“Дай, Божа, каб больш не было вайны…” Жыхарка Малой Бераставіцы Марыя Карытца была вывезена немцамі на чужыну

80 лет Великой Победы Лента новостей Общество

У Марыі Карытца з Малой Бераставіцы на жыццёвым шляху было нямала выпрабаванняў, але, бадай, найбольш складанымі ў яе лёсе былі ваенныя часы, якія яна малой дзяўчынкай правяла на чужыне, вывезеная немцамі з роднай вёскі разам з маці і старэйшымі сёстрамі.

Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў кастрычніку 1932 года ў вёсцы Боркі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У сям’і яе бацькоў, Мікалая і Любові Пракопчыкаў, расло трое дачок, Марыя – самая малодшая. Вёска Боркі знаходзілася сярод пушчы, была на той час даволі вялікай – на 160 двароў. Калгаса да вайны там яшчэ не было, людзі працавалі на сваіх гаспадарках. Была свая зямля і ў бацькоў Марыі, нават яна ўжо ў свае няпоўныя дзевяць гадоў са старэйшымі сёстрамі дапамагала ім нешта садзіць, палоць на агародзе.
— Перад вайной у нас людзям трэба было па тыдню ці нават больш “адрабляць на шараварах”, так тады называлі працу на дзяржаву, — успамінае Марыя Мікалаеўна, — вось і маміны сёстры Каця і Марына таксама хадзілі працаваць на аэрадром ў Пружанах, аж пакуль ноччу 22 чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты не пачалі бамбіць той аэрадром. Яны прачнуліся ад выбухаў, перапалохаліся і босыя дадому пабеглі. 45 кіламетраў беглі, не дарогаю, бо баяліся, а хаваючыся па лесе ад самалётаў. Гэта якраз нядзеля была, і пакуль яны дабраліся, то ў вёсцы ўжо і вечар быў, моладзь на танцы збіралася, а яны прыбеглі і сталі крычаць: “Уцякайце ўсе, бо вайна! Вайна пачалася!” Так я і пачула, што ідзе вайна…
На вайну з першых дзён, лічы, забралі ўсіх мужчын з нашай вёскі, у тым ліку і майго бацьку, а вярнуўся дадому толькі адзін, памятаю, яго звалі Саша. Ды і ён ужо позна прыйшоў, калі вайна даўно закончылася. А мой бацька прапаў без вестак, нават і не ведаем, дзе ён пахаваны.
Мама засталася на гаспадарцы адна з трыма дзецьмі, добра яшчэ, што яе бацькі жылі ў гэтай жа вёсцы, то дзед прыходзіў дапамагаць.
Немцы з’явіліся ў нас вельмі хутка, але ў вёсцы не стаялі, помню, што праязджалі час ад часу коньмі. Потым яны вырашылі людзей з лясных вёсак павывозіць, каб не дапамагалі партызанам. Вядома, вёска наша даволі вялікая, у адзін дзень усіх на вазах не змаглі вывесці, з аднаго краю пачалі вывозіць, а ў другім яшчэ людзі жылі. Помню, вазы прыехалі, нас туды пасадзілі, маме немец сказаў, каб узяла пасцель дзецям, адзенне і ежы на суткі-двое. А кароў усіх немцы яшчэ пры нас выгналі з хлявоў і пагналі кудысьці. Мы ад’язджалі і бачылі, як дым валіў з другога канца вёскі, бо немцы ўжо пачалі дамы паліць. Так і выгарала ўся наша вёска дашчэнту.
А нас прывезлі адразу ўсіх у Ваўкавыск, пазганялі з вазоў і адправілі за дрот, у нейкую казарму, куды ўсе і не памясціліся нават, на дварэ многія стаялі. Там ужо вырашалі, куды каго направіць. Адбіралі яўрэяў, іх потым забівалі, іншых адпраўлялі ў Германію, а жанчын з малымі дзецьмі вывозілі ў Польшчу. Нас таксама адвезлі ў польскую вёску Рэпнікі, размясцілі па хатах мясцовых гаспадароў, хіба з 9 нашых сем’яў там жыло. Адразу нас не вельмі добра прынялі ў польскай сям’і, а потым солтыс перасяліў у другую. Дык там жылі разам з гаспадарамі, у адным пакоі. Яны на ложку спяць, а мы – на падлозе. У іх было чацвёра сваіх дзяцей. Нейкі дах над галавою быў, але польскія сем’і нас не кармілі, ды і працу трэба было шукаць самім. Мама хадзіла па хатах да гаспадароў жаць, за гэта ёй давалі зерня на хлеб. Бывала, што палоць гароды і старэйшую сястру Олю брала з сабой, за любую работу бралася, каб хоць на яду нам зарабіць.
Мы, меншыя дзеці, хадзілі летам у лес па дровы — мама давала вяроўкі, мы галінкаў наломім, за плечы вязку закінем і нясём дахаты. Так і насілі галіны цэлымі днямі, каб на ўсю зіму дроў хапіла.
Пражылі мы ў польскай сям’і ўсю вайну, пакуль нашы не прыйшлі і немцаў не прагналі. Перад надыходам фронту людзі з вёскі выкапалі вялікае сховішча, дзе ўсе практычна днявалі і начавалі, бо баяліся, каб часам снарад у хату не патрапіў.
Калі вызваленне прыйшло, памятаю, што савецкія салдаты з гармонікам у вёску ўвайшлі. Усе іх радасна сустракалі, крычалі: “Нашы! Нашы!”, не толькі мы, беларусы, але і палякі, бо і ім у акупацыі не соладка жылося, немцы і іх забівалі. І ў нашай вёсцы быў выпадак, што нехта выдаў адну польскую сям’ю, дык іх немцы расстралялі.
Пасля вызвалення вельмі хутка прыйшоў загад, каб нас вярнуць на радзіму. Назад нас везлі на цягніку, спачатку — у Ваўкавыск, там мы тры месяцы сядзелі ў казарме, бо вяртацца не было куды – вёска спалена. Потым завезлі ў Брэст, а адтуль – пад Пружаны. Спачатку мы ў пустой школе жылі, але там не было чым паліць, холадна было, то нас потым рассялілі па хатах. Мама пайшла да людзей працаваць, і сёстры старэйшыя з ёю, а я была ў гаспадароў за няньку, глядзела хлопчыка малога, яму годзіка паўтара-два было.
А потым мы вярнуліся ў пушчу, у сваю вёску. Дзед зрабіў зямлянку, вокны ў ёй з зямлі выглядалі, печку сам паклаў. Там жыло дзевяць чалавек: дзед з бабай, мы з сёстрамі і мамай, мамін брат і дзве яе сястры. Гэтак і жылі доўга, можа, гадоў дзесяць, мы ўжо дзеўкамі сталі. Іншыя жыхары вёскі таксама жылі ў зямлянках, толькі ўжо потым пачалі будаваць дамы. Зямлянак было многа, адна лепшая, другая горшая…
Я цікаўлюся ў Марыі Мікалаеўны, ці хадзіла яна ў школу?
— Школы там і не было, дзе вы бачылі! – узмахвае рукамі жанчына. — Так я і непісьменная практычна засталася. Праўда, дзед трохі вучыў нас па нейкіх кнігах чытаць, гэта адзінае, што я крыху ўмею.
Пасля стварэння калгаса Марыя Мікалаеўна трохі працавала там, а пасля са знаёмай паехала на будоўлю інтэрната ў Свіслачы, потым — будаваць свінарнік у Гольнях.
— Калі пабудавалі свінарнік, нам прапанавалі застацца працаваць свінаркамі, — гаворыць Марыя Мікалаеўна. — Там добра плацілі, але цяжка працаваць даводзілася. У мяне было 82 свінні, трэба было і наварыць ім, і ў руках разнесці пакарміць, ад гэтага і цяпер вось якія рукі пакручаныя. Але там я зарабіла грошай і дала маці на пабудову хаты.
На свінарніку ў Гольнях Марыя Мікалаеўна адпрацавала чатыры гады, потым выйшла замуж. Муж, Мікалай Карытца, працаваў у сельгасхіміі ў Малой Бераставіцы, маладая сям’я пераехала сюды, ім далі тут кватэру. У 1966 годзе ў іх нарадзіўся сын Сяргей.
Пасля ў Марыі Мікалаеўны была праца на будаўнічым палігоне, потым у мехмайстэрні на прахадной прыбірала, працавала яшчэ і на пенсіі. Ужо амаль 16 гадоў жыве адна пасля смерці мужа.
— Усю дарогу я пры цяжкай працы, але памаленьку жыву, — уздыхае жанчына. — Сын недалёка, у Кавалях, прыязджае, дапамагае, два ўнукі ёсць. Да мяне, бывае, знаёмая заходзіць, жаліцца, якое жыццё цяпер цяжкае. А я як пасяджу, падумаю, дык кажу ёй: «Не дай, Божа, каб вы жылі так, як мы жылі. Цяпер жыві – не ўмірай: і капейку даюць, і ў магазінах усяго хапае. Дай, Божа, каб больш не было вайны, бо гэта самае страшнае. Нават па тэлевізары страшна гля-дзець, не тое, што на свае вочы перажыць…
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *