Адбылося чарговае пасяджэнне школы-вучобы дырэктараў, загадчыкаў і мастацкіх кіраўнікоў клубных устаноў раёна. Як выкарыстоўваюць яны ў сваёй дзейнасці такі эфектыўны сродак арганізацыі вольнага часу дзяцей, падлеткаў і моладзі як гульня, высвятляла вядучы метадыст Гродзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра Святлана Дуброўская, якая завітала на сустрэчу.
Святлана Міхайлаўна пазнаёміла прысутных з класіфікацыяй гульнявых праграм, з той роляй, якую яны іграюць у выхаванні падрастаючага пакалення, з тым, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць гэты сродак у клубнай рабоце.
Для арганізатараў клубнага адпачынку вельмі важна разумець спецыфіку гульнявой дзейнасці. Даследчыкамі ўстаноўлена, што пад уздзеяннем гульнявога вопыту складваецца найбольш спрыяльны тып зносін, які характарызуецца прастатой, добразычлівасцю, падатлівасцю, уменнем лічыцца з меркаваннямі іншых людзей. Змест гульні ўключае ў сябе пэўную, як правіла, цікавую інфармацыю, успрыманне і засваенне якой адбываецца на спрыяльным фоне павышанай эмацыянальнай і інтэлектуальнай актыўнасці. Кожны на ўласным вопыце ведае, наколькі лёгка і ў той жа час трывала запамінаюцца ўсякага роду незвычайныя факты, дасціпныя адказы і рашэнні задач, загадак, галаваломак, калі іх даводзіцца шукаць у напружанай абстаноўцы спаборніцтва. Акрамя таго, змест гульнявых заняткаў у клубе часта звязаны з мастацтвам і таму спрыяе мастацкаму развіццю іх удзельнікаў. А рашэнні, якія прымаюцца ў ходзе гульні, арыгінальныя, нечаканыя, эфектныя.
Гульнявыя заняткі маюць не толькі самастойнае існаванне, але і ўваходзяць у якасці арганічнага кампанента ў іншыя мерапрыемствы. Кожны раз, калі пры падрыхтоўцы тэатралізаванага вечара ставіцца задача актывізаваць аўдыторыю, уцягнуць яе ў дзеянне, гэта мерапрыемства прымае гульнявы характар і насычаецца імправізацыйна — творчымі элементамі. Што тычыцца ўяўленняў і дзействаў на адкрытым паветры, абрадавых урачыстасцей, гулянняў, то ўсе яны па сваёй сутнасці ёсць не што іншае, як тэатралізаваныя гульні.
Увазе ўдзельнікаў школы-вучобы быў прадэмастраваны відэаматэрыял з запісам найбольш удала падабраных сюжэтна-забаўляльных і пазнавальных гульнявых праграм, праведзеных ва ўстановах культуры Гродзеншчыны. А ў нашым раёне для абмеркавання культработнікаў былі прадстаўлены гульнявыя забаўляльныя праграмы аддзела па рабоце з моладдзю РДК “У лясным царстве”, Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці “Вандроўка ў краіну здароўя” і сюжэтна-гульнявой праграмы Пархімаўскага Дома культуры і вольнага часу “Кірмашовыя забавы”.
Выступілі таксама метадысты РМЦ НТ Яна Зорына і Марыя Юшкевіч. Адбыўся аналіз убачанага і абмен вопытам работы.
Такім чынам, арганіуючы разнастайныя гульні, установа культуры эфектыўна вырашае адну з найважнейшых задач: зрабіць адпачынак дзяцей і падлеткаў цікавым і карысным, даць ім эмацыянальную разрадку і разам з тым узбагаціць у культурным, маральным і эстэтычным напрамку.
Святлана Ганчарова