СВП “АграМір” у апошнія гады зрабіў значны рывок наперад і вызначаецца дынамічным развіццём. Гаспадарка пачынае рабіцца сапраўднай візітнай карткай Бераставіччыны. Як ніхто іншы, адчуваюць гэта на сабе працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Паляпшаецца іх дабрабыт, умовы працы і, адпаведна, настрой, з’яўляецца стымул працаваць з добрай аддачай, каб яшчэ больш палепшыць вынікі і ўпэўнена рухацца наперад. Разам з іншымі гаспадаркамі раёна тут рупяцца, каб выкарыстаць веснавы падарунак прыроды – сонечныя спакойныя дзянькі, і ў аптымальны тэрмін пасеяць яравыя збожжавыя.
Мне давялося пабываць на полі ў СВП “АграМір”. Як і шэраг іншых на бераставіцкай зямлі, яно здалёк прыцягвае вока сваім дагледжаным выглядам. Відаць, што ўкладваюць душу ва ўдзячную ўрадлівую хлебную ніву і добрую справу тут сапраўдныя гаспадары. Поле своечасова падрыхтаванае да таго, каб прыняць спорнае буйнае насенне.
Ды і тэхніка апраўдвае чаканні хлебаробаў. Энерганасычаны трактар Джон Дзір у той цёплы дзянёк на гэтым тыдні быў бачны ўжо здалёк. Яркага незвычайнага зялёнага колеру, ён быццам робіць акцэнт на тым , што тэхніка тут адметная, высокаэфектыўная. Айчынная сеялка АПП-6 таксама не падвозіць, плаўна рухаецца ў тандэме з вялікім “жалезным канём”. Каб маглі пабачыць нашы прашчуры, як паспрыяла сяўбе навука, дык і дзівіліся б, і радаваліся б за нас.
А за штурвалам Джон Дзіра – вопытны механізатар Віктар Каваленя (на здымку). Як здольны мастак, па-майстэрску змяняе ён малюнак поля, яно дыхае пад яго чуйнымі рукамі, рыхтуецца аддаць жыватворныя сокі і сілу зярняткам. Колькі разоў даводзілася нам з гэтым трактарыстам сустракацца за гады яго і маёй працы! Гэта яго ўжо шэсцьдзесят другая сяўба, сціпла адзначыў немнагаслоўны чалавек. З 1984 года сее ён азімыя і яравыя збожжавыя. Пачынаў свой шлях чалавек бязвусым юнаком, а зараз сапраўдны “ас” сваёй справы, на якога раўняюцца маладыя. Таму і давяраюць яму такую адказную работу, бо ведаюць, што механізатар засее поле так, што можна потым любавацца і дружнымі зялёнымі пасевамі, і залатымі хвалямі калосся пад гарэзлівым ветрыкам. Той, хто аднойчы пабачыў такую прыгажосць, захавае яе ў душы як каштоўнасць, бо гэта – надзённы хлеб і дарагая наша радзіма, адвечныя яе сімвалы.
Адметнасцю гэтай гаспадаркі з’яўляецца тое, што кіраўнік тут жанчына. Мне неаднаразова даводзілася бачыць, як гутарыць дырэктар СВП “АграМір” Ніна Лазавіцкая з людзьмі. Гэта сапраўдны прафесіянал, аграрый па прызванні і проста сціплая, душэўная, добрая жанчына. Відаць таму і рэйтынг яе высокі – за ўвесь час яе работы на Бераставіччыне мне давялося чуць пра яе толькі станоўчае. А гэта “дарагога варта”. З кім бы я ні гутарыла, з механізатарам, вадзіцелем, аператарам машыннага даення і многімі іншымі, людзі шчыра радуюцца, што ім так пашанцавала з кіраўніком. Ніна Уладзіміраўна разумее патрэбы людзей, стараецца, каб гаспадарка багацела з кожным годам,а яе працаўнікі ўпэўнена глядзелі ў заўтрашні дзень.
Сялянская праца адна з самых цяжкіх і пачэсных на зямлі. Так было спрадвеку, так застаецца і зараз, нягледзячы нават на здабыткі прагрэсу і новыя інтэнсіўныя тэхналогіі вытворчасці. Няхай аддзячвае вам за клопат залатое поле, папаўняюцца малочныя рэкі, шаноўныя землякі!
Ніна Наддэ, фота аўтара