У раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Восіпа Кавалеўскага для навучэнцаў Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя была арганізавана інфармацыйная гадзіна – «2015 год – Год моладзі ў Беларусі». Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Рожка расказала ліцэістам аб асноўных напрамках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў краіне, засяродзіла ўвагу навучэнцаў на кніжна-інфармацыйнай выставе «Моладзь Беларусі – будучыня Радзімы» і пазнаёміла з выданнямі і матэрыяламі перыядычнага друку маладзёжнай тэматыкі.
“Экалагічны буквар”: тут вучаць берагчы прыроду
Экалагічны турнір пад назвай “Незвычайныя з’явы ў жывёльным і раслінным свеце” быў праведзены ў дзіцячай бібліятэцы для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Экалагічны буквар”. Хлопчыкам і дзяўчынкам была прапанавана латэрэя на веданне жывёльнага і расліннага свету. Загадчык дзіцячай бібліятэкі Аксана Кумпель у гульнявой форме пазнаёміла вучняў-пачаткоўцаў з цікавымі звесткамі пра асаблівасці паводзін раслін і жывёл перад зменамі надвор’я. Сустрэча прайшла цікава і займальна.
Прапаганда экалагічных ведаў сярод дзяцей і падлеткаў – адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці дзіцячай бібліятэкі на працягу апошніх гадоў. Аматарскае аб’яднанне “Экалагічны буквар” дзейнічае з 1996 года. Тут выхавана не адно пакаленне юных прыродазнаўцаў, якія пасябравалі з прыродай, навучыліся берагчы яе рэсурсы, авалодалі асновамі культуры ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
На ўроку інфармацыйнай культуры
У Пагранічнай сельскай бібліятэцы быў праведзены ўрок інфармацыйнай культуры пад назвай “Даведачная літаратура”. Бібліятэкары Надзея Кобрынец і Святлана Грыбанава пазнаёмілі вучняў 6 класа Пагранічнай гімназіі з правіламі карыстання бібліятэкай, расказалі аб функцыях даведачнай літаратуры і паказалі, як працаваць з падобнымі выданнямі. Юныя чытачы даведаліся аб асаблівасцях пошуку інфармацыі ў галіновых і ўніверсальных энцыклапедыях, моўных энцыклапедычных слоўніках, даведніках. У практычнай частцы ўрока інфармацыйнай культуры дзеці самастойна працавалі з артыкуламі даведачных выданняў, а потым “адправіліся” ў інтэрактыўнае “падарожжа” па электроннай “Вялікай дзіцячай энцыклапедыі”.
Святлана Ганчарова