Здаўна адзінай дружнай сям’ёй у нашай краіне жывуць людзі розных нацыянальнасцей. Ствараючы разам непаўторнае культурнае суквецце, яны ў той жа час маюць магчымасць зберагаць, адраджаць і ўзбагачаць сваю нацыянальную культуру і традыцыі, мову сваіх бацькоў.
Гродзеншчына – рэгіён Беларусі, дзе пражываюць людзі многіх нацыянальнасцей, аднак у параўнанні з іншымі абласцямі, тут найбольш прадстаўлены этнічныя палякі. Асабліва шмат іх жыве ў прыгранічных раёнах. Бераставіцкі раён – адзін з такіх. Палякі складаюць у нас 21,7 % насельніцтва. Так склалася гістарычна і геаграфічна. Менавіта гістарычныя акалічнасці, часам трагічныя, навучылі мясцовых людзей талерантнасці, уменню будаваць добрасуседскія адносіны незалежна ад таго, да якой этнічнай групы ці рэлігійнай канфесіі яны належаць. Не па нацыянальнасці ацэньваем мы людзей, а па іх учынках, па іх працы і справах. І ў гэтым плане палякі Бераставіччыны – адны з самых актыўных, працавітых людзей. Многія з іх – гонар раёна. Сувязі паміж беларусамі і палякамі, якія пражываюць на бераставіцкай зямлі, па праву можна назваць трывалымі і сяброўскімі, а часта і сваяцкімі. І гэтыя адносіны неабходна не толькі падтрымліваць на належным узроўні, але і дбаць пра іх умацаванне. Дарэчы, на гэта накіравана прадуманая і мэтанакіраваная палітыка нашай дзяржавы, а таксама клопат мясцовай улады.