Гімназія выбірала “Міс”

Лента новостей

“Другая віцэ-міс гімназія” Яўгенія Журко, “Міс гімназія – 2012” Алеся Грыгалец, “Першая віцэ-міс гімназія” Паліна Бялевіч, “Міс сімпатый гледачоў” Карына Леваненя

Самыя прыгожыя дзяўчаты Беларусі яшчэ толькі рыхтуюцца да фіналу конкурсу “Міс Беларусь – 2012”, а ў гімназіі аг.Пагранічны са сваімі прыгажунямі ўжо вызначыліся: “Міс гімназія – 2012” і “Міні-міс гімназія – 2012” з годнасцю носяць свае тытулы, якія яны заваявалі ў няпростай барацьбе.

Конкурс “Міс гімназія – 2012” праходзіў у Пагранічным 16 сакавіка. Ужо за месяц да яго пачалася актыўная падрыхтоўка канкурсантак, кожны клас, з 5 па 11, выставіў сваю прэтэндэнтку. Класныя кіраўнікі, сябры і аднакласнікі таксама падключыліся з дапамогай, падтрымлівалі і хваляваліся за сваіх прэтэндэнтак на карону першай прыгажуні гімназіі.
У конкурснай праграме дзяўчат чакалі сур’ёзныя выпрабаванні: у конкурсах “Візітка” і “Творчы нумар” прэтэндэнткі расказвалі пра сябе, раскрывалі свае таленты і здольнасці. Трохі жартоўныя, але тым не менш адказныя конкурсы патрабавалі таксама праявіць веданне таго, што знаходзіцца ў дамскай сумачцы, як правільна і ў якой паслядоўнасці наносіцца макіяж і інш.
А яшчэ дзяўчаты паказвалі, якія яны будучыя гаспадыні: арыгінальныя стравы яны рыхтавалі загадзя, а на конкурсе прадстаўлялі іх на суд журы.
Ну і адзін з самых адказных момантаў – конкурс “Дэфіле”: у вечаровых сукенках, з арыгінальнымі прычоскамі, стварыўшы свой непаўторны вобраз, юныя прыгажуні, як сапраўдныя мадэлі, дэфіліравалі па сцэне.
У журы конкурсу ўваходзілі настаўнікі – мужчыны і прадстаўнікі адміністрацыі гімназіі. І ім было сапраўды нялёгка вызначыцца з выбарам, бо 11 канкурсантак ішлі з зусім невялікім адрывам.
У выніку карону “Міс гімназіі” атрымала вучаніца 10 класа Алеся Грыгалец. Першай віцэ-міс стала вучаніца 5 класа Паліна Бялевіч, а званне другой віцэ-міс заваявала Яўгенія Журко з 9 класа.
У гледачоў конкурсу таксама была магчымасць выбраць тую прэтэндэнтку, якая ім найбольш спадабалася. Шляхам галасавання гледачоў была выбрана “Міс сімпатый гледачоў”, ёй стала вуча-ніца 6 “А” класа Карына Леваненя.
“Міс гімназія” атрымала перахо-дзячую карону, якую ў наступным годзе яна перадасць новай “міс”, стужкі і граматы дасталіся таксама і віцэ-міс.
Нярэдка кажуць, што дзяўчаты бываюць або прыгожыя, або разумныя. Але Алеся Грыгалец поўнасцю абвяргае такое меркаванне. Дзяўчынка не толькі прыгажуня, але і разумніца, выдатніца ў вучобе. Яна пастаянная ўдзельніца і пераможца раённых прадметных алімпіяд па рускай і беларускай мовах, заняла першае месца на канферэнцыі навукова-даследчых работ па хіміі, якая праходзіла ў Ваўкавыску. Акрамя гэтага, Алеся вышывае крыжыкам, займаецца бісерапляценнем, любіць танцаваць, наведвала харэаграфічны гурток. Яна прымае ўдзел ва ўсіх гімназічных мерапрыемствах.
Першая прыгажуня гімназіі вельмі сціплая дзяўчынка, яна яшчэ і не зусім звыклася са сваім тытулам і з узрослай папулярнасцю. Алеся гаворыць, што гэта накладвае на яе дадатковую адказнасць, бо заўсёды трэба весці сябе адпаведна.

“Міні-міс гімназія – 2012” Анжэла Савіцкая

А праз тыдзень, 23 сакавіка, у гімназіі адбыўся яшчэ адзін конкурс прыгажосці — для самых маленькіх дзяўчынак, вучаніц пачатковых класаў. За званне “Міні-міс гімназія – 2012” змагалася 6 канкурсантак з 1-4 класаў.
Візітная картка, творчы нумар “Я — дзяўчынка сучасная”, “Гаспадынька”, “Прыгажунька”, “Дэфіле” – у маленькіх удзельніц конкурсу выпрабаванні таксама былі няпростыя.
“Міні-міс гімназія – 2012” стала Анжэла Савіцкая з 3 “Б” класа, а карону ёй уручала ўжо сама “Міс гімназія”, якая таксама ўваходзіла ў склад журы. Усе астатнія маленькія ўдзельніцы конкурсу атрымалі свае тытулы: “Міс усмешка”, “Міс сціпласць”, “Міс чароўнасць”, Міс арыгінальнасць” і “Міс элегантнасць”.
Конкурс прыгажосці праводзіўся ў гімназіі ўпершыню, але ператварыўся ў сапраўднае шоу. Ён настолькі спадабаўся і ўдзельніцам, і гледачам, што вырашана зрабіць яго традыцыйным.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *