У канцы чэрвеня камісія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб’ехала гаспадаркі Бераставіччыны, каб правесці традыцыйную папярэднюю праверку гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў да жніва. Па словах загадчыка сектара механізацыі Віктара Боські, пахваліць за старанне можна калектывы СВК імя Варанецкага, “Малабераставіцкі элітгас”, РУСП “Масаляны”.
Напрыклад, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” — добрая забяспечанасць тэхнікай. Тут 13 збожжаўборачных камбайнаў – два “Лексіён – 580”, тры “Джон Дзір”, СF – 80, два “Ліда – 1600”, два КЗС — 10 і тры самыя новыя КЗС — 12 — 18. Іх стараюцца своечасова адрамантаваць, каб не падводзілі ў той напружаны час, калі кожная хвіліна дарагая.
Адлік стажу механізатара Уладзіміра Мароза пачаўся з 1978 года, а закончыў ён нашу мясцовую “кузню кадраў” – былое прафтэхвучылішча. Успамінае сваіх майстроў вытворчага навучання добрым словам. Яны далі яму пуцёўку ў самастойнае жыццё. Шмат сезонаў з той пары адпрацаваў ён на ўборцы. І зараз свой камбайн СF — 80 адрамантаваў загадзя. Расказвае, што рамонт не заўсёды бывае просты, усё магчымае робіцца на месцы, а калі нешта не ўдаецца, супрацоўнічаюць з заводамі. Я паглядзела, як даглядае свайго “жалезнага каня” гэты механізатар. У той дзень, калі я прыехала, увіхаўся Уладзімір Станіслававіч каля камбайна з інструментамі, яму хацелася яшчэ нешта палепшыць, умацаваць. Пра адпрацаваныя сезоны расказвае, што спачатку быў памочнікам камбайнера, затым старшым. Малаціў і адзін, але кажа, што гэта значна цяжэй, чым удваіх. Усё трэба трымаць у полі зроку – і палегласць, і каб не трапіўся камень, і сачыць за якасцю ўборкі.
Зусім мала часу засталося ўжо да ўборкі. Пажадаем нашым земляробам добрага надвор’я, багатага новага ўраджаю.
Ніна Наддэ, фота аўтара