Сярод памятных дат, што змяшчае краязнаўчы каляндар Бераставіччыны на 2019 год, ёсць адметная дата ў гісторыі Вялікай Бераставіцы – 2 жніўня 1754 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІІ надаў ёй Прывілей на самакіраванне. З нагоды 265-годдзя з часу атрымання нашым мястэчкам Магдэбургскага права мясцовы краязнавец Андрэй Втарушын стварыў паштоўкі, прысвечаныя гэтаму юбілею.
Гэта ўжо трэцяя серыя памятных ілюстрацый, прысвечаная Магдэбургскаму праву ў Вялікай Бераставіцы. Папярэднія былі выпушчаны ў 2009 і 2014 гадах.
– Як настаўнік выяўленчага мастацтва, я спрабую стварыць візуальную памяць аб гістарычных падзеях нашага краю, – гаворыць Андрэй Втарушын. – Тэма Магдэбургскага права Вялікай Бераставіцы асаблівая для мяне, бо яе гісторыя мае шмат белых плямаў. Вывучэнне гэтай тэмы праз архіўныя дакументы і гістарычную літаратуру дае мне магчымасць стварыць гістарычныя замалёўкі ў выглядзе паштовак.
Дарэчы, новая паштоўка ўжо выстаўлялася на Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме. Яна стала сапраўдным упрыгожаннем на святочнай пляцоўцы Бераставіцкай раённай бібліятэкі, якая прысвяціла юбілейнай даце сваю тэматычна-ілюстрацыйную выставу “Калі Бераставіца стала Вялікай”.
Гэта, дарэчы, далёка не адзіная тэма, да якой звяртаўся Андрэй Францавіч пры стварэнні паштовак. У свой час ён выпускаў паштоўкі да 400-годдзя з часу першага асвячэння Віленскім біскупам Бенядыктам Войнам драўлянага будынка касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1615 годзе, да 510-годдзя ўпаміну Вялікай Бераставіцы ў архіўных дакументах, да 400-годдзя Кватараў, да “Бераст-Фэсту”, “Бульба-МЭБу” і “Эйсмантаўскага фэсту”, а таксама юбілею Бераставіцкай ДШМ і г.д.
Дзейнасць Андрэя Втарушына не абмяжоўваецца настаўніцтвам і выданнем краязнаўчых паштовак. Ён аўтар шэрагу гістарычных брашур і сцэнічнага афармлення нашых брэндавых святаў, стваральнік лагатыпаў і сімволікі мясцовых фэстаў.
Што ж да паштовак, то падобныя краязнаўчыя ілюстрацыі – добрая памяць аб гістарычных падзеях, значных для нашай малой радзімы.
Святлана Ганчарова, фота аўтара