Геральдычная спадчына Міхала Кулешы

Из истории земли Берестовицкой Культура

У Гродзенскім гістарычным архіве выяўлены невядомыя факты з жыцця беларускага мастака Міхала Кулешы (1799-1863), выдатнага майстра пейзажу і гістарычнай карціны. А са справы “Аб дастаўленні генерал-губернатару Паўночна-Заходняга краю ўзораў гербаў гарадоў Гродзенскай губерні” (1842) М.Кулеша паўстае як графік-геральдыст. 

Міхал Кулеша нарадзіўся 26 лістапада 1799 г. у Вільні ў незаможнай шляхецкай сям’і суддзі Лідскага павета Гродзенскай губерніі. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віленскім універсітэце (1821-1824), дзе вылучаўся настаўнікамі як найбольш здольны сярод студэнтаў жывапіснага факультэта. Міхал таксама займаўся скульптурай і гравюрай. Сярод вучняў класа скульптуры, якую выкладаў Казімір Ельскі ва ўніверсітэце, у 1819 годзе значыцца і Міхал Кулеша (R. Janoniene. Kazimieras Jelskis. 1782-1867. Vilnius. 2003). Між іншым, К. Ельскі — ураджэнец Вялікіх Эйсмантаў Бераставіцкага раёна. Сваю любоў да скульптуры яму з дзяцінства прывіў бацька Караль Ельскі, які аздабляў мясцовы касцёл Св. Яна Непамука ў 1781-1783 гг. У адрозненне ад Казіміра Ельскага вучань М. Кулеша не надта цікавіўся скульптурай і быў пераведзены ў клас гравюры, дзе меў значныя поспехі.
У 1826 годзе Кулеша здзейсніў этнаграфічныя вандроўкі па ўкраінскім Палессі, працаваў у Пінскім павеце, малюючы побыт і культуру палешукоў. З 1837 па 1844 гады мастак жыў у Гродне, дзе працаваў настаўнікам малявання ў Губернскай гімназіі па вуліцы Дамініканскай (зараз вуліца Савецкая). У кастрычніку 1838 г. Гродзенскае губернскае праўленне заключыла дамову з настаўнікам М. Кулешай аб выкананні малюнкаў гербаў гарадоў губерні. Гэта павятовыя гарады: Брэст, Гродна, Кобрын, Навагрудак, Слонім, Ліда, Пружаны, Ваўкавыск, якім дазвалялася мець новы герб і магістрат пасля далучэння да Расійскай імперыі (1795). Па дамове мастаку выплацілі 80 рублёў асігнацыямі. Яго малюнкі былі перададзены ў статыстычнае аддзяленне Міністэрства ўнутраных спраў “на вышэйшае зацвярджэнне”. Далейшы лёс малюнкаў невядомы. Магчыма, яны былі перададзены ў Дэпартамент герольдыкі Расійскай імперыі.
Трэба адзначыць, што Міхал Кулеша выпраўляў працу губернскага каморніка Панюрыка, які выканаў малюнкі гербаў няякасна. Аб гэтым сведчыць запіс у пратаколе №17 Гродзенскага губернскага Праўлення за 1842 год. З рэзалюцыі Гродзенскага губернскага праўлення ад 9 чэрвеня 1842 г. вынікае, што настаўнік Кулеша зноў выконваў копіі праектаў гербаў гарадоў губерні для статыстычнага аддзялення МУС г. Гродна. Бо раней выкананыя праекты 7 кастрычніка 1838 г. на аддзяленні адсутнічаюць. Каляровыя малюнкі гербаў вылучаліся дакладным выкананнем. Асабліва выдзяляліся малюнкі фігур жывёльнага свету: зубра, ваўка, аленя, каня. Аб мастацкіх якасцях геральдычных малюнкаў Кулешы сведчаць яго гістарычныя карціны “Гетман” і “Атака гусар”, выкананых гуашшу ў 1840 г. (Літоўскі мастацкі музей. Вільна). Мастаку знаёмы як ваенны касцюм часоў ВКЛ, так і знешнія асаблівасці коней – іх рухомасць, прапорцыі, мускулы.
6 красавіка 1845 г. новыя гербы гарадоў Гродзенскай губерні былі зацверджаны імператарам Мікалаем І. Мастак Міхал Кулеша ў тым жа годзе быў накіраваны ў Беласток выкладаць маляванне ў жаночай гімназіі. Там ён атрымаў вядомасць як пейзажыст, які захапляўся архітэктурай Гродна, Камянец-Падольска, Мерачоўшчыны, руінамі замкаў ў Лідзе, Крэве, Троках і Луцку (Украіна). Серыя гарадскіх пейзажаў М. Кулешы была выдадзена ў альбомах Ю.Вільчынскага ў Вільні і Лемерсье ў Парыжы (1850). Памёр мастак у Беластоку 6 лістапада 1863 г.
Андрэй Втарушын,
настаўнік Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *