Гістарычныя вехі бераставіцкага касцёла

Лента новостей Общество

”Вялікая Бераставіца – мястэчка, якое мае хіба-што найбольш гістарычных помнікаў, належала некалі гетману Хадкевічу. Драўляны касцёл, які быў фундаваны ў 1495 г., згарэў” – так узгадвае Бераставіцу літаратар і публіцыст Станіслаў Зыгмунт Гіршэль у сваім краязнаўчым даведніку ”Przyczynki do monografji powiatu grodzieńskiego” за 1923 г.

У 2-й палове XV ст. землі, на якіх знаходзілася Бераставіца, былі каралеўскай уласнасцю і ў народзе называліся ”каралеўшчынай”. Праўдападобна, што пасяленне Бераставіца заснавалі асаднікі, прыбыўшыя ў гэты край з Мазовіі, якія і пабудавалі ў паселішчы невялікі драўляны касцёл.

У 1506 г. мястэчка было падарана каралём Аляксандрам Ягелончыкам літоўскаму магнату Аляксандру Хадкевічу і цягам амаль 200 гадоў было ва ўласнасці заможнага і славутага роду Хадкевічаў.

Фундушавыя дакументы архіва Віленскай дыяцэзіі за 1522 г. пацвярджаюць існаванне бераставіцкага касцёла ў той час. Паводле асобных сведчанняў, чарговы раз касцёл у Бераставіцы быў пабудаваны ў 1615 годзе. У некаторых гістарычных і краязнаўчых выданнях адзначаецца, што менавіта тады на сродкі ўладальніка мястэчка Гераніма Хадкевіча ў Бераставіцы быў узведзены мураваны храм, асвечаны віленскім біскупам Бенедыктам Войнам. Аднак з біяграфіі гэтага біскупа вядома, што ў 1615 г. ён знаходзіўся на лячэнні ў італьянскай Падове, дзе 22 кастрычніка памёр. Не маюць пад сабой ніякіх падстаў і сведчанні пра тое, што ў 1615 г. будынак касцёла ўжо быў мураваным. Але пра гэта яшчэ будзе размова.

Ежы Хадкевіч, малодшы брат Гераніма Хадкевіча, у свой час ўзнагародзіў бераставіцкі касцёл вялікімі зямельнымі ўгоддзямі, каштоўным алтарным інвентаром і літургічным посудам. Памёр у 1595 г. яшчэ ў маладым узросце і пахаваны ў скляпеннях касцёла. Архіўныя дакументы сведчаць, што праз 20 гадоў (у 1615 г.) Геранім Хадкевіч занава пацвердзіў прывілей брата і ад сябе перадаў касцёлу новыя землі з пабудовамі, садамі, сажалкай і млыном, выдзеліў значныя сродкі на парафіяльную школу, прызначыў на карысць прыхода мясцовыя падаткі, забяспечыў пры касцёле ўтрыманне пробашча, 4 вікарных, бакалаўра, кантара-арганіста, а для дапамогі адміністратару касцёла – 3 юнакоў і 3 старэйшых хлопцаў. За гэта капланы абавязаныя былі штодзень адмаўляць малітву да Маці Божай за фундатараў, а ў нядзелю і святы праводзіць такія набажэнствы пры ўдзеле дыяканаў і субдыяканаў. Пасля смерці Геранім Хадкевіч быў пахаваны побач з братам у крыптах бераставіцкага касцёла. Па традыцыі тут спачыў і наступны гаспадар Бераставіцы —  Кшыштаф Хадкевіч, сын Гераніма Хадкевіча. З цягам часу касцёл стаў адыгрываць яшчэ і ролю пахавальні для ўладальнікаў мястэчка.

Віленскія біскупы Абрагам Война (стрыечны брат вышэйназванага Бенедыкта Войны) і Ежы Тышкевіч адпаведна ў 1638 і 1653-54 гг. наведвалі бераставіцкі касцёл з інспектарскімі візітамі, аб чым ёсць згадка ў архіўных дакументах. У 1655 г. пасля чарговага візіту адзін з віленскіх біскупаў адзначаў: ”Касцёл прэпазітальны, цудоўны і каштоўны, пабудаваны Хадкевічамі, якія з’яўляюцца яго калатарамі. Ксяндзом тут – Уладзіслаў Сільніцкі, канонік гнезненскі і віленскі, вікарным – Ян Гутмеўш. Няма афіцыума (малітвы) да Маці Божай, адсутнічае арганіст. Прапанавана недахопы выправіць. У касцёле багатая алтарыя дзякуючы ксяндзу Мацею Жыліцкаму. Два гады не выплачваецца чынш ад эканомаў. Алтарыст праводзіць аднак 4 багаслужэнні за калатараў. Бежмаваліся 32 асобы”.

Чарговыя ўладальнікі мястэчка Ян Казімір Хадкевіч (1616-1660) і яго жонка Соф’я (з Пацаў) прызначылі на карысць касцёла чарговы багаты фундуш, адлілі новы масіўны звон, асадзілі ў Бераставіцы манаскае брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў.

Важнай старонкай гісторыі касцёла з’яўляецца 1-я палова XVIII ст. У час руска-шведскай  вайны 1700-1721 гг. (Паўночнай) выгарэла большая частка Вялікай Бераставіцы. Пацярпеў ад пажару і драўляны касцёл. Тагачасныя гаспадары Вялікай Бераставіцы Мнішкі не толькі адбудавалі мястэчка, але замест драўлянага ўзвялі новы мураваны касцёл. Годам яго пабудовы, як сведчаць шматлікія архіўныя крыніцы, лічыцца 1741 г. Верагодна ў гэты год  была поўнасцю накрыта дахам і асвечана новая канструкцыя будынка. Паводле тэстаменту урну з сэрцам фундатара Юзэфа Мнішка пахавалі ў адной са сцен бераставіцкага храма. Сам ён спачыў у касцёле Рэфарматаў у Замосці.

Звяртаючыся да гісторыі бераставіцкага касцёла, варта адзначыць прозвішча ксяндза Марціна Віньскага, які ў 1816-1835 гг. служыў тут плябанам і адначасова займаў пасаду Гарадзенскага дэкана. Гэты энергічны і творчы чалавек пабудаваў пры касцёле новую плябанію, шпіталь для бедных, занава пераплавіў састарэлыя касцельныя званы, значна ўзбагаціў каштоўным інвентаром алтарыю, а таксама адбудаваў згарэлыя сялянскія хаты ў ваколічных плябанскіх вёсках Мошні і Дубляны.

Драматызмам у гісторыі касцёла адзначана 2-я палова XIX ст. Пасля Студзеньскага паўстання 1863-64 гг. бераставіцкі касцёл закрылі. Паводле ведамасцей аб скасаваных рымска-каталіцкіх касцёлах Гарадзенскай губерні за 1866-68 гг. канчаткова  прыход быў ліквідаваны 30 верасня 1865 г. Падставай для гэтага паслужыла рашэнне віленскага генерал-губернатара К. П. фон Каўфмана № 2450 ад 1 верасня 1865 г.

З перапіскі: ”Гродненскому губернатору. По соображении обстоятельств, изложенных в представлении Вашего Превосходительства от 28-го прошлаго августа за Nr. 1153 о Велико-Берестовицком католическом костёле, разделяя со своей стороны вполне пользу и необходимость закрытия означеннаго костёла с передачею здания онаго в ведение Православнаго Духовенства, я разрешаю Вам привести сие в действительное исполнение на приведённых в представлении Вашем основаниях, войдя ныне же в сношение с Рим.- Кат. Епархиальным Начальством о переводе в другое место состоящих при костёле ксендзов и распределении прихожан к другим костёлам. Насчёт же здания костёла, которое вероятно вполне пригодно для обращения в Православную церковь, я покорнейше прошу Вас представить мне соображения”.

У наступныя некалькі гадоў будынак быў перабудаваны ў праваслаўную царкву. Напярэдадні гэтых падзей царскія ўлады правялі ў мястэчку і яго ваколіцах статыстычныя даследаванні і прыйшлі да высновы, што пераважную большасць тут складаюць праваслаўныя вернікі, а існуючая на той час у Вялікай Бераставіцы царква, на іх думку, занадта маленькая і не ў стане змяшчаць усіх ахвотных прыхаджан, што стала афіцыйнай прычынай закрыцця касцёла і перадачы яго праваслаўнаму ведамству. Фактычна гэта была помста ўладаў жыхарам мястэчка за ўдзел у Студзеньскім паўстанні 1863 г.

Паведамленне аб закрыцці касцёла уладальнік мястэчка граф Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі атрымаў у Варшаве. Адтуль 27 верасня 1865 г. ён накіраваў тэрміновы ліст  Гарадзенскаму губернатару Скварцову: ”Милостивый государь Иван Николаевич! Получил извещение, что правительству угодно упразднить, основанный предками моей матери, римско-католический костёл в принадлежащем мне местечке Великой Бржостовице Гродненскаго уезда. Считаю долгом обратить благосклонное внимание Вашего Превосходительства на это обстоятельство, что означенный костёл, построенный исключительно частными средствами, составляет заветное состояние моего рода, в нём похоронены мои предки и что этот костёл с давнего времени был всегда приходским, а причисленный к нему приход заключает в себе значительное количество жителей и обнимает значительное пространство земли. Разделение этаго прихода и присоединение частей к другим костёлам, состоящим от Великой Бржостовицы на дальнем разстоянии, поставило бы в весьма затруднительное положение не только меня, но и всех прихожан.

По этим уважениям принимаю смелость покорнейше просить Ваше Превосходительство не отказать мне в милостивом вашем содействии, как насчёт исходатайствования отмены распоряжения об упразднении Велико-Бржостовицкаго костёла, если таковое уже последовало, так и насчёт оставления этаго храма впредь на прежнем основании.

К сему неизменным считаю присовокупить, что при возведении в Великой Брожостовице православной церкви я употребил все возможныя средства с своей стороны к содействию этой постройки, которая уже приходит к окончанию, и на которую я пожертвовал, как наличными деньгами, так и разными материалами около 8000 руб. серебром. Кроме таго, на содержание в моём имении двух Православных Священников я уплачиваю по 53 руб. серебром ежегодно. Наконец, известно Вашему Превосходительству, что для постройки дома волостного правления и народнаго училища для крестьян пожертвованы мною большой дом и площадь, на которой сие строение воздвигнуто по предписанной форме на супротив церкви. Быть может эти последние обстоятельства будут удостоены внимания при разрешении моей просьбы. В ожидании благосклоннаго ответа Вашего Превосходительства, имею честь покорнейше просить приняить выражение истиннаго, высокаго уважения и совершенной преданности

Тайный советник сенатор Граф Станислав Осипов Коссаковский”.

З Варшавы Касакоўскі  выехаў у Бераставіцу, дзе яго чакала  яшчэ адна жахлівая навіна. Эканом маёнтка паведаміў, што мясцовая паліцыя і салдаты вынеслі з падземных катакомбаў труны з нябожчыкамі, чалавечыя рэшткі звалілі ў адну агульную яму на тэрыторыі касцёла і закапалі, а труны паламалі і пакідалі ў раскладзенае перад касцёлам вогнішча. Абураны гэтым дзікунствам, граф накіраваўся спачатку ў Гродна на сустрэчу з губернатарам, а адтуль у Вільню на прыём да генерал-губернатара фон Каўфмана. Адстойваючы касцёл, бераставіцкія каталікі склалі віленскаму генерал-губернатару сваю петыцыю. Аднак усе намаганні былі дарэмнымі. Ніякія прашэнні не прымаліся да ўвагі. І толькі Гарадзенскі губернатар прыслаў Касакоўскаму сціплы адказ:

“Упразднение костёла признано необходимым, приведено в исполнение и не может уже быть отменено”.

Мала таго, за “паклёп” быў пакараны штрафам у памеры 100 руб. той самы графскі эканом, які быў сведкам вынасу з касцёла трун. Як пазней аказалася, спагнаныя з яго грошы асабістым распараджэннем генерал-губернатара былі накіраваныя “в управление в пользу пострадавших от польскаго мятежа”.

Пасля закрыцця касцёла ўвесь яго інвентар абавязалі прыняць малабераставіцкага ксяндза-пробашча Юстына Яўшыца. Будынак ”ачысцілі” ад абразоў, памятных табліц, канфесіяналаў, дэманціравалі насценныя алтары. У Малую Бераставіцу адправілі ўсе метрычныя кнігі і іншую касцельную дакументацыю, пасля чаго спустошаны будынак перадалі ў распараджэнне благачыннага пратаіерэя Ануфрыя Шэмяцілы. З ўсяго інвентару ў будынку пакінулі толькі старадаўняе драўлянае ўкрыжаванне і абраз Маці Божай (Рудаўскі).                      

Гарадзенскі губернатар распарадзіўся правесці перабудову касцёла хутка, эфектыўна і нядорага. Адказным за рэканструкцыю быў прызначаны стацкі саветнік архітэктар Міхаэліс, які адначасова ажыццяўляў нагляд за пабудовай у мястэчку іншай праваслаўнай царквы. Яму загадалі тэрмінова прадставіць план касцёла, праект перабудовы і каштарыс работ. Прадугледжвалася “…без особой перестройки храм устроить так, чтобы в оном можно было совершать богослужения по обрядам Православной Церкви, а именно: 1) устроить алтарную часть с иконостасом и иконами; 2) устроить клирос и заменить кресты на костёле вместо католических православными; 3) исправления же предположить произвести, какие будут признаны Архитектором и местным Священником”.

Былі разабраныя дзве фасадныя вежы-званіцы, якія ніяк не ўпісваліся ў агульны выгляд царквы. Касцельная плябанія з гаспадарчымі пабудовамі таксама перайшла на карысць праваслаўнага прычту.

Насуперак рашэнням уладаў рэканструкцыя цягнулася марудна. Незадаволенасць яе тэмпамі выказваў нават віленскі генерал-губернатар. Пасля яго ўмяшальніцтва работы паскорыліся і неўзабаве вызначылася дата асвячэння — 23 красавіка 1868 г. Напярэдадні яе Епіскап Брэсцкі Ігнаці прасіў Гарадзенскага губернатара: ”Сходно данному мне Высокопреосвященным Иосифом Митрополитом Литовским и Виленским поручению, предположив 22-го сего Апреля отправиться с 3-мя Диаконами  и Певчими в м. Великую Берестовицу для освящения там новоустроенной Приходской Церкви, имею честь покорнейше просить Ваше Превосходительство об учинении зависящего распоряжения насчёт поставки 4-х лошадей под мой экипаж и 10 лошадей под 4 повозки для свиты и ризницы – от г. Гродна до м. Великой Берестовицы и обратно”.

Літаральна праз некалькі дзён пасля ўрачыстасці асвячэння архітэктар Міхаэліс рапартаваў кіраўніцтву: “Комитету имею честь сообщить, что в м. Великой Берестовице в бывшем Римско-Католическом костёле Иконостас окончен, все починки внутри Церкви окончены, так что 23 числа сего Апреля Церковь уже освящена. Ныне приступаю к починкам снаружи Церкви. В дер. Пригодичах изготовлен к Церкви притвор, на котором недостаёт только крыши, начато настилать в Церкви пол и сделана стенка, отделяющая алтарную часть от ризницы, сверх того заготовлен косяк к окнам и начато строить хоры”.

Новая царква атрымала назву Спаскай і стала прыхадской.

Пасля ліквідацыі касцёла каталікам засталася толькі невялікая драўляная капліца на парафіяльных могілках, куды зрэдку прыязджаў ксёндз з Вялікіх Эйсмантаў. Нягледзячы на гэта, вернікі па ранейшаму актыўна збіраліся на малітву.

Спаская царква праіснавала да Першай сусветнай вайны. Перад прыходам кайзераўскіх войскаў увесь праваслаўны прычт з найбольш каштоўным інвентаром эвакуіраваўся ў Расію.

Немцы выкарыстоўвалі будынак як лазарэт для хворых салдатаў, а потым як вайсковую канюшню.

У 1919-20 гг. з прыходам польскай ўлады будынак вярнуўся каталікам. У сярэдзіне яго быў устаноўлены вялізны алтар у стылі ракако, дэкараваны драўлянымі фігурамі святых. Аднак статус прыходскага храм ужо так і не атрымаў – на той час у мястэчку ўжо існаваў новы парафіяльны касцёл, пабудаваны ў 1912 г. графамі Касакоўскімі. У міжваенны час будынак старога касцёла быў зачынены і адкрываўся ўсяго некалькі разоў на год па вялікіх святах. У 1920 і 1935 гг. былі зробленыя спробы грунтоўна аднавіць гэтую гістарычную каштоўнасць. Ініцыятарам у абодвух выпадках выступаў вядомы гісторык і археолаг Юзаф Ядкоўскі, заснавальнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Да справы ён падключыў знаёмых варшаўскіх кансерватараў. Аднак з-за браку сродкаў усё абмежавалася толькі дробнымі касметычнымі работамі і рамонтам прагніўшага гонтавага даху.

Канчаткова стары касцёл перастаў выкарыстоўвацца па прызначэнні з прыходам савецкай улады ў 1939 г. У ім зрабілі склад збожжа. Частку інвентару ўсё ж удалося перавезці у новы касцёл – між іншым алтарныя фігуры апосталаў Пятра і Паўла, некалькі абразоў ды два драўляныя канфесіяналы. Рэшта маёмасці была разрабаваная і разбітая  вандаламі.

У другую сусветную вайну пры немцах вокны касцёла замуравалі цэглай, зрабіўшы з іх байніцы для кулямётаў. Аднак у абарончых мэтах будынак, на шчасце, не паспелі выкарыстаць.

 З 1944 г. касцёл зноў засыпалі збожжам, а на ўваходзе расцягнулі стракаты агітплакат “Сдадим зерно государству!”. Да 1948 г. на яго тэрыторыі для мясцовых жыхароў у дадатак ”круцілі” яшчэ кіно. Пры паўднёвай сцяне ўкапалі два слупы і нацягнулі экран, перад якім паставілі некалькі радоў лавак. Пры ўваходнай браме стаялі кантралёры, якія правяралі квіткі. Пасля сеанса кінаапаратуру хавалі пад замок у спецпамяшканні ўсё той жа ўваходнай брамы. Для гэтага адну з яе створак давялося наглуха замураваць цэглай. Калі пачалі паўсюдна арганізоўвацца калгасы, будынак касцёла аддалі пад склад Райспажыўсаюза. У яго цэнтральнай і левай навах, а таксама ў падвалах захоўвалася сельгаспрадукцыя, бочкі з селядцамі, тытунь, керамічная плітка, у той час як правая нава была адгароджаная ад касцёла цаглянай сцяной – там працавала сталярная майстэрня.

У канцы 50-х вакол касцёла канчаткова разабралі мураваную агароджу. Мясцовыя арганізацыі тады атрымалі кожная свой кавалак сцяны для разборкі. Адначасна былі зруйнаваныя ўсе прыкасцёльныя помнікі і выразаны дрэвы.

У 80-я гг. было прынята рашэнне аднавіць гістарычны касцёл. Нават узвялі будаўнічыя рыштаванні, аднак пажар 1992 г. знішчыў будаўнічыя канструкцыі, а разам з імі і надзеі на аднаўленне. Сцены без даху пачалі імкліва разбурацца. Сёння стары бераставіцкі касцёл знаходзіцца ў стане руін.

Сяргей Лушчык, г. Гродна 

                                                   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *