Двайны юбілей выпаў на гэты год у гісторыі Бераставіччыны. Спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Фелікса Ражанскага (1838-1913), беларускага паэта, мемуарыста, землямера, выдаўца “Мужыцкай праўды”, удзельніка рэвалюцыйнага руху 1863-1864 гг., і 165 гадоў з часу паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве.
У навуковай літаратуры паўстанне атрымала назву “польскага мяцежу”. Бо пачалося яно ў Варшаве 22 студзеня 1863 г. з абвяшчэння Маніфеста Часовага Народнага ўрада з заклікам да ўзброенай барацьбы супраць расійскага панавання. Шмат літаратуры прысвечана гэтым рэвалюцыйным падзеям. Адноўлены біяграфічныя звесткі аб удзельніках паўстання. Адным з першых герояў 1863 года на Бераставіччыне стаў каморнік (землямер) і паэт Фелікс Ражанскі. Трэба адзначыць, што ў сучаснай навуковай літаратуры (Энцыклапедыя гісторыя Беларусі, Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі) не вызначаны год і месца нараджэння Ф. Ражанскага.
Але гэтыя звесткі можна адшукаць у польскай даследчай літаратуры стогадовай даўніны. У Навуковай бібліятэцы імя Ежы Гедройца Беластоцкага ўніверсітэта захоўваецца рэдкая кніга на польскай мове, прысвечаная 50-гадоваму юбілею паўстання 1863 года. Яе аўтар, польскі даследчык Юзаф Бялыня Халадзецкі (1852-1935) апублікаваў “Дзённік паўстання студзеньскага да 50-годдзя з часу падзеі” (Львоў, 1913). У главе “Некалькі дробязей біяграфічных, якія датычацца ўдзельнікаў арганізацый і партызанскага руху 1863- 1864 гг.” аўтар змясціў каля 1500 біяграфій з заўвагай: “Запіскі біяграфічныя не датычацца ўдзельнікаў, якія палеглі падчас бітваў і знішчаны, іх жыццярыс павінен дасканала вывучацца…”. Прадметам вывучэння Ю. Бялыні Халадзецкага сталі ўдзельнікі паўстання 1863 г., якія дажылі да канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Адзін з іх — Фелікс Ражанскі — шляхецкага паходжання гербу Порай (Ружа). Нарадзіўся ў 1838 г. у Бераставіцы Гродзенскага павета (цяпер Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.). Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай прыхадской школе (настаўнік Мацвей Гірэнь), потым вучыўся ў Беластоцкай гімназіі. Служыў як афіцэр Ваўкавыскага і Бельскага аддзелаў межавых спраў. Быў землямерам, займаўся вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў Ваўкавыскага і Бельскага паветаў, рабіў здымкі мясцовасці.
У Літоўскім Дзяржаўным гістарычным архіве захоўваецца карэспандэнцыя Каліноўскіх (1905). У лісце Казіміры Багушэвіч, сястры Кастуся Каліноўскага, паведамляецца пра Фелікса Ражанскага з Вялікай Бераставіцы. Ён быў каморнікам, кіраваў у пачатку 1860-х гг. хатняй маёмасцю графа Касакоўскага (1795-1872). Першыя сустрэчы Ражанскага з К. Каліноўскім маглі адбыцца ў 1861 г. у Беластоку, дзе праходзіў службу Ф. Ражанскі. Беласток стаў месцам выдання першых нумароў “Мужыцкай праўды” (ліпень — верасень 1862 г.), якую дапамагаў выдаваць К. Каліноўскаму Ражанскі. Ураджэнец Вялікай Бераставіцы ўвайшоў у склад Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, выконваючы ідеалагічную і агітацыйную справы: пісаў патрыятычныя вершы, песні, распаўсюджваў газету “Мужыцкая праўда”. Між іншым, у сваіх успамінах, надрукаваных у кнізе “Да саракавой гадавіны паўстання студзеньскага 1863 – 1903” (Львоў, 1903), Ф. Ражанскі ўпамінае сябе і К. Каліноўскага ў выданні “Мужыцкай праўды”, у яе распаўсюджванні сярод сялян Гродзенскай губерні. Яго сяброўства з Каліноўскім стала прадметам гонару ва ўспамінах 1903 г. Паплечнікі Ражанскага па Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі не ўзгадвалі яго імя падчас арыштаў і следстваў 1863-1864 гг. Быў ён сярод паўстанцаў як анёл-ахоўнік, меў псеўданім “ксёндз”.
Актыўна ўдзельнічаў Ф. Ражанскі і ў ваенных сутыкненнях 1863 г. у складзе паўстанцкага атрада В. Урублеўскага, які кіраваў Сакольскім, Беластоцкім, Бельскім паветамі. Ю. Бялыня Халадзецкі паведамляе пра 11 стычак 1863 г., у якіх удзельнічаў Фелікс Ражанскі, у тым ліку і пад Міхалінам (14 мая, Гродзенскі павет, зараз Бераставіцкі р-н).
Пасля паўстання эмігрыраваў у Кракаў, дзе ажаніўся. Выязджаў у Парыж і выдаў там кнігу на польскай мове “Аб свавольніцтвах люду сялянскага ў Польшчы” (1863 г.). У кнізе ўказваў на слабыя бакі студзеньскага маніфеста, абвешчанага ў Варшаве, узгадваў рэвалюцыйныя падзеі 1863 г. У 1890-х гг. арэндаваў маёнткі ў Галіцыі (Заходняя Украіна), дзе і пражываў да канца жыцця. Паэтычную спадчыну Ф. Ражанскага апублікаваў Ігнацій Арамовіч, настаўнік Беластоцкай гімназіі і ўдзельнік паўстання, у кнізе “Летуценні: дзённік аб руху партызанскім у ваяводстве Гродзенскім у 1863-1864 гг.”.
Андрэй Втарушын, настаўнік
Бераставіцкай ДШМ