Горкі лёс

Лента новостей

Аляксандр Пятровіч усё сваё свядомае жыццё быў прынцыповым чалавекам: ён глядзеў толькі  наперад, не заўважаў тых, хто крочыў побач – па службовай лесвіцы ці проста  па звычайнай дарозе. «Мне няма часу азірацца назад», — любіў паўтараць ён. Але аднойчы, ужо напрыканцы свайго жыцця, ён азірнуўся, паглядзеў уважліва па баках і … нікога  і нічога не ўбачыў. «Няўжо я так усіх абагнаў?», — падумаў Аляксандр Пятровіч.
Ён проста  не мог  уцяміць, што ўсё жыццё крочыў не ў той бок і што пражыў сваё жыццё ні для людзей, ні для сябе…

Такое не забываецца
Помню, у 60-я гады па нашай вёсцы хадзіў чалавек –ці то сталы мужчына, ці ўжо дзед… На яго ніхто асаблівай увагі не звяртаў. Нехта  дасць яму  паесці, нехта вады напіцца. Шкоды  ён ніякай нікому  не чыніў, курэй не краў, нічым асабліва не вызначаўся. Толькі  пры сустрэчы зазіраў многім вяскоўцам у вочы  і казаў: “Запомніце мяне, людзі!..” І гэтую фразу паўтараў шмат разоў. Так што некаторыя лічылі яго тым, хто страціў ужо свой чалавечы розум, а да такіх адносіны, вядома, простыя, — у сэнсе, ніякія…

Паспяховасць вядзе
 да адкрыцця
Аднойчы ў дзяцінстве я знайшоў  нейкую  зусім  незвычайную кветачку і вырашыў спытаць у свайго  настаўніка біялогіі Аркадзя Вітальевіча Хруцкага, што гэта такое. Ён насунуў на нос акуляры, уважліва і скрупулёзна разглядаў, а потым  пачаў бегаць па пакоі і крычаць: «Божа, вы ж знайшлі…»– і ён  вымавіў нейкую мудрагелістую назву, — нічым  іншым гэта быць не можа, яна, несумненна яна! Апошні раз гэтую кветку апісаў напрыканцы 19 стагоддзя адзін вучоны. Потым расліна  бясследна  знікла. Вы толькі  паглядзіце на будову лісця. Мы зараз  жа павінны  напісаць у навуковы біялагічны  часопіс – гэта будзе сенсацыя!»
Ён доўга мяне распытваў, дзе  я знайшоў  кветку, ці былі там  яшчэ такія ж, сквапна  нюхаў яе і пераносіў з месца на месца, потым паглядзеў на мяне  неяк са шкадаваннем і сказаў: «Вось бачыш! У школе  па батаніцы  ў цябе  было шмат троек. Можаш сабе ўявіць, што б ты знайшоў, калі б вучыўся  на «выдатна»!..
Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *