Сёлета спаўняецца 75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да святкавання гэтай знамянальнай даты ўжо пачалася актыўная падрыхтоўка. Вядзецца яна і супрацоўнікамі Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
На вясновых канікулах педагогі-арганізатары ЦТДіМ Наталля Пятруцый і Інеса Сайко арганізавалі і правялі на базе Малабераставіцкай сярэдняй школы майстар-клас “Мой падарунак ветэрану” для навучэнцаў устаноў адукацыі нашага раёна, у час якога дзеці ўласнымі рукамі вырабілі сімвалічны “Голуб міру”.
— Вельмі важна, каб дзеці ведалі, якую цану заплаціла наша Беларусь за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначыла педагог-арганізатар Інеса Сайко, — і як важна берагчы мір на ўсёй нашай планеце. Таму ў час майстар-класа мы не толькі развівалі творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак у дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і пагаварылі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб страшных выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларускага народа.
Голуб здаўна з’яўляецца сімвалам міру, і гэтыя белакрылыя птушкі, якія дзеці зрабілі з нашай дапамогай, таксама сімвалізуюць мірную палітыку, якую сёння праводзіць наша краіна, каб не дапусціць паўтарэння страшных ваенных падзей.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара