Вольга Міхалевіч – бібліятэкар Старадварэцкай сельскай бібліятэкі з 1991 года. Свой працоўны шлях Вольга Іванаўна пачынала ў Дзявяткаўскай сельскай бібліятэцы Ваўкавыскага раёна, і, увогуле, яе бібліятэчны стаж работы складае 37 гадоў. Жанчына пасябравала з кнігай яшчэ ў дзяцінстве. Яе вабіла непаўторная атмасфера, якая панавала ў бібліятэцы роднай вёскі. Дзяўчынкай яна шмат часу праводзіла ў бібліятэчных пакоях, з задавальненнем чытала кнігі і часопісы і … назірала за работай бібліятэкара. Ёй падабалася гэта прафесія. Таму пытанне “Кім стаць?” Вольгу асабліва моцна не турбавала. Яна была заўсёды ўпэўнена, што будзе бібліятэкарам. Так і атрымалася. Вольга Іванаўна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і прысвяціла сваё жыццё любімай справе.
– Бібліятэкар павінен не толькі любіць кнігу, не толькі ведаць яе, але паважаць і любіць чытачоў, у рукі якіх яна трапляе, – лічыць Вольга Іванаўна. – Работа з кнігай – гэта, найперш, работа з людзьмі. Неабходна добра ведаць інтарэсы чытачоў і іх захапленні, каб падабраць і прапанаваць ім літаратуру па густу. Я за столькі гадоў працы ў Старым Дворцы пасябравала з многімі наведвальнікамі бібліятэкі, і хачу сказаць, што ў нашым аграгарадку жывуць людзі, якія сапраўды любяць чытаць. Прычым, гэта датычыцца і школьнікаў, і працуючых, і пенсіянераў.
Паслугамі Старадварэцкай сельскай бібліятэкі карыстаюцца жыхары шасці населеных пунктаў – аграгарадка Стары Дворац, вёсак Вараны, Лявонавічы, Бергелі, Каленікі, Людзвінова. У Жабры, Зайкаўшчыну і Леснявічы, якія раней таксама ўваходзілі ў зону абслугоўвання бібліятэкі, цяпер заязджае бібліобус. Хаця такая форма бібліятэчнай работы, як падворныя абходы, таксама захавалася. Як правіла, Вольга Іванаўна наведвае на даму чытачоў пажылога ўзросту, інвалідаў.
Кніжны фонд Старадварэцкай СБ складае 10 000 экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, мультымедыйных дыскаў. Чытачоў – 380, з іх – 80 дзяцей. Дарэчы, для школьнікаў пры бібліятэцы дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Крынічка”. Бібліятэкар ладзіць для дзяцей тэматычныя гульнявыя і пазнавальныя мерапрыемствы, вучыць іх беражлівым адносінам да кніг, прывівае любоў да беларускай літаратуры і роднай мовы.
Чытачам-школьнікам у бібліятэцы надаецца асаблівая ўвага. Гэта і сумесныя са школай урокі бібліятэчнай граматнасці, і дапамога ў падборы літаратуры ў адпаведнасці са школьнай праграмай, і сумесныя клубныя мерапрыемствы для дзяцей. А паколькі Старадварэцкая сельская бібліятэка камп’ютарызавана і мае сетку інтэрнэт, магчымасці інфармацыйнага абслугоўвання юных чытачоў, ды і не толькі іх, значна пашыраюцца. Напрыклад, актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце дзіцячы прававы сайт, які складаецца з гульнявой і інфармацыйнай частак, шэраг іншых інфармацыйных рэсурсаў.
Сапраўды, інфармацыйныя тэхналогіі пайшлі далёка наперад. Абслугоўванне чытачоў выйшла на новы ўзровень і патрабуе сёння ад бібліятэкара быць кампетэнтным у многіх галінах, ісці ў нагу з часам, валодаць камп’ютарнай тэхнікай. Вольга Іванаўна імкнецца адпавядаць гэтым патрабаванням. Хаця і ўспамінае, як у гады маладосці даводзілася афармляць выставы ў “чырвоных кутках” гаспадарак і прадпрыемстваў, наладжваць перасоўныя кніжныя выставы па вёсках. Пры гэтым, кнігі насілі, як правіла, у руках. Вядома ж, было цяжка. Аднак ні разу жанчына не пашкадавала аб сваім прафесіянальным выбары. Быць бібліятэкарам, лічыць Вольга Іванаўна, – гэта яе прызванне. Яна любіць сваю работу і сваіх чытачоў. А аднавяскоўцы паважаюць бібліятэкара, якая дапаможа не толькі кнігай, але, часта, і добрым словам, як сапраўдны псіхолаг і дарадца.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара