У Год культуры на Бераставіччыне вялікая ўвага надаецца адраджэнню і захаванню народных абрадаў і традыцый. Адным з крокаў па папулярызацыі абрадавай фальклорнай спадчыны стала свята фальклору “Сёмуха”, якое адбылося ў мінулую нядзелю, 19 чэрвеня, у дзень Святой Троіцы па праваслаўнаму календару.
Сёмуха — адно з самых любімых у народзе святаў, бо менавіта ў гэты час наступае сапраўднае лета, з сонцам, з цяплом, з новымі спадзяваннямі, з зелянінай, з водарам свежага сена і недаспелага яшчэ жыта. У народнай традыцыі Троіца — гэта перш за ўсё свята зеляніны. У даўнія часы людзі ўпрыгожвалі сваі хаты і падворкі бярозавымі галінкамі, падлогу ў хаце засцілалі свежым аерам. Зеляніну таксама асвячалі ў храмах. Часта на Сёмуху спраўлялі вяселлі. А яшчэ дзяўчаты варажылі: плялі вянкі, “завівалі” іх на бярозах, спускалі па рацэ. Вадзілі карагоды, “куміліся” — цалаваліся, давалі абяцанне быць вернымі сяброўкамі.
Падчас свята фальклору работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Стары Дворац Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр і Алена Бутрыла з дапамогай юных удзельніц мясцовай аматарскай творчасці Надзеі Лазарчык і Кацярыны Калінкінай у тэатралізаванай форме пазнаёмілі жыхароў аграгарадка з элементамі абрада “Сёмуха”, са святочнымі павер’ямі і прыкметамі. Гучала шмат народных песень. Іх спявалі старадварэцкі фальклорны гурт “Вечарына”, асобныя выканаўцы Паліна Пучок, Вераніка Кавальчук, Дар’я Гудач і Алена Альховік са Старога Дворца, Ангеліна Сак і Кацярына Мармыш з Кватараў, народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і госці з Ваўкавыскага раёна – фальклорны калектыў “Згода” і сямейны ансамбль “Вясельнік” Вярэйкаўскага цэнтра культуры і адпачынку, а таксама ўдзельнікі аматарскай творчасці з Вярэек Елізавета Жук і Валерыя Талочка. Усіх уразіла выступленне юнага акардэаніста Алеся Талочкі. А загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Вялікія Эйсманты Рыта Каспшак прапанавала мясцовым жыхарам, якія прыйшлі на свята, паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах.
У самых маленькіх жыхароў аграгарадка папулярнасцю карысталіся горка і батут Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама салодкая вата. На свяце можна было набыць прыгожыя дэкаратыўныя вырабы работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Мерапрыемства паказала, што ў мясцовага насельніцтва жыве цікавасць да народнай фальклорнай спадчыны. Арганізатары ж свята ўдзячны кіраўніцтву аграфірмы “Стары Дворац” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Святлана Ганчарова