Гучныя чытанні і хіт-парады кніг на Бераставіччыне

Лента новостей

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага амаль кожны дзень адыходзячага тыдня быў напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі, накіраванымі на прапаганду сярод юных чытачоў твораў беларускай літаратуры, выхаванне любові да беларускай мовы і знаёмства з творчасцю вядомых беларускіх культурных дзеячоў.

У раённай бібліятэцы 11 верасня адбылася прэм’ера выставы сучаснай беларускай кнігі “Жыві, роднае слова!”. Хіт-парадам кніжных навінак “Вітаем цябе, беларуская кніга!” інфармацыйны тыдзень распачаўся ў філіяле “Дзіцячая бібліятэка”. Выставу-агляд “Беларуская кніга для ўсёй сям’і” наладзілі ў Кватарскай інтэграванай сельскай бібліятэцы. А супрацоўнікі Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі разам з юнымі чытачамі адправіліся ў гістарычна-паэтычную вандроўку пад назвай “Слаўны сын Беларусі”, прысвечаную жыццю і творчасці Францыска Скарыны.
У аўторак, 12 верасня, у Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы прайшло свята кнігі “Слава кніжцы беларускай”, у Канюхоўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы – літаратурны круіз “Пісьменнікі зямлі беларускай”, у дзіцячай бібліятэцы – гучныя чытанні “Мама, пачытай на роднай мове!”. Арт-гадзіна з прэзентацыяй “Калі слова стала артам: мастакі-ілюстратары твораў Купалы і Коласа” адбылася ў раённай бібліятэцы.
У сераду, 13 верасня, пачат­коўцы з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы разам з бібліятэкарам адправіліся ў падарожжа па старонках кнігі «Вялікая Бераставіца і ваколіцы». Падчас падарожжа дзеці даведаліся аб адметных гістарычных мясцінах нашага раёна. А ў філіяле «Старадварэцкая сельская бібліятэка» прайшла гадзіна літаратурнага партрэта «Я з вогненнай вёскі», дзе вучні даведаліся аб ветэранах, якія пражываюць ці пражывалі на тэрыторыіі аг. Ст.Дворац.
У чацвер,14 верасня, на літаратурную гадзіну “Асветнікі зямлі беларускай” у Пагранічную сельскую бібліятэку былі запрошаны вучні 7 класа. Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся шмат цікавага пра паходжанне беларускай мовы, пазнаёміліся са славутымі мясцінамі гарадоў-сталіц Дзён пісьменства і іх знакамітымі людзьмі. Напрыканцы сустрэчы адбылася інтэлектуальная гульня “Чытаем і гаворым па-беларуску”. Паэтычны марафон “Чытаем разам творы Купалы і Коласа” і Дзень адкрытых дзвярэй правялі ў раённай бібліятэцы. Дырэктар бібліятэкі пазнаёміла навучэнцаў першага курса Бераставіцкага сельскагаспадарчага ліцэя з матэрыяламі кніжна-ілюстрацыйнай кампазіцыі “Ёсць храм у кніг – БІБЛІЯТЭКА” (на здымку).
У суботу, 16 верасня, у Вялікіх Эйсмантах пройдзе Дзень беларускай кнігі “Скарб – у кнізе, кніга – скарб”, а ў Малой Бераставіцы – конкурс малюнкаў “Беларускіх кніг запаветныя старонкі”. Адбудуцца і іншыя мерапрыемствы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *