Гатунак “экстра” – гарантыя якасці

Лента новостей Сельское хозяйство

Выраз “малако гатунку “экстра” фігураваць на старонках газет пачаў адносна нядаўна. І калі для людзей, занятых у сельскай гаспадарцы, ён можа сказаць пра многае, то для нас з вамі, звычайных “спажыўцоў” інфармацыі, наўрад ці.
Таму, адказаць на шэраг маіх пытанняў і расказаць, як наладжана работа на адным з аб’ектаў РУСП “Масаляны”, пагадзіўся галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Жураўскі.
— На малочнатаварным комплексе “Масаляны на 800 галоў” утрымліваецца 821 галава дойнага статка, — адзначае Сяргей Валянцінавіч. — І ўсё малако, якое атрымліваюць на дадзеным аб’екце, сельгаспрадпрыемства рэалізуе на перапрацоўчае прадпрыемства – ААТ “Малочны Мір” – вышэйшым гатункам і гатункам “экстра”, дзе на долю апошняга за 11 месяцаў прыйшлося 44,2 працэнты.
На думку майго суразмоўцы, нічога сакрэтнага ў гэтай справе няма і для таго, каб атрымаць малако высокай якасці, сельгаспрадпрыемству неабходна назапасіць добрую кармавую базу, затым прытрымлівацца тэхналогіі вытворчасці, ну і, канешне, своечасова вырашаць кадравыя пытанні, іншымі словамі, не дапускаць “цякучкі” кадраў, заахвочваць сваіх працаўнікоў.
Кармоў у сельгаспрадпрыемстве дастаткова, ды і, здаецца, з апошнім пунктам праблем узнікнуць не павінна, бо сёння кожны работнік ведае: ад яго працы залежыць не толькі якасць прадукту, але і заробак. Глядзіце самі: на малако гатунку “экстра” закупачныя цэны значна большыя, чым на малако вышэйшага гатунку. З гэтага вынікае і адпаведны рост выручкі ад яго рэалізацыі, што для кожнага сельгаспрадпрыемства безумоўны плюс.
Увогуле, увесь дойны статак на МТК “Масаляны на 800 галоў” падзелены па фізія­лагічнаму стану жывёл на групы, дзе для кожнай распрацаваны свой рацыён. З мэтай аператыўнага кантролю якасці малака на комплексе лабарантам ажыц­цяўляецца што­­дзённае даследаванне сыравіны на выяўленне непажаданых “сюр­прызаў” у выглядзе павышанага ўтрымання саматычных клетак ці антыбіётыкаў. Аналагічнае даследаванне проб малака кожныя дзесяць дзён праводзяць і спецыялісты з ААТ “Малочны Мір”.
Трэба адзначыць, што са з’яў­леннем на малочнатаварным комплексе трэцяга халадзільніка, вырашылася яшчэ адна цяжкасць. Цяпер атрыманы прадукт, падчас кожнай дойкі кароў, а іх усяго тры, паступае ў асобны халадзільнік, што дазваляе пазбегнуць змешвання цёплага малака з халодным. Зразумела, што ў асноўны паток не паступае малако і ад хворых жывёл. Яно, па словах Сяргея Валянцінавіча, пасля стэрылізацыі ідзе выключна на выпойванне маладняку.
Пасля заканчэння кожнай дойкі санітарнай апрацоўцы падвяргаюцца малочнае абсталяванне, даільныя ўстаноўкі, ёмістасці і іншае. Сочаць тут і за санітарным станам боксаў, два разы на дзень ажыццяўляецца падсцілка статка. Увогуле, кожную сераду на комплексе праводзіцца санітарны дзень. З мэтай своечасовага правядзення прафілактычных мерапрыемстваў ветурачом сельгаспрадпрыемства дойны статак абследуецца і на схаваныя мастыты.
— Сёння зразумела ўсім, што малочнатаварныя комплексы павінны працаваць эфектыўна і прыносіць аддачу. Як і ў кожнай справе, тут вельмі важныя дысцыпліна, адказнае стаўленне да вытворчага працэсу, — зазначае напрыканцы размовы мой суразмоўца. – У сваёй працы мы настроеныя толькі на станоўчы вынік, таму пры выяўленні нейкіх недахопаў  намагаемся па магчымасці аператыўна іх устараняць.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *