Дасведчаны спецыяліст СВК імя Варанецкага

Сельское хозяйство Человек и его дело

img_7715Вядучы ветурач па ідэнты­фікацыі  жывёлы СВК імя Варанецкага Наталля Крупа родам з Магілёўскай вобласці. Яна закончыла акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску, там і пазнаёмілася з нашым земляком з Вялікіх Эйсмантаў, сваім будучым мужам. Маладыя ветэрынары прыехалі на радзіму мужа, тут ім далі добраўпарадкаваны дом па вуліцы Дружбы ў аграгарадку Вялікія Эйсманты, на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі.

— А застацца ў горадзе не хацелася? – цікаўлюся. – Пасля студэнцкіх гадоў у Віцебску новаспечанаму маладому спецыялісту, мабыць, не вельмі хацелася змяніць насычаны гарадскі рытм на ціхае вясковае жыццё? У горадзе ж і салоны прыгажосці, і модныя цырульні, і разнастайны “шопінг”…
Мая субяседніца ўсміхаецца:
— Не, гарадскія “спакусы” не па мне, я люблю вёску. А што датычыцца салонаў прыгажосці, дык і сяльчанкі зараз могуць быць не менш прыгожымі, чым гарадскія жанчыны. У інтэрнэце можна знайсці шмат парадаў, як выглядаць добра.
Сапраўды, у гэтай сучаснай скарбонцы інфармацыі можна знайсці і рэцэпты разнастайных масак для твару, і фізічныя практыкаванні для падтрымання формы, і карысныя парады літаральна на ўсе выпадкі жыцця. Так што сапраўды ніхто не абдзелены, і ўсё залежыць ад самой жанчыны. А калі нехта “ківае” на неспрыяльныя абставіны, лічыць Наталля, дык гэта хутчэй гаворыць аб тым, што чалавеку проста не хапае самадастатковасці. Я з ёю згодна. І ў кожнай новай цікавай гутарцы з неардынарнай вясковай жанчынай пераконваюся, што менавіта сяльчанкі больш самастойныя, упэўненыя ў сабе і больш цвёрда стаяць на зямлі, чым іх гарадскія сяброўкі.
Наталлі падабаецца яе работа. Асноўны абавязак гэтага дасведчанага спецыяліста – фіксацыя неабходных звестак у камп’ютарнай сістэме па ідэнтыфікацыі жывёлы, папаўненне Рэспубліканскай базы даных. Кожная кароўка ў гаспадарцы ад самага нараджэння мае своеасаблівую зафіксаваную гісторыю яе жыцця. Там адзначаецца, напрыклад, чым яна хварэла, чым лячылі, якія абмежаванні па здачы малака былі для яе ўведзены, і многае іншае. Такая карпатлівая работа накіравана на павышэнне якасці прадукцыі жывёлагадоўлі і далейшае інтэнсіўнае развіццё прыярытэтнай галіны аграрнага сектару краіны. Наталля як ніхто ведае дынаміку на месцы, бо ўсе дакладныя да­дзеныя, як нітачкі, сыходзяцца ў яе руках. А каб жывёла была прадуктыўнай, адпрацавана цэлая эфектыўная сістэма. Новыя тэхналогіі прадугледжваюць жорсткія патрабаванні да вытворчага працэсу. Напрыклад, нованароджаным цялятам абавязкова выпойваецца малодзіва, каб у іх была моцная імунная сістэма, і яны менш хварэлі. За гэтым наладжаны адпаведны кантроль.
У сучаснай жанчыны, незалежна ад таго, дзе яна жыве, у горадзе ці вёсцы, работа займае шмат часу. Але калі “слабому полу” прадставіць кардынальны выбар, працаваць ці не, наўрад ці пачуеш адказ, што сядзець дома лепш, нават даглядаць дзяцей. Пры жаданні можна ўсё паспяваць. А Наталля з мужам трымае і хатнюю гаспадарку, у іх дзве кароўкі. Зараз іх дояць два разы на дзень, а летам даілі і тры. Мы ўсе ведаем, як гэта нялёгка, але раней у вёсцы панавала трапнае традыцыйнае меркаванне, што той, хто не трымае хатнюю жывёлу – не гаспадар. І зараз, хаця ў магазінах і багаты выбар малочнай прадукцыі, многія па-ранейшаму думаюць, што самае смачнае малако – менавіта ад сваёй кароўкі. Ды і дзеці дапамагаюць бацькам прыгнаць рагуль, пачаставаць духмяным сенцам. Даіць карміцелек ім пакуль што мама не давярае, работа гэтая няпростая, але любіць жывёлу з малых гадоў, расці спагадлівым да ўсяго жывога для дзіцяці – “дарагога каштуе”.
Адметны стыль сціплай гераіні нашай публікацыі — “выкладвацца напоўніцу”. Ёсць працавітыя жанчыны, якія інакш не могуць. Калі можна рэалізаваць сябе, жыць у пазітыве насычаным яркім жыццём, дык чаму б і не? Магчыма, гэта падсвядомае адчуванне, але псіхолагі сцвярджаюць, што паміж песімістам і аптымістам ёсць адна істотная розніца. Песіміст ные і спасылаецца на волю лёсу, а аптыміст робіць і атрымлівае жаданы добры вынік. Так і Наталля з мужам вучаць самадастатковасці сваіх траіх дзяцей на ўласным прыкладзе. Гэта найлепшы ў свеце метад. Старэйшаму сыну Уладзіславу зараз 13 гадоў, дочкам Елізавеце і Кацярыне – 10 і 4 гады.
— Галоўнае правіла – любоў, — на заканчэнне нашай размовы ёміста вызначае сваё крэда ў выхаванні і пазітыўным бачанні жыцця шматдзетная мама. – Без любові нічога не бывае. Калі нешта не так зробяць, мы з мужам гутарым з дзецьмі. Шчырай размовы па душах бывае дастаткова…
Гэта сапраўды так. Калі дзіця бачыць, адчувае, што яго любяць і пра яго клапоцяцца, у яго “эмацыянальны рэзервуар” не бывае пусты. А калі ён поўны, дзіцяці ва ўтульным доме з любячымі бацькамі камфортна. І можна чакаць, што сын і дочкі панясуць гэтую прыемную добрую эстафету далей. Бо ўсё пачынаецца з любві, з сям’і…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *