Заканчваецца навучальны год. Наперадзе самая адказная пара для выпускнікоў школ – час экзаменаў… І самы нязменны іх спадарожнік — стрэс.
Даследаванні паказваюць, што экзаменацыйны стрэс займае адно з першых месц сярод многіх прычын, якія выклікаюць псіхалагічнае напружанне ў школьнікаў. Таму вельмі важна ў гэты час падтрымаць дзяцей педагогам, бацькам і псіхолагам.
У Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе псіхалагічнае суправаджэнне выпускнікоў школы праводзіцца на працягу года. Псіхолаг Л.А. Аўдзей вырашае асноўную задачу – навучыць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўспрымаць экзамен і ЦТ не як іспыт, а як магчымасць праявіць сябе, дапамагчы знізіць страх, трывогу, навучыць эмацыянальнай самарэгуляцыі. З мэтай прафілактыкі стрэсавага стану з вучнямі праведзены групавыя кансультацыі па пераадоленню стрэсу, трэнінгі “Эмоцыі і паводзіны”, “Як пазбегнуць стрэсу перад экзаменамі і ЦТ”, занятак з элементамі трэнінгу “Спосабы зняць псіхалагічнае напружанне з выкарыстаннем аўдыёзапісаў і відэаролікаў”, прапанаваны памяткі вучням “Экзамены і ЦТ. Страшна ці не?”
Не сакрэт, што паспяховасць здачы экзаменаў у многім залежыць ад настрою і адносін да гэтага бацькоў. Таму на бацькоўскіх сходах і ў час індывідуальных кансультацый педагогі даюць парады і рэкамендацыі бацькам, як дапамагчы дзецям лепш падрыхтавацца да экзаменаў.
Добрыя веды, згуртаванасць, упэўненасць ва ўласныя сілы – вось складальнікі поспеху на экзамене.
Святлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы