Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – адна з найбольш масавых маладзёжных арганізацый краіны. Яе структурныя падраздзяленні створаны практычна ва ўсіх арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах рэспублікі, шырока ахопліваюць сваёй дзейнасцю беларускіх юнакоў і дзяўчат.
Бераставіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” па стану на 1 чэрвеня 2012 года налічвае 1176 маладых людзей, аб’яднаных у 49 пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”.
За дзейнасцю кожнай “пярвічкі” абавязкова стаяць яе лідары – актыўныя, ініцыятыўныя, неабыякавыя, здольныя павесці моладзь за сабой.
Менавіта на іх абапіраецца ў сваёй рабоце раённы камітэт БРСМ, дзякуючы ім і рэалізуюцца шматлікія праекты маладзёжнага саюза.
Зусім нядаўна выконваць абавязкі першага сакратара Бераставіцкага раённага камітэта БРСМ стала Ірына Крывапляс, і яна цяпер актыўна знаёміцца з лідарамі раённай арганізацыі. Такая сустрэча адбывалася якраз і ў той дзень, калі я наведала раённы камітэт. Ірына Аляксандраўна сустракалася з актывістамі пярвічных арганізацый, сярод якіх Юлія Галко і Таццяна Апанас (СВП “АграМір”), Дзяніс Болбат і Ягор Ігнатовіч (Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), Варвара Серабракова (Цэнтр карэкцыйна — развіваючага навучання і рэабілітацыі г.п.Вялікая Бераставіца), Вікторыя Данільчык і Наталля Ціунчык (Бераставіцкі філіял аблспажыўтаварыства) (на здымку).
2012 год – юбілейны для Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у верасні грамадскае аб’яднанне будзе адзначаць 10-годдзе з дня свайго ўтварэння. Арганізацыя рыхтуецца да святкавання свайго дня нараджэння, ужо зараз многія праекты і акцыі ідуць пад эгідай гэтай даты.
А пакуль што наперадзе – Дзень моладзі – “наша прафесійнае свята” – жартуюць маладыя людзі.
Што для вас маладосць? – пацікавілася я ў сваіх субяседнікаў. Вось што яны мне адказалі.
Варвара Серабракова, педагог — псіхолаг Цэнтра карэкцыйна — развіваючага навучання і рэабілітацыі г.п.Вялікая Бераставіца:
— Гэта час, калі ёсць імкненне да самарэалізацыі, многа планаў, ідэй, энтузіязму, час актыўнага ладу жыцця і цікавасці да ўсяго, што адбываецца вакол цябе.
Дзяніс Болбат, навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя:
— Лёгкі і бесклапотны перыяд у жыцці, пакуль што не абцяжараны асаблівымі праблемамі, абавязкамі і адказнасцю за іншых.
Таццяна Апанас, бухгалтар СВП “АграМір”:
— Цікавы час, напоўнены перспектывамі, надзеямі, адчуваецца падтрымка дзяржавы. Галоўнае цяпер — выбраць правільны шлях, мэту ў жыцці і настойліва ісці да яе дасягнення.
Дарэчы
Для тых, хто хоча адзначаць Дзень моладзі больш чым адзін раз у год, існуюць яшчэ дзве афіцыйныя даты гэтага свята:
— Міжнародны дзень моладзі, устаноўлены Генеральнай асамблеяй ААН, які адзначаецца 12 жніўня;
— Сусветны дзень моладзі, устаноўлены Сусветнай федэрацыяй дэмакратычнай моладзі, які адзначаецца 10 лістапада.
Ірына Міклаш