Род Касакоўскіх, да якога належаць таксама былыя ўладальнікі Бераставіцы, вялікі і разгалінаваны. Сярод яго прадстаўнікоў былі таленавітыя дыпламаты і ваенныя, каcцёльныя іерархі і мецэнаты мастацтва, калекцыянеры і дзяржаўныя чыноўнікі вышэйшых рангаў. Касакоўскія мелі вялікую славу і аўтарытэт у грамадстве. Акрамя гэтага яны валодалі напрыканцы ХIХ- пачатку ХХ стагоддзяў вялізнымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, у тым ліку нерухомасцю ў Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губернях,Каралеўстве Польскім (у складзе Расіі), а таксама ў расійскай глыбінцы. Менавіта ў гэты перыяд часу графскі род дасягнуў найвялікшай славы і заможнасці.
З 1901 па 1905 гады гаспадары бераставіцкага маёнтка адначасова валодалі трыма велічнымі палацамі ў розных сваіх вотчынах: у Вайткушках, Варшаве і Вялікай Бераставіцы.
Вайткушкі (Ковенская губерня, Вілкамірскі павет) – самая вялікая вотчына графоў Касакоўскіх. Тут знаходзілася іх галоўная рэзідэнцыя – вялізны шматпавярховы палац. Большасць свайго часу прадстаўнікі графскага роду праводзілі менавіта ў Вайткушках. У гэтым маёнтку часта гасцявалі Радзівілы, Даўгелы, Мейштовічы, Лубенскія, Буякоўскія, Храпавіцкія, Хадкевічы, прадстаўнікі іншых вядомых родаў. Гэты двор з прыватным візітам наведвалі шматлікія высокія дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку ковенскі губернатар і вілкамірскі павятовы стараста. У Вайткушках працавалі многія вядомыя мастакі, сярод якіх Вацлаў Давідовіч i Гелена Эдзітовіч. Тут знаходзілася асноўная частка ўсіх калекцыйных збораў Касакоўскіх – вялікая карцінная галерэя, калекцыя старажытнай рыцарскай зброі, багатая бібліятэка, сямейны архіў, іншыя матэрыяльныя каштоўнасці.
Палац знаходзіўся ў валоданні Касакоўскіх з 1764 г. (куплены быў у Скарульскіх). Грунтоўна перабудаваны пры Станіславе Шчэнсным Касакоўскім (1795-1872). Будова палацу цягнулася ажно 5 гадоў (1857-1862).Узначальваў будову вілкамірскі архітэктар-самавучка Баніфацы Паўлоўскі. Палац уключаў элементы стылю неарамантыкі і неаготыкі (узведзены на падабенства палацу Мірамар у італьянскім Трыесце). Даўжэзны будынак быў зроблены з цэглы і накрыты ліставым жалезам. Складаўся з некалькіх прамавугольных, розных па вышыні частак. Некаторыя з іх нагадвалі вежы, мелі нават чатыры паверхі. Па вуглах і пры фасадзе палацавая канструкцыя таксама аздаблялася мноствам невялікіх цыліндрычных вежаў. У ваколіцах палацу быў разбіты шыкоўны парк з алеямі, ставамі, каналамі, мноствам альтанак і масткоў.
У палацавай капліцы захоўваўся саркафаг з сэрцам Яна Караля Хадкевіча, некалі прывезены з Вялікай Бераставіцы. Акрамя гэтага ў Вайткушках размяшчалася славутая фотамайстэрня Станіслава Казіміра Касакоўскага (сына Станіслава Шчэнснага).
Як ўжо адзначалася, пры графе Станіславе Казіміры (1837-1905) сям’я Касакоўскіх дасягнула найвышэйшай кропкі свайго дабрабыту і магутнасці, а граф з’яўляўся своеасаблівым яе лакаматывам. Ён аб’ядноўваў родных у адзіны калектыў, кожным з іх апекаваўся, дапамагаў матэрыяльна. Таму палац ў Вайткушках заўсёды быў поўны гасцей і блізкіх графскай сям’і. Гэты перыяд можна назваць “залатым векам” Касакоўскіх.
Апошнія гады жыцця граф хварэў, хадзіў з дапамогай кульбы, а потым ўвогуле перамяшчаўся на калясцы. Тым не менш яго камунікабельнасці можна было пазайздросціць. Ён вёў актыўны лад жыцця – шмат падарожнічаў, часта наведваў свае іншыя маёнткі, фатаграфаваў, пісаў успаміны і нават неаднаразова бываў за мяжой. Вядома, што ў лістападзе 1904 года ён разам з трэцяй жонкай Соф’яй Бовэр-Ст.Клайр (французскага паходжання) і малодшымі дзецьмі Ядвігай і Янам Яўстахам быў на аўдыенцыі ў Святога Айца ў Ватыкане. Паміж трыма сынамі Станіслаў Казімір падзяліў свае вотчыны. Да старэйшага сына Юзэфа (ад першага шлюбу) раней адышла Вялікая Бераставіца з новым палацам, Міхалу (ад другога шлюбу) дасталіся Нідокі таксама з палацам, а малодшаму сыну Яну Яўстаху (ад трэцяга шлюбу) граф завяшчаў Вайткушкі. Адзначу, што маёнтак у Нідоках (Вілкамірскі павет) звязаны з гісторыяй Бераставіцы ў меншай ступені, таму апісваць яго лічу немэтазгодным.
Станіслаў Казімір памёр у 1905 г. і быў пахаваны на могілках пры касцёле ў блізкім ад Вайткушак Пашыліне. Некалі ён фундаваў немалыя сродкі на гэты касцёл, а яго бацька Станіслаў Шчэнсны намаляваў і перадаў туды некалькі сваіх рэлігійных абразоў.
Пасля смерці графа “імперыя” Касакоўскіх пачала хіліцца да закату. Палац у Вайткушках паступова прыходзіў у заняпад. У дадатак разгарэліся спрэчкі паміж нашчадкамі з-за падзелу багатай спадчыны. Канулі ў небыццё былыя гучныя балі, фуршэты, верхавая язда і катанні па парку на брычках, паляўнічыя выправы, іншыя забавы. Падчас першай сусветнай вайны маёнтак быў моцна разрабаваны і спустошаны. У міжваенны перыяд Ян Яўстах з’яўляўся толькі фармальным яго ўладальнікам. Пустым і малазаселеным будынкам былой графскай рэзыдэнцыі кіравала яго цётка Мараўская. У другую сусветную вайну ў палацы размяшчаўся лагер для інтэрніраваных польскіх жаўнераў, а таксама яўрэйкае гета. Жыхароў гета нацысты зліквідавалі ў бліжэйшым лесе. Урэшце будынак увогуле ператварыўся ў руіну, а ў пасляваенныя гады быў часткова разабраны. У такім жаласным стане ён праіснаваў да нашых дзён. Нядаўна паступіла інфармацыя, што ў Вайткушках нібыта пачалі праводзіцца нейкія аднаўленчыя работы. Нагадаю, што мясцовасць Вайткушкі (літ.Vaitkuskes) знаходзіцца з правага боку ад аўтатрасы Вільнюс – Рыга за некалькі кіламетраў да г.Укмерге.
Другі палац Касакоўскіх, варшаўскі, размяшчаўся ў цэнтральнай частцы горада на вуліцы Новы Свет, дом № 19.
У 1852 г. Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі разам з жонкай Аляксандрай дэ Лаваль, пакінуўшы маёнткі ў Вайткушках і Вялікай Бераставіцы сыну Станіславу Казіміру, перасяліліся ў Варшаву і наведвалі іх толькі зрэдку. Праз год графіня дэ Лаваль (дачка некалі ўплывовых і заможных пецярбургскіх асобаў) купіла згаданы палац у графаў Пуслоўскіх (акрамя гэтага Пуслоўскія валодалі маёнткам Альберцін пад Слонімам) і з мужам пераехала туды жыць.
Варшаўскі палац Касакоўскіх быў пабудаваны з цэглы і меў тры паверхі. Па форме ўяўляў выцягнуты прамавугольнік. З двух бакоў над будынкам роўна на адзін паверх узвышаліся дзве квадратныя вежы з вокнамі. На фасадзе знаходзілася некалькі балконаў і былі ўсталяваны скульптуры чатырох музаў. У 1858 г. унутраная планіроўка будынку на загад графіні была зменена (архітэктар Францыск Марыя Ланцы). Ёсць інфармацыя, што праз год пасля заканчэння рамонту ў апартаментах палацу гасцяваў расійскі імператар Аляксандр II.
Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі заснаваў у палацы бальны салон. Бальную залу абсталявалі шыкоўнымі падвяснымі і насценнымі жырандолямі (люстрамі), пры сценах па-ставілі вялізныя люстэркі, а падлогу выслалі паркетам з экзатычных пародаў дрэва. Уладальнік у дадатак адкрыў у палацы багатую карцінную галерэю, дзе збіраліся знатакі мастацтва. Як і ў Вайткушках, у варшаўскім палацы знаходзілася вялікая калекцыя рыцарскай зброі, кніжак і іншых рарытэтных рэчаў.
У былых апартаментах Касакоўскіх у Варшаве размяшчаецца сучасны маладзёжны дыска-бар “Калумбія”, кветкавы магазін і некаторыя іншыя ўстановы.
Трэба адзначыць, што калекцыйныя зборы і іншая маёмасць з Варшавы часткова былі перавезены ў Бераставіцу і Вайткушкі, а сродкі, атрыманыя ад продажу будынку ў 1906 г., Юзэф Касакоўскі ўклаў у пабудову новага бераставіцкага касцёла, названага ў гонар Перамянення Пана.
Бераставіцкі палац, калі не ўлічваць невялікіх старажытных драўляных карпусоў, з’яўляецца самым маладым з усіх трох графскіх палацаў. Узведзены быў на сродкі Станіслава Казіміра Касакоўскага і перададзены ў валоданне сыну Юзэфу. Асноўныя будаўнічыя работы завершаны ў 1900 г., але аздабленне праводзілася яшчэ на працягу ўсяго 1901 г. Аўтарам праекту стаў архітэктар Юліуш Васюцінскі. Палацавы комплекс размяшчаўся на правым беразе рэчкі Бераставічанкі (цяперашняе возера), дзе знаходзіцца райбальніца.
Для тых, хто цікавіцца гісторыяй нашага мястэчка і яшчэ не ведае аб гэтым, адкрыю невялікі сакрэт. Сёння многія лічаць, што гэты палац стаяў на тым месцы, дзе цяпер размешчаны стары корпус бальніцы, і што бальніцу ўзвялі літаральна на палацавых падмурках. Сцвярджаю, што гэта памылка. На самай справе ён размяшчаўся перпендыкулярна бальнічнаму корпусу. Фасад яго быў насупраць уязной брамы (сёння захаваліся ад яе дзве калоны). У гэтым няма ніякага сумнення. Мне даводзілася неаднаразова бачыць старыя фота-здымкі, на якіх добра відаць месца знаходжання палацу адносна брамы. Гэта пацвярджаюць і некаторыя бераставіцкія жыхары-старажылы.
На тэрыторыі сучаснай бальніцы перад старым корпусам ёсць газон (раней тут быў басейн). Злева ад яго, у бок інфекцыйнага аддзялення, пад горачкай знаходзіцца закрыты рэзервуар, які запоўнены вадой на выпадак пажару. Збоку ў ім ёсць невялікая адтуліна, і калі пасвяціць у яе, то ўнізе можна заўважыць рэшткі былога памяшкання з апорнай калонай. На сценах яшчэ дзе-нідзе захавалася светлая тынкоўка. Гэта і ёсць нішто іншае, як падземная частка былога графскага палацу. Вельмі верагодна, што падземныя сутарэнні палацавага будынку некалі былі яшчэ большымі. У сувязі з гэтым успамінаюцца легенды з часоў дзяцінства аб падземных хадах паміж палацам, старым касцёлам, новым касцёлам і нават будынкам маёнт-кавага бровару. Легенды не маюць ніякага навуковага і практычнага пацверджання, тым не менш жывуць сярод людзей да сённяшняга дня. Інтрыга адносна гэтага пытання захоўваецца.
Бераставіцкі палац быў пабудаваны з цэглы і меў два паверхі. Дах – чатырохсхільны, накрыты чарапіцай. У фасаднай частцы знахо-дзіліся дзве востраканечныя вежы, пакрытыя зверху ліставым жалезам, а на правым крыле будынка, па вуглах, былі дзве меншыя вежы. З тыльнага боку (ад парку і “чваракоў”, дзе жылі парабкі) непасрэдна да палацу была прыбудавана вялікая драўляная веранда, на якой Касакоўскія часта прымалі гасцей і арганізоўвалі фуршэты. Даследчык Р.Афтаназы ў сваёй вядомай манаграфіі сцвярджае, што будынак не належаў ні да якога канкрэтнага архітэктурнага стылю, а ўнутраныя яго памяшканні разам з драўлянымі карпусамі складаліся з 35 пакояў. Між тым у Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі ў Гродна захаваліся некаторыя дакументы абследвання палацу Касакоўскіх царскімі чыноўнікамі ў пачатку ХХ ст. У адным з іх гаворыцца, што“барскі дом, узведзены ў нова-германскім стылі, налічваў больш за 100 пакояў”. Супярэчнасці тут відавочныя. Колькі на самай справе памяшканняў налічваў палац, сказаць складана. Можна толькі меркаваць, што польскі даследчык магчыма не ўлічыў некаторыя пакоі ў старых драўляных карпусах, а таксама вялікую падземную частку новага палацу і яго памяшканні на мансардзе.
У палацы былі багата аздобленыя інтэр’еры, знаходзіліся калекцыі карцін, дарагой мэблі. Частка з іх была прывезена ў Бераставіцу перад продажам варшаўскага палацу. Падрабязнае апісанне гэтых унутраных апартаментаў можна знайсці ў раённай кнізе ”Памяць”.
Граф Юзэф Касакоўскі, уладальнік бераставіцкага палацу, памёр у 1917 г. у Варшаве. Па некаторай інфармацыі труну з яго целам прывезлі ў Бераставіцу і пахавалі ў падвальных сутарэннях старога бераставіцкага касцёла. Апошнімі гаспадарамі маёнтку сталі яго жонка графіня Марыя Касакоўская (народжаная Хадкевіч) і сын Станіслаў. Восенню 1939 года графскую сям’ю вывезлі ў Казахстан, а маёмасць была расцягнута мясцовымі жыхарамі і чырвонаармейцамі, падраздзяленне якіх да 1941 г. размяшчалася ў графскай сядзібе. Між тым гродзенскі гісторык Ігар Трусаў сцвярджае, што некалі ўласнымі вачыма бачыў у антыкварных магазінах Пецярбурга кніжкі з экслібрысамі хатняй бібліятэкі Касакоўскіх у Бераставіцы.
Лічыцца, што ў ваеннае ліхалецце палац гарэў і яго канчаткова разабралі ў першыя пасляваенныя гады. Не з’яўляецца сакрэтам і тое, што пры агульнай тагачаснай беднасці, адсутнасці будматэрыялаў цэглу з палацу выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні жылых дамоў па вул.Савецкая, 1 і Чырвонаармейская, 16 пасёлка, а таксама будынку, дзе сёння знахо-дзіцца райаддзел міліцыі. Такім чынам, лёс бераставіцкага палацу быў кароткім – праз няцэлых паўстагоддзя з моманту пабудовы ён перастаў існаваць. Цяпер ўбачыць яго можна на нешматлікіх старых фотаздымках (і толькі фасадную частку). І ўвогуле, лёс ўсіх трох палацаў Касакоўскіх неразрыўна звязаны з лёсам іх уладальнікаў – цікавым, але адначасова і трагічным. Кожны з будынкаў у той ці іншай ступені пацярпеў або быў увогуле зруйнаваны.
Малаверагодна, што палац у нашым пасёлку калі-небудзь будзе адноўлены. Застаецца толькі адна надзея на ўратаванне ад паступовага разбурэння сценаў старога бераставіцкага касцёла.
Сяргей ЛУШЧЫК,
гісторык, г.Гродна
Цікавую інфармацыю аб Касакоўскіх можна знайсці перш за ўсё ў кнізе вядомага польскага даследчыка Романа Афтаназы «Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej ». Гэта манаграфія ўключае шмат тамоў. Тамы, якія змяшчаюць шырокую інфармацыю аб маёнтках Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы і Вайткушакх, ёсць у аддзеле краязнаўства Абласной бібліятэкі ім. Я.Карскага ў Гродне вул. Замкавая 20. Акрамя гэтага ёсць цікавыя кніжкі, ніпісаныя самым Станіславам Казімірам Касакоўскім “Wspomnienia z przeszloci spisane dla dzieci i wnukow przez Stan.Kazim.Kossakowskiego” і “Monografie historyczno-geneologiczne niektorych rodzin polskich”. Арыгіналамі гэтых выданняў можна карыстацца ў чытальнай зале аддзелу рэдкай кнігі бібліятэкі Акадэміі Навук Беларусі (Мінск, вул.Сурганава 15). Ёсць таксама “Polski slownik biograficzny” і г.д.
michaliszki:
у вас есть компьютер — открываете гугл и в поиске набираете
Коссаковский и читаете.
после можете набрать там слеповрон- и прочитаете о гербе Коссаковских.
если умеете читать по польски то наберите Kossakowski.
И читать вам не перечитать 🙂
Посоветуйте пожалуйста книги в которых можно почитать про историю Рода Касакоўскіх.