміць маладняк з наступным продажам яго дзяржаве. У асенне-зімовы перыяд 1945-1946 гг. вялікая ўвага ў раёне надавалася лесанарыхтоўкам. Што і казаць, гэта была цяжкая для сялян, але надзвычай патрэбная для краіны павіннасць: уздымаліся з руін гарады і вёскі, адбудоўваліся нанава фабрыкі і заводы, і лес быў вельмі запатрабаваны. І ў асноўным жыхары раёна стараліся ў тэрмін адбыць гэтую сваю павіннасць. Ужо ў першай палове студзеня выканалі план сяляне-лесарубы Іван Кучынскі, Іван Курмель з Эймінаўцаў, Андрэй і Міхаіл Лешчыкі з Жаброў, Іван Давідзюк з Непарожнеўцаў, якія нарыхтавалі па 27 кубаметраў драўніны.
А сяляне-возчыкі Васіль Садаў­нічы з Хілякоў, Фёдар Аўхіменя з Кашанцаў, Станіслаў Аўдзей з Лапенеўцаў, Казімір Глябовіч з Сарасек за тры дні выканалі ўвесь свой план вывазу лесу.

10 лютага 1945 г. у жыцці раёна, як і ў жыцці ўсяе Беларусі, адбылася значная палітычная падзея — выбары ў Вярхоўны

Блинов Д. А.
Блінаў Д. А.

Савет СССР. У райцэнтры і ў Бераставічанах прайшлі сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР першага пасляваеннага склікання па Гродзенскай выбарчай акрузе, у якую ўваходзіў і наш раён. У Савет Нацыянальнасцей быў вылучаны Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, слухач Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК ВКП(б). Да дня выбараў сяляне вёсак Галынка, Хамантоўцы, Ярылаўка, Калеснікі, а таксама Надзея Жыгмунт з Хмеліска, Кацярына Міхальчук з Карпаўцаў, Любоў Мешчаня і Філіп Гладкі з Бераставічан і многія іншыя датэрмінова выканалі планы па лесанарыхтоўках. Сярод сельсаветаў лідзіравалі Вялікабераставіцкі, Ёдкаўскі, Галынкаўскі. А вось што пісала раённая газета «Знамя Советов» аб тым, як праходзілі першыя пасляваенныя выбары: «10 февраля, к 5 часам утра организованно, торжественным маршем, со знаменами и лозунгами стали прибывать к избирательному участку № 115 г.п.Большая Берестовица первые колонны избирателей.
Первыми на избирательный участок прибыли крестьяне д.Хме­лиско, где агитатором была Денисова Вера. Через полчаса с песнями и лозунгами в честь выборов прибыли избиратели д.Берестовичаны. Впереди нес красный флаг старый крестьянин Сегодник Павел Юстинович…»
Ужо ў 1945 годзе ў раёне ствараюцца першыя калгасы. Імі сталі калгас “1-е Мая”, арганізаваны ў былым маёнтку Вайцехаўшчына, калгас “Кастрычніцкая рэвалюцыя” ў маёнтку Людзвінова і “Перамога” ў Старым Дворцы. На базе маёнтка Масаляны ў сакавіку 45-га была створана плодаагароднінная гаспадарка. Вось як успамінала пра стварэнне пасляваеннага калгаса ў спаленых фашыстамі Верхаўлянах яго першы старшыня Марыя Карытка: “Пасля вайны на месца былой роднай вёскі пачалі збірацца яе жыхары – жанчыны і дзеці, мужчын жа нашых ворагі расстралялі. Жылі ў зямлянках, у наспех і няўмела назбіваных хлеўчыках. А ў 49-м арганізавалі калгас. Быў у ім толькі адзін мужчына – Іван Петух з хутара Петруліна, які з вайны вярнуўся інвалідам. Яго, пісьменнага, і паставілі бухгалтарам. Старшыню выбіралі на сходзе. Нехта прапанаваў маю кандытатуру, усе падтрымалі. Нам было вельмі цяжка, усё рабілі жанчыны – аралі, сеялі, касілі. Нас імкнуліся ўсяк падтрымаць: саўгас, што быў у Гольнях, даваў насенне, МТС прысылала трактары.”
…Вясной 1946 года ў раёне пачалася чарговая важная кампанія. Улады праводзілі работу па мабілізацьі сельскіх працаўнікоў на паспяховае правядзенне веснавой сяўбы. Работнікі Малабераставіцкай МТС абавязаліся адрамантаваць сельскагаспадарчую тэхніку да 1 сакавіка, а ўборачную — да 1 мая. Пры МТС быў створаны пункт, на якім ачыстка насення для ўсіх праводзілася бясплатна. Тут жа была арганізавана праверка на ўсходжасць. Да кожнага сялянскага двара даводзіліся планы па сяўбе тэхнічных культур.

 Шламов Александр Гаврилович
Шламанаў Аляксандр Гаўрылавіч

Першымі ў поле, як паведаміла раённая газета, выйшлі працаўнікі калгасаў «1-е Мая» і «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Тут своечасова адра­мантавалі інвентар, у добрым стане захавалі коней. Выдатна сябе зарэкамендавалі ў першую пасляваенную вясну і механізатары МТС. Трактарысты Іван Міскевіч, Іван Карпук, Іван Міцкевч, што­дзённа выконвалі нормы выпрацоўкі на 150-175 працэнтаў. Дружна праводзілася сяўба новай для раёна культуры — цукровых буракоў.
Актыўна вялося ў раёне будаў­ніцтва. Жыхары вёскі Рудаў­ляны пачалі па сваёй ініцыятыве будаваць талакой пачатковую школу. Працягвалася распачатае яшчэ ў 1945 годзе будаўніцтва цагельнага завода у Канчанах. Адкрыўся клуб у Малой Бераставіцы, ад­навіліся клуб у Бераставічанах і млын у Кудрычах. Планавалася таксама распачаць будаўніцтва завода па вытворчасці цэглы і чарапіцы ў Малой Бераставіцы, ветлячэбніцы, клуба і пажарнага дэпо ў Вялікай Бераставіцы, бальніцы ў Макараўцах.
Трэба адзначыць, што ў гэты час у раёне было яшчэ мала настаў­нікаў – на пачатак 1945 года ў школах іх працавала 111 – а таксама медработнікаў, якіх у медустановах было 70 чалавек. Рабочых рук у сельскай гаспадарцы не хапала, а спецыялістаў тут было ўсяго 5. Увогуле, у пасляваенны час вышэйшую адукацыю ў раёне мелі толькі 19 чалавек.
Цяжка ў той час было ўсім, аднак найгорш прыйшлося мнагадзетным сем’ям, у якія з фронту не вярнуліся гаспадары. Пра іх улада памятала і як магла дапамагала. Да прыкладу, рашэннем выканаўчага камітэта райсавета дэпутатаў працоўных ад 4 лістапада 1944 года мнага­дзетным маці: Г.І.Навумовіч з вёскі Каленікі, якая гадавала 8 дзяцей, А.М.Леванені з вёскі Кашанцы і А.І.Парфёнчыкавай з Сямёнаўкі, якія выхоўвалі па 7 дзяцей, была выдзелена адзінаразовая дапамога ў памеры 2500 рублёў, а Н.І. Радзюкевіч з Сямёнаўкі, Г.І.Навумовіч і С.А.Ігнаткевіч з Калейнікаў, якія гадавалі па 6 дзяцей – па 2000 рублёў.
…У першым пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі раёна на 1946 —1950 гг. прадугледжвалася выдзеліць на прамысловае, культурна-бытавое і жыллёвае будаўнцтва 8 млн 464 тысяч рублёў. Апрача таго, планавалася павялічыць здабычу торфу і ў 1949 годзе давесці гэты паказчык да 18 тысяч тон у год, поўнасцю забяспечыўшы палівам прамысловасць раёна, бальніцы, школы і іншыя ўстановы. Пасяўную плошчу ў раёне за гады пяцігодкі прадугледжвалася павялічыць на 8 працэнтаў, а пасевы тэхнічных культур і цукровых буракоў пашырыць і давесці іх вытворчасць да 12 743 тон у год. Да канца пяцігодкі пагалоўе коней было запланавана павялічыць на 40 працэнтаў, буйной рагатай жывёлы і авечак на 68, свіней – на 263.
Сёння па асноўных вытворчых паказчыках наш раён адзін з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Працаўнікі Бераставіччыны дастойна працягваюць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення.
Мікалай Пацэнка,
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *