Гродзенскі каваль Андрэй Цюменеў — рамантык молата і накавальні

Лента новостей

IMG_5032 1Напярэдадні майскіх святаў бераг бараставіцкага возера ўпрыгожылі яшчэ дзве скульптуры: «Дрэва шчасця» і «Лава яднання і прымірэння». Яны разам з “Дрэвам кахання і вернасці”, устаноўленым у канцы снежня мінулага года, ствараюць цэльную кампазіцыю, вытрыманую ў адной стылістыцы і выкананую ў адной тэхніцы мастацкага кавальства.

“Дрэва шчасця” зроблена па эскізе настаўніка мастацкага аддзялення Бераставіцкай школы мастацтваў Андрэя Втарушына. Дрэва вышынёй амаль тры метры, яго галіны пераплятаюцца ў кроне ў выглядзе сэрцаў, а зверху трымаюць два злучаныя заручальныя пярсцёнкі – агульнапрынятыя сімвалы сямейнага шчасця і кахання. «Лава яднання і прымірэння» ўключае падобныя матывы: лініі на яе спінцы ідуць так, што ўтвараюць два сэрцы – меншае перарастае ў большае. Казка-легенда пра знакамітага барона Мюнхгаўзена нанова ажыла ў скульптуры аленя ў парку, рогі ў выглядзе вішнёвых галінак упрыгожылі яго галаву. Аўтарам-выканаўцам усіх гэтых работ з’яўляецца гродзенскі каваль Андрэй Цюменеў.
— Да працы з металам, — кажа Андрэй, — мяне заахвоціў бацька, які ў савецкі час працаваў зваршчыкам, я яму часта дапамагаў.  Пазней мы адкрылі сваю справу па вытворчасці розных металічных вырабаў, дзе я таксама праводзіў шмат часу. І так я захацеў стаць кавалём, мастаком па метале, пайшоў у кузню да знакамітага майстра Юрася Круша, працаваў і вучыўся ў яго 8 гадоў, пасля чаго і вырашыў самастойна працягваць гэтую дзейнасць. Гэта самабытная мужчынская прафесія, якая бярэ свой пачатак у старажытнасці. Каваль працуе з незвычайным матэрыялам – металам, з якога, нягледзечы на яго брутальнасць, калі ўмець з ім абыходзіцца, можна зрабіць цікавыя і прыгожыя рэчы.
— А як ствараецца каваная рэч?
— Стварэнне любой рэчы пачынаецца з ідэі, калі яна буйная, то першапачаткова робіцца эскіз, які пазней пераносіцца ў метал. Часам проста з’яўляецца жаданне нешта выкаваць і пачынаеш гэта ўвасабляць у жыццё. Бывае, што падгледзіш некаторыя ідэі ў сваіх сяброў з Італіі, Германіі, Францыі, а сацыяльныя сеткі даюць выдатную магчымаць абмеркаваць прафесійныя пытанні і цяжкасці з калегамі з розных краін. Каб зрабіць добрую каваную рэч, як і ў любой справе, неабходна мець імпэт да працы.
— Вы зрабілі таксама некаторыя рэчы для аздаблення інтэр’ера Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы. Дзе яшчэ можна пабачыць Вашы работы?
— Дарэчы скажу, што мне вельмі спадабалася працаваць у Вялікай Бераставіцы. Увесь працэс быў добра арганізаваны і зладжаны, а сам пасёлак у кожны мой прыезд здзіўляў сваёй прыгажосцю, чысцінёй і ветлівымі людзьмі. Мае работы можна знайсці практычна ва ўсім свеце, шмат працую для аздаблення рэстаранаў, прыватных дамоў, некалькі гадоў працаваў у Германіі і Вялікабрытаніі. Штогод удзельнічаю ў шматлікіх фестывалях, як у Беларусі, так і за яе межамі. Улетку збіраемся зноў наведаць Віцебск падчас Славянскага базара.
— Ці з’яўляецеся Вы сябрам якой-небудзь мастацкай арганізацыі?
— Я з’яўляюся членам Саюза народных майстроў. Для таго, каб туды трапіць, неабходна здаць сваю работу, якая павінна адпавядаць высокім крытэрыям, пасля чаго спецыяльная камісія ўключае майстра ў склад саюза.
— У якіх выстаўках Вы прымалі ўдзел?
— На жаль, персанальных выставак пакуль не было, хоць і мелася шмат прапаноў па іх арганізацыі. Тым не менш, мае рэчы ёсць у гродзенскіх галереэях, такіх як “У Майстра”, у дворыку каля ўнівермага “Нёман”. Восенню мінулага года мае творы былі прадстаўлены на выстаўцы “Умный металл”, якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і дзе былі сабраныя лепшыя работы майстроў з усёй краіны, у тым ліку і знакамітага мастака-канцэптуаліста Уладзіміра Цэслера.
Нагадаем, што фінансаванне стварэння скульптурнай кампазіцыі ажыццяўлялася за кошт сродкаў, заробленых на суботніку, і пры ідэйнай падтрымцы раённага кіраўніцтва. Плануецца і далей праводзіць такія акцыі, каб кожны жыхар Бераставіччыны змог унесці свой уклад у добраўпарадкаванне і ўпрыгожванне новымі ўнікальнымі творамі мастацтва нашага пасёлка.
Гутарыла Анастасія Весялуха-Волкава
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *