Дажынкі – галоўная “песня” хлебаробаў

Лента новостей

1 12 123Спакон веку святы, прымеркаваныя да збору ўраджаю, былі самыя яркія і шчодрыя. Гэтая добрая старажытная традыцыя – ушаноўваць хлебаробаў і дзякаваць ім за іх нялёгкую працу – жыве і цяпер. Ва ўсе часы ад таго, колькі збожжа атрымана ў выніку напружанай працы ў полі, залежыў дабрабыт краіны, а таму «Дажынкам», як вянцу хлебаробчай працы, надаецца значная ўвага на дзяржаўным узроўні. Свята ўваходзіць у лік адметных беларускіх мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць людзей, даюць ім імпульс да стваральнай працы, спрыяюць далейшаму росквіту краіны.

На «Дажынках» не толькі падводзяць вынікі жніва. Там і спяваюць… Як рабілі нашы продкі і пяцьдзясят, і сто гадоў таму. Работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і яго філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці ў аграгарадках прымаюць самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы канцэртнай часткі свята. Выступаюць самі, запрашаюць падзяліцца сваім вакальным талентам дарослых і юных удзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіччыны.
На мінулым тыдні святы ўраджаю адбыліся ў СВП “АграМір”, СВК “Пархімаўцы”, аграфірме “Стары Дворац”, СВК імя Варанецкага, СВК “Малабераставіцкі элітгас”, РУСП “Масаляны” і СВК “Алекшыцы”. На гэтым тыдні – у СВК “Макараўцы”, на наступным пройдуць у СВК “Цецяроўка”. Кіраўніцтва гэтых гаспадарак сумесна з мясцовымі і запрошанымі артыстамі па меры магчымасці пастараліся ўшанаваць хлеба­робаў у завяршэнні іх напружанай працы, падарылі музычныя нумары і святочны настрой. На праведзеных канцэртных праграмах у іх адрас гучалі цёплыя словы ўдзячнасці за прыкладзеныя намаганні і добрыя, прыгожыя песні. Безумоўна, хлебаробы пастараліся. Выкарыстоўваючы кожны пагодлівы дзень, кожную хвіліну, у складаных умовах надвор’я, яны здолелі з мінімальнымі стратамі сабраць вырашчаны ўраджай, у чарговы раз прадэманстраваўшы сваё ўменне працаваць на зямлі, спаўна вырашаць пастаўленыя задачы.
Святлана Ганчарова, фота прадастаўлена аддзелам арганізацыйна-метадычнай работы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *