Сталіцай свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2020” сёлета стане Скідзель.
Горад ужо рыхтуецца сустрэць гасцей. А супрацоўнікі сферы культуры працуюць над насычанай праграмай. Абавязкова будуць узнагароды для лепшых працаўнікоў, выставы дасягненняў, незвычайныя фотазоны, конкурсы снапоў і забавы кшталту гонак на газонакасілках.
У гэтым годзе, які праходзіць пад знакам 75-годдзя Вялікай Перамогі, падчас “Дажынак” у старым парку з’явіцца тэматычная пляцоўка “Мірная Беларусь пад белымі крыламі”. Госці змогуць наведаць інтэрактыўны музей, пакаштаваць салдацкую кашу, паглядзець канцэрт з аўтасцэны.
Да свята таксама мяркуецца вырабіць драўляную кнігу з картай Гродзенскай вобласці і “ўпісаць” у яе вынікі сельскагаспадарчага году кожнага раёна. Лепшых з лепшых узнагародзяць падчас святкавання ў Доме культуры. Тут жа пройдзе фотавыстава “Гродзенскай праўды”, якая пакажа штодзённыя клопаты працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што фатографы і журналісты “збіраюць” падчас творчай працы на палях рэгіёна.
Якім толькі тэмам ні былі прысвечаны ў розныя гады падворкі раёнаў! Сёлета на іх прапануецца адлюстраваць асаблівасці і паказаць атрыбуты той ці іншай сельскагаспадарчай прафесіі. Упэўнены, будуць прысвечаныя пчалярам, кветкаводам, садаводам і многім іншым.
Рыбацкая пляцоўка “КлЁвая” ўпершыню на “Дажынках” запросіць на спаборніцтвы па лоўлі рыбы… у фантане.
Адным словам, планаў і задумак, якія дазволяць зрабіць свята запамінальным і яркім, багата.