«Чула, што ў школе мастацтваў г.п. В.Бераставіца адкрыта група эстэтычнага развіцця. Што гэта за група? Хто можа яе наведваць?» (Жыхарка райцэнтра)
Адказвае дырэктар Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Алексяюк:
– Сапраўды, такая група дзейнічае ў нашай школе другі год запар. Паслуга гэта новая. Разлічана яна на першакласнікаў агульнаадукацыйнай школы і ўключае па аднаму ўроку музыкі і малявання на тыдзень. Група адкрыта па просьбах бацькоў з тым, каб дапамагчы дзеткам вызначыцца з іх творчымі здольнасцямі. За год наведвання заняткаў у групе эстэтычнага развіцця хтосьці выбірае сабе музыку ў якасці прыярытэтнага напрамку, хтосьці – выяўленчае мастацтва. Дарэчы, вучні другога і трэцяга класаў агульнаадукацыйнай школы маюць магчымасці наведваць падрыхтоўчыя групы на музычным аддзяленні (хор, сальфеджыо, музычны інструмент) і мастацкім (жывапіс, малюнак). Набор у іх працягваецца да 1 кастрычніка. Запрашаем!